Перайсці да зместу

Сцяг Латвіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 23:09, 27 мая 2024, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (clean up, Task 16: replaced (3×) / removed (0×) deprecated |dead-url= and |deadurl= with |url-status=; з дапамогай AWB)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Сцяг Латвійскай Рэспублікі
Зацверджаны 27 лютага 1990
Прапорцыя Маленькі чорна-белы вексілалагічны сімвал або піктаграма, якае паказвае розныя выкарыстанні сцяга 1:2

Сцяг Ла́твіі — палатно 1:2 з дзвюх гарызантальных кармінавых палос, якія пасярэдзіне раздзяляюцца тонкай белай палоскай, кожная з кармінавых палос пры гэтым удвая таўсцейшая за белую палоску.

Кармінавы колер сімвалізуе кроў пралітую за свабоду Латвіі. Своеасаблівы кармінава-чырвоны колер (код: «201 C»), вядомы ў свеце таксама як «латвійскі чырвоны» («Latvian Red»).

Белы колер сімвалізуе чысціню і справядлівасць.

У Лівонскай рыфмаванай хроніцы пад 1279 годам успамінаецца сцяг атрада ландвера (апалчэння) замка Ведэн (на тэрыторыі сучаснага горада Цэсіс) — чырвонае з белай паласой. Паводле хронікі, сто латгальскіх апалчэнцаў накіраваліся ў Рыгу як падмацаванне для адбіцця нападу іншага балцкага племені — земгалаў[1].

Паводле падання, асновай сцяга было белае палотнішча, на якім вынеслі з поля бою смяротна параненага правадыра латышскага племені. Воіны паднялі прамочанае крывёю з двух бакоў палотнішча як сцяг і пад ім перамаглі[2]. Дакладна такое ж паданне ёсць пра сцяг Аўстрыі.

У Дэрпцкім (Тартускім) універсітэце, на літаратурных вечарах у 1870-я гады, младалатышы вырашылі «абзавесціся» сваёй сімволікай. Удзельнік «вечароў», гісторык Яніс Грынбергс (паводле іншай версіі — студэнт Екабс Лаўтэнбах-Юсміньш) выявіў у Рыфмаванай хроніцы, дзе апісаны падзеі 1279 года, што ў аднаго з латгальскіх плямёнаў быў чырвоны сцяг, падзелены белай паласой. Апісання іншых латышскіх племянных сцягоў не былі знойдзены, таму ўдзельнікі «вечароў» прынялі чырвона-бела-чырвоны сцяг за свой сімвал. Аднак, настолькі ранняе выкарыстанне чырвона-бела-чырвонага сцягу вядомае толькі са ўспамінаў апублікаваных ў 1920-я гады[1].

Сцяг Латвіі

Чырвона-белыя колеры былі выкарыстаны на Першым латышскім свяце песень у 1873 годзе[1].

Першы дакладна вядомы чырвона-бела-чырвоны сцяг зрабіў у 2-й палове 1916 года педагог і журналіст Яні Лапіньш у неакупіраванай германскімі войскамі Валміеры. Гэты сцяг трохі адрозніваўся ад таго, якім карыстаюцца цяпер, захаваўся да нашых дзён. Выкарыстанне чырвона-бела-чырвонага сцягу пачасцілася пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі ён з'яўляўся на мітынгах, дзе ў той час дамінавалі чырвоныя сцягі[3]. Сцягі з чырвона-бела-чырвоным спалучэннем колераў упрыгожвалі І-ы Латгальскі з'езд 26-27 красавіка (паводле старога стылю) ў Рэзэкне[4].

У 1917 годзе мастакі стварылі некалькі эскізаў нацыянальнага сцяга з варыянтамі суадносін колераў 1:1:1 і 2:1:2, з якіх лепшымі былі прызнаны эскізы гісторыка мастацтва Ольгерта Гросвальда (1:1:1) і мастакоў Ансіса Цыруліса і Волдэмара Тоне (2:1:2). Ніводны з варыянтаў не выкарыстоўваў цёмна-чырвоны колер, за які яшчэ раней выступалі Лінард Лайцэн і Оскар Войтс[5].

Чырвона-бела-чырвоны сцяг стаў дзяржаўным сцягам Латвійскай Рэспублікі са дня яе заснавання 18 лістапада 1918 года, але канчатковы яго знешні выгляд быў зацверджаны 20 студзеня 1923 года[5].

Пасля анексіі Латвіі СССР у 1940 годзе, сцягам Латвійскай ССР было чырвонае палотнішча з выкананымі ў золаце скарочанай назвай рэспублікі (LPRS), выявай сярпа і молата і пяціканцовай зоркі[6], а ў 1953—1990 гадах — прамавугольнае палотнішча, якое складалася з пяці гарызантальных каляровых палос: верхняй паласы чырвонага колеру, якая займала дзве траціны шырыні сцяга, двух белых і двух сініх хвалістых палос, якія чаргуюцца паміж сабой і сімвалізуюць мора, яны займаюць адну траціну шырыні сцяга; у верхнім вугле чырвонай паласы палотнішча, каля дрэўка, на адлегласці адной пятай ад шырыні сцяга ад дрэўка выяўлены залатыя серп і молат і над імі чырвоная пяціканцовая зорка, акантаваная залатым беражком[7]. У савецкі час выраб і публічная дэманстрацыя чырвона-бела-чырвонага сцяга лічылася антыдзяржаўным злачынствам і адпаведна каралася[8].

29 верасня 1988 года быў прыняты ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Латвійскай СССР «Аб культурна-гістарычнай сімволіцы латышскага народа», які прызнаў чырвона-бела-чырвонае спалучэнне колераў нацыянальнай сімволікай і дазволіў яго выкарыстанне, сярод іншага, і ў якасці сцяга[9]. 15 лютага 1990 года Вярхоўны Савет Латвійскай ССР прыняў закон «Аб сцягу Латвійскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якім змяніў ранейшы сцяг рэспублікі на чырвона-бела-чырвоны[10]. Гістарычны сцяг захаваў статус дзяржаўнага і пасля аднаўлення незалежнасці Латвійскай Рэспублікі.

Зноскі

  1. а б в Latvijas sarkanbaltsarkanā karoga ġenēzes(недаступная спасылка). mfa.gov.lv. Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2012. Праверана 12 студзеня 2017.
  2. Национальные символы Латвии Архівавана 15 студзеня 2017.
  3. Pumpurinš, T.. Sarkanbaltsarkanās-Latvijas karoga krāsas (I). lvportal.lv. Праверана 12 студзеня 2017.
  4. Šilde, Ā. Latvijas vēsture 1914-1940. — Stokholm: Daugava, 1976. — С. 119-120.
  5. а б Pumpirinš, T.. Sarkanbaltsarknās - Latvijas karoga krāsas (II). lvportals.lv. Праверана 12 студзеня 2017.
  6. Паводле артыкула 117 (пазней 116) Канстытуцыі Латвійскай ССР
  7. Паводле артыкула 116 Канстытуцыі Латвійскай ССР, змененай ў лютым 1953 года
  8. Sprūde, V.. Būs “Karoga stāsti” (лат.)(недаступная спасылка) (2 лютага 2013). Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2016. Праверана 12 студзеня 2017.
  9. "Latvijas PSR Augstākās Padomes Prezidija Dekréts par latviešu tautas kultūrvēsturisko simboliku"(лат.). Cīṇa. 1989-09-30.
  10. "Latvijas Padomju Sociālistiskās Respublikas LUKUMS PAR LATVIJAS PADOMJU SOCIĀLISTISKĀS RESPUBLIKAS VALSTS KAROGU". Cīṇa. 1990-02-22.