Кармазінавы колер

Кармазінавы (#DC143C)

Кармазі́н, кармазі́навы колер (араб. араб. قرمزي‎‎ kirmizi, ад قِرْمِزkirmiz — кермес, кашаніль) — цёмна-чырвоны колер, барвовы.

Кармазінавы
HEX DC143C
RGB¹ (r, g, b) (220, 20, 60)
CMYK (c, m, y, k) (0, 100, 60, 0)
HSV² (h, s, v) (348°, 91%, 86%)
  1. Нармалізавана да [0—255]
  2. Нармалізавана да [0—100]
Станіслаў Антоні Шчука ў кармазінавым кунтушы. Невядомы мастак, каля 1735—1740. Зборы музея-палаца ў Вілянаве

Слова ўзыходзіць да санскрыцкага kr̥mi-jā — «з чарвяца здабытая» фарба, (параўн. літ.: kirmis «чарвяк»), арабскае qirmizī пазычылі цюркскія мовы (напр. крымскатат.: qırmızı «чырвоны») і раманскія: у сярэднявечнай лаціне cremesinus, у італьянскай carmisino. Адтуль яно і прыйшло ў іншыя еўрапейскія мовы, у тым ліку ў англійскую (crimson). У Вялікае Княства Літоўскае слова «кармазін» («тонкае сукно цёмна-чырвонага колеру») прыйшло разам з італьянскімі тканінамі. Францускае «carmin» мае тое ж паходжанне, што і «carmesin». У бальшыні кантэкстаў кармазінавы і кармінавы выступаюць як сінонімы[1].

Чырвоная фарба адпаведнага адцення выраблялася дубовага чарвяца з Міжземнамор’я, Паўднёвага Каўказа і Персіі[1].

Харугва паспалітага рушэння Слонімскага павета XVII ст., рэмантаваная ў 1747 годзе.

На пісьме слова фіксуюцца з XVI стагоддзя: «Жупан чырвоны адамашкавы, кармазыноваю бурнатнаю кітайкаю падшыты» (1582). Але, відавочна, яго ўжывалі і раней. Таксама ён быў сінонімам статусу і заможнасці, старую багатую арыстакратыю называлі кармазінавай шляхтай. Гэтае ж адценне чырвані выкарыстоўвалася і на зямельных харугвах[1].

У праграмным артыкуле «Пра нашу літаратурную мову» (Узвышша, № 2, 1927) Уладзімір Дубоўка, заклікаючы ўзбагачаць яе словамі з гаворак, старабеларускай мовы і прафесійных арго, як прыклад прыводзіць акурат каляронімы[1]:

" Прыгледзьцеся, падумайце, — колькі пашыраных слоў маем мы? — Чырвоны, сіні, жоўты, блакітны, зялёны, шэры, белы: восем колераў. У апошнія часы пайшлі ў ход: пурпуровы, ліловы, пунсовы, рэдка — ірдзелевы і кармазынавы. Да чаго гэта вядзе? А да таго, што ў вершах і неба сіняе і вочы сінія, і туга сіняя і журба сіняя і… нямаведама што яшчэ сіняе… Або яшчэ які колер. А вось адценняў і няма, у той час, калі ў народнай мове гэтыя адценні ёсць. "

У Насовіча, у С. Некрашэвіча і М. Байкова яшчэ «кармазыно́вы». Але літаратурная практыка, пачынаючы з 1920-х гадоў, аддала перавагу варыянту «кармазы́навы». Цяпер выкарыстоўваецца пераважна варыянт «кармазі́навы», хоць сустракаюцца і іншыя[1].

Кармазінавы колер выкарыстаны на стужцы Медаля за баявыя заслугі, заснаванага ў 2023 годзе Радай БНР[2].

Зноскі

Спасылкі

правіць