Геаграфія Беліза
Беліз размяшчаецца ў Цэнтральнай Амерыцы на паўвостраве Юкатан. Агульная плошча краіны складае каля 22,9 тыс. кв. км. На захадзе і поўначы мяжуе з Мексікай, на поўдні і паўднёвым захадзе — з Гватэмалай. З усходу Беліз абмываецца водамі Карыбскага мора. Агульная плошча краіны складае каля 22,9 тыс. кв. км. Колькасць насельніцтва — 282,5 тыс. чалавек (на 2004 г.).
Большую частку тэрыторыі краіны займае нізінная, месцамі забалочаная раўніна са мноствам азёр і лагун. Найбольш буйныя рэкі — Рыа-Онда і Беліз. На поўдні распасціраюцца горы Мая вышынёй да 1122 м (пік Вікторыя). Гэта самая малазаселеная частка Беліза. Уздоўж узбярэжжа, на адлегласці каля 30 км ад яго, цягнецца Белізскі Бар’ерны рыф.
Клімат Беліза — трапічны пасатны. Сярэдняя месячная тэмпература каля 26°. Паўночна-усходні пасат прыносіць шмат ападкаў. Колькасць іх павялічваецца з поўначы на поўдзень ад 1300 да 3500 мм у год. Сезон дажджоў доўжыцца з мая па ліпень. Ураганы з Карыбскага мора, якія суправаджаюцца ліўнямі і паводкамі, прыносяць краіне цяжкія бедствы.
Каля паловы тэрыторыі краіны пакрываюць вільготныя трапічныя лясы. На паўднёвым захадзе і поўначы Беліза значныя плошчы заняты лістападнымі шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел — шэсць акруг.