Антоні Альбрэхт Радзівіл

Анто́ні А́льбрэхт Вільге́льм Рафа́л Мікала́й Радзіві́л (польск.: Antoni Albrecht Wilhelm Radziwiłł; 30 кастрычніка 1885, Берлін18 снежня 1935, Варшава) — беларускі, расійскі і польскі ваенны, палітычны і грамадскі дзеяч з роду Радзівілаў, буйны землеўладальнік, адзін з лідараў «віленскіх кансерватараў», 16-ы нясвіжскі і 13-ы клецкі ардынат.

Альбрэхт Антоні Вільгельм Радзівіл
герб «Трубы»
герб «Трубы»
Сцяг16-ы Нясвіжскі ардынат
1914 — 1935
Папярэднік Юры Фрэдэрык Радзівіл
Пераемнік Леан Уладзіслаў Радзівіл
Нараджэнне 30 кастрычніка 1885(1885-10-30)[1][2]
Смерць 18 снежня 1935(1935-12-18)[1][2] (50 гадоў)
Месца пахавання
Род Радзівілы
Бацька Ежы Фрыдэрык Радзівіл[d][3]
Маці Марыя Разалія з Браніцкіх[d]
Жонка Дораці Паркер Дзікан
Дзеці Альжбета Радзівіл[4][3]
Веравызнанне каталіцызм
Адукацыя
Узнагароды
крыж камандорскі з зоркай Ордэна Святой Труны Гасподняй Іерусалімскай кавалер ордэна Адраджэння Польшчы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Дзяцінства і маладосць

правіць

Нарадзіўся 30 кастрычніка 1885 года ў Берліне ў сям’і Юрыя Фрыдэрыка Радзівіла (1860—1914), ардыната нясвіжскага і клецкага і Марыі Разаліі Радзівіл з Браніцкіх. З’яўляўся ўнукам Антонія Вільгельма Радзівіла, даводзіўся братам Каралю Мікалаю Радзівілу, ардынату Давыд-Гарадоцкаму, пляменнікам Станіславу Вільгельму Радзівілу.

У 1906 годзе скончыў Пажаскі корпус у Пецярбургу, дзе меў мянушку Аба. Пасля гэтага да дасягнення паўналецця займаўся пытаннямі спадчыны бацькі, які з-за цяжкай хваробы перадаў брату Станіславу частку сваіх палескіх уладанняў, у тым ліку Давыд-Гарадоцкую ардынацыю, а апеку над Нясвіжскай ардынацыяй ажыццяўляў слуцкі землеўладальнік Эдвард Вайніловіч[5]. Пасля смерці Юрыя Фрэдэрыка Альбрэхт Радзівіл стаў афіцыйным нясвіжскім і клецкім ардынатам, што пацвярджалася дамовай, падпісанай у Нясвіжы 12 верасня 1914 года[6].

Палітычная дзейнасць

правіць

Падчас Першай сусветнай вайны па рашэнні князя на тэрыторыі Нясвіжскага замка быў арганізаваны шпіталь на 100 чалавек, а праз год у радавым гняздзе Радзівілаў размясціўся штаб 2-й рускай арміі. Разам з іншымі памешчыкамі Альбрэхт Радзівіл сустракаўся з князем Мікалаем Мікалаевічам. У 1915 годзе арганізаваў у Нясвіжы з’езд Радзівілаў (прысутнічалі Фердынанд з Алыкі, Дамінік з Баліц і Станіслаў з Давыд-Гарадка), на якім было вырашана фінансаваць стварэнне польскіх вайсковых часцей у расійскай арміі. У 1917 годзе арганізаваў 1-ы польскі корпус Юзафа Доўбар-Мусніцкага, утрымліваў у Нясвіжскім замку шпіталь на сто ложкаў для польскіх салдатаў[7].

Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ездзіў разам з Раманам Скірмунтам у лістападзе 1918 года ў Берлін і Швейцарыю дзеля забеспячэння ёй падтрымкі на Захадзе[8].

18 лютага 1919 года, нягледзячы на цяжкую хваробу ног, Альбрэхт Радзівіл уступіў у Войска Польскае і ў складзе 12-га палка польскіх уланаў удзельнічаў у Польска-савецкай вайне ў званні падхарунжага. 2 кастрычніка таго ж года па прычыне дрэннага стану здароўя быў звольнены ў рэзерв як падпаручнік 10-га палка літоўскіх уланаў.

Пасля Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе страціў частку сваіх уладанняў, якія апынуліся па ўсходнім баку мяжы. Нягледзячы на гэта, князь Радзівіл усё яшчэ валодаў каля 80.000 га зямлі, у тым ліку 65.000 га лясоў. У тым жа годзе ахвяраваў 20 фальваркаў для пражывання асобам, прымусова выселеным з тэрыторыі Усходняй Беларусі[9].

У міжваеннай Польшчы стаў адным з лідараў «віленскіх кансерватараў» — манархічна-кансерватыўнай групоўкі, якая складалася з ліку землеўладальнікаў Заходняй Беларусі. З 1922 года фінансаваў віленскую газету «Slowo» («Слова»), дзе ў тым ліку публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Таксама стаў віцэ-прэзідэнтам Саюза абаронцаў «крэсаў усходніх».

 
З’езд «віленскіх кансерватараў» у Нясвіжскім палацы, 1926 год.

У сярэдзіне 1920-х гадоў Альбрэхт Радзівіл меў пэўныя фінансавыя цяжкасці, што прымусіла яго прадаць частку калекцыі зброі і рыштунку Нясвіжскага замка. З-за падатковых запазычанасцяў Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы канфіскавала ягоныя маёнткі Перакопаўшчына, Радзівілімонты і іншыя. Нягледзячы на гэта, князь дапамог землеўладальнікам, маёмасць якіх апынулася на савецкім баку і даў ім працу ў адміністрацыі Радзівілаўскіх землеўладанняў.

У 1926 годзе падчас аб’езда ўладанняў на князя быў здзейснены замах: будучы Герой Савецкага Саюза Кірыл Арлоўскі, які на той час з’яўляўся савецкім разведчыкам, збіраўся павесіць магната ў лесе за 10—12 км ад вёскі Дзяніскавічы і ўладкаваў засаду. Выратаваў Радзівіла кучар, які, убачыўшы партызан, паскорыў коней і здолеў уцячы[10].

26 кастрычніка 1926 года Нясвіжскі замак наведаў Юзаф Пілсудскі. Афіцыйна маршал прыехаў, каб ушанаваць памяць свайго былога ад’ютанта Станіслава Радзівіла, які загінуў пад Кіевам падчас польска-савецкай вайны. У палацы, дзе сабраліся 45 прадстаўнікоў заходнебеларускага дваранства, сярод якіх былі Аляксандр Мяйштовіч, Януш Радзівіл, Яўстафій Сапега, Станіслаў Ваньковіч і іншыя, Пілсудскі ўзняў тост за род Радзівілаў, каб той «заставаўся такім жа вечным, як старыя муры Нясвіжа». Прыезд польскага прэм’ера выклікаў сенсацыю ў тагачасным палітычным жыцці краіны, але сапраўднай мэтай меў згуртаванне кансерватыўна-дваранскіх колаў вакол санацыйнага ўраду пасля Майскага перавароту[7].

23 верасня 1929 года Альбрэхт Радзівіл прыняў у Нясвіжы польскага прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага, аўтамабіль якога сустракала ганаровая варта конных асаднікаў. У гонар прыезда Масціцкага было арганізавана вялікае паляванне з удзелам арыстакратыі і прадстаўнікоў улад.

Грамадская дзейнасць

правіць
 
Альбрэхт Радзівіл (сядзіць справа) на паляванні, 1925—1935 гады.

З’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці. Фінансава падтрымліваў школы, забяспечваў стыпендыяй маламаёмасных студэнтаў, фундаваў касцёлы і капліцы. У верасні 1935 года ў вёсцы Сверынава быў асвячоны касцёл, узведзены пры падтрымцы Альбрэхта Радзівіла. Князь прысутнічаў на асвячэнні і ахвяраваў прыходу абраз Маці Божай Троцкай XVII стагоддзя.

У міжваенны перыяд займаўся аднаўленнем Нясвіжскага замка, які быў разрабаваны падчас польска-савецкай вайны. Паводле аднаго з пунктаў Рыжскай мірнай дамовы, савецкі бок у 1922—1928 гадах вярнуў шэраг рарытэтаў, якія раней упрыгожвалі старажытную рэзідэнцыю. Сярод іх былі даўнія гарматы, архіўныя дакументы і частка карцін з княжацкай галерэі.

Акрамя афіцыйных прыёмаў, князь праводзіў у палацы свецкія балі і вечарыны з удзелам вядомых артыстаў. Так, у рэзідэнцыі бывалі актрыса Ядвіга Смасарска і «Хор Дана», эстрадны спявак Мечыслаў Фог. У 1930 годзе Радзівіл набыў у Варшаве дарагое чырвонае сукно, з якога былі пашыты фракі для госцяў. Таксама былі замоўлены парыкі ў стылі часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Святочныя балі ў палацы Радзівілаў завяршаліся ўрачыстай вячэрай, дзе падаваліся фазаны, курапаткі і іншыя вытанчаныя стравы[11].

Смерць і пахаванне

правіць

Альбрэхт Радзівіл памёр ад параліча 18 снежня 1935 года ў Варшаве, дзе ён валодаў невялікім палацыкам. Па загадзе міністра абароны Польшчы князь быў пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі ў радавой спачывальні. Паводле газеты «Дзённік крэсовы», у дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх людзей, якія прыехалі развітацца з Радзівілам. Перад жалобным картэжам салдаты 27-га Нясвіжскага ўланскага палка неслі вянкі ад былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, прэзідэнта Італіі і прадстаўнікоў іншых замежных дзяржаў. Згодна з успамінамі відавочцаў, калі жалобная цырымонія накіроўвалася ў касцёл, з замкавай вежы данесліся прыгожыя гукі паляўнічых ражкоў. Такім чынам з гаспадаром замка развітваліся яго верныя слугі-ляснічыя[11].

Асабістае жыццё

правіць

З’яўляўся прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі[12]. Размаўляў па-польску, але выдатна ведаў беларускую мову. Сваю нацыянальнасць вызначаў як «тутэйшы»[13].

У 1910 годзе князь Альбрэхт Радзівіл ажаніўся з брытанкай Дораці Паркер Дзікан (1892—1960), якая ў 1917 годзе нарадзіла яму дачку Эльжбету Марыю. У 1921 годзе бацькі дзяўчынкі развяліся, і княгіня засталася з маці ў Парыжы і час ад часу адведвала бацьку ў Нясвіжы, апошні раз — у 1935 годзе.

Малодшы брат Альбрэхта Леан Уладзіслаў Радзівіл ў 1935—1939 гадах быў апошнім ардынатам нясвіжскім і клецкім.

Узнагароды

правіць

Зноскі

правіць
  1. а б Lundy D. R. Prince Antoni Albrecht Radziwill // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Antoni Albrecht Wilhelm Radziwiłł // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. а б Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  4. Lundy D. R. The Peerage
  5. Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч : матэрыялы навук.-практ. канф., г. Нясвіж, 26 жніўня 2016 г. / Інстытут гісторыі НАН Беларусі ; рэдкал.: А.А. Каваленя (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Медысонт, 2016. — С. 40—57.
  6. Roszkowski, W. Radziwill Antoni Albrecht Wilhelm (1885—1935) / W. Roszkowski // Polski Slownik Biograficzny. — Krakow, 1987. — T. XXX. z.1 — S. 134—135.
  7. а б Wojciech Roszkowski, Lista największych właścicieli ziemskich w Polsce w 1922 r., w: Przegląd Historyczny, 1983, Tom 74 , Numer 2, s. 283
  8. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13)., с.218
  9. Radziwiłł Antoni Albrecht Wilhelm (польск.). Warszawa: Państwowe Wydawnictwo Naukowe. Праверана 14.09.2019.
  10. Ігар Казлоў.. Так начиналась легенда... (руск.)(недаступная спасылка). Беларуская думка № 7 2016 (30 кастрычніка 2016). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2021. Праверана 16.09.2019.
  11. а б Ігар Вячаслававіч Мельнікаў.. «Нясвіжская казка» Альбрэхта Радзівіла . Новы Час (1 снежня 2012). Праверана 14.09.2019.
  12. Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации = Library of the Radziwills of Nesvizh Ordynation : каталог изданий из фондов Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси : XV—XVI века / Нац. акад. наук Беларуси, Центр. науч. б-ка им. Якуба Коласа ; сост.: А. В. Стефанович, М. М. Лис ; ред. библиогр. записей О. М. Дрозд ; редкол.: Н. Ю. Берёзкина (гл. ред.) [и др.]. – Минск : Беларуская навука, 2010. – 175 с. : ил., с. 25
  13. Надзея Белахвосцік.. Радзивиллы – короли без короны (руск.). Камсамольская праўда (31 мая 2016). Праверана 16.09.2019.(недаступная спасылка)

Літаратура

правіць