Сьвіцязь
Возера
Сьвіцязь
лац. Śviciaź
Сьвіцязь | |||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Сьвіцязь — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Моўчадзі, на водападзеле басэйнаў Нёману і Шчары. Знаходзіцца на мяжы Наваградзкага і Карэліцкага раёнаў Гарадзенскай вобласьці, за 20 км на паўднёвы ўсход ад Наваградку, за 3 км на поўдзень ад гістарычнага мястэчка Валеўкі. Плошча паверхні возера 2,24 км². Даўжыня 1,7 км, найбольшая шырыня 1,6 км. Найбольшая глыбіня дасягае 15 м, сярэдняя складае 3,5 м. Аб′ём вады 7,84 млн м³.
Выкарыстоўваецца выняткова дзеля рэкрэацыі, на беразе возера месьціцца пансіянат «Сьвіцязь»[1]. Уваходзіць у склад Сьвіцязянскага заказьніку[2].
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гідронім «Сьвіцязь» супастаўляюць з германскім асабовым імем «Hviting», дзе «h» суадносіцца з балтыйска-славянскім «š/s»[3].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца на паўднёвым схіле Наваградзкага ўзвышша на вышыні 258 мэтраў над узроўнем мора. Вадазбор буйнаўзгорысты, пераважна складзены зь лёсападобных суглінкаў. Паходжаньне карставае, утварылася ў выніку прасадкі глебы ў падземныя пускі. Катлавіна суфазійнага тыпу, мае форму варонкі, слаба выцягнутая з поўначы на поўзень. Рэльеф дна роўны, доля глыбіняў большых за 10 мэтраў складае толькі 2% плошчы. Дно каля берагоў пясковае. Схілы катлавіны парасьлі лісьцевым, месцамі іглічным лесам, на поўдні і паўднёвым захадзе забалочаныя, тарфяністыя.
З возера выцякае рака Сваротва, прыток Моўчадзі. Практычна заўсёды ўзровень вады ў возеры аднолькавы.
Флёра і фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У возеры растуць лабэлія Дортмана і палушнік азёрны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сустракаюцца каўлінія гнуткая і рэдкі від прыбярэжнік аднакветкавы.
У возеры водзяцца платва, краснапёрка, карасі, шчупакі, пескары, акуні, але пераважаюць ліні. Перавага апошніх тлумачыцца іхнай здольнасьцю разводзіцца ва ўмовах асяродзьдзя з паніжанай рэакцыяй вады, што для іншых відаў рыбаў ёсьць фактарам стрымліваньня.
Легенда
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Народнае паданьне расказвае, што некалі даўно на месцы возера быў горад Сьвіцязь, дзе князяваў ці то князь Мірскі, ці то князь Тугай, хаўрусьнік вялікага князя Міндоўга, сталіца якога была ў Наваградку. У часе вайсковай кампаніі з рускімі (валынскімі) князямі хаўрусьнікі пацярпелі паразу і над горадам навісла небясьпека, дзе заставаліся адныя жанчыны і дзеці. Каб пазьбегнуць варожага зганьбаваньня, яны зьвярнуліся да багоў і іх голас быў пачуты — горад праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася прыгожае возера[3].
З душаў няскораных жанчын утварыліся прыгожыя кветкі-цары — легендарныя белыя вадзяныя кветкі, якія зацьвітаюць на возеры як вечны напамін пра тыя падзеі[4].
Паданьне кажа, што і дагэтуль на возеры можна пачуць стогны сьвіцязянак — мітычных насельніц возера, якія ўяўляюцца белатварамі дзяўчынамі з даўгімі распушчанымі валасамі. Злоўленая ў невад сьвіцязянка апавядала сумную гісторыю свайго гораду[5].
У літаратуры і мастацтве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сюжэт пра затоплены горад актыўна выкарыстоўваўся паэтамі—філяматамі ў XIX стагодзьдзі для сваіх балядаў. Першым, хто ў вершаванай форме апавёў мясцовы сюжэт стаў паэт Ян Чачот («Сьвіцязь»)[6], за ім — Адам Міцкевіч, а потым — і Тамаш Зан («Сьвіцязь-возера»)[6]. Лічыцца, што менавіта апошні распавёў Яну Чачоту, пачутае ў мясцовых жыхароў паданьне пра затоплены горад[6]. Усе яны назвалі свой балядавы варыянт распрацоўкі тэмы паводле аднайменнай назвы возера — «Сьвіцязь». Адам Міцкевіч працягнуў тэму чароўнага возера ў балядзе «Сьвіцязянка».
-
XIX ст.
-
1867 г.
-
1869 г.
-
1885 г.
-
Ю. Фалят, 1883—1884 гг.
-
К. Альхімовіч «Сьвіцязянка», 1898—1900 гг.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. С. 472.
- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. С. 471.
- ^ а б Свіцязь // Беларуская міфалогія: Энцыклапедыя. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап.. — Менск: Беларусь, 2006. — С. 459. — 599 с.
- ^ Кветкі-цары // Беларуская міфалогія: Энцыклапедыя. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап.. — Менск: Беларусь, 2006. — С. 245. — 599 с.
- ^ Свіцязянкі // Беларуская міфалогія: Энцыклапедыя. слоўн. / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выд., дап.. — Мн.: Беларусь, 2006. — С. 459. — 599 с.
- ^ а б в Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Менск: 1998. — С. 383. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 4: Недалька ― Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — 598 с.