Перайсьці да зьместу

Савецкія рэпрэсіі ў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Курапацкі лес — адно з найбольш вядомых месцаў пахаваньня ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі
Герб БССР, створаны за часамі Вялікага тэрору ў 1938 годзе
Сьцяг БССР, намаляваны Мікалаем Гусевым за часамі Сталіна

Саве́цкія рэпрэ́сіі або савецкі тэрор у Белару́сі — прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці (у тым ліку расстрэлы і высылка на спэцыяльныя пасяленьні за межы Беларускай ССР) савецкімі судовымі або пазасудовымі органамі за ўяўныя злачынствы супраць акупацыйных уладаў СССР (г. зв. «контррэвалюцыйныя», «дзяржаўныя злачынствы») паводле палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных ды іншых матываў; адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі (расейскага этнацыду беларусаў). Пачаліся ў 1917 годзе, сыстэматычны характар набылі ў 1930 годзе, найбольшы размах мелі ў 1937—1938 гадох, у асноўным спыніліся разам зь сьмерцю Сталіна ў 1953 годзе.

Вынікам савецкага тэрору, які жорстка перапыніў Беларускае нацыянальнае адраджэньне, стала практычна поўнае вынішчэньне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі (навукоўцаў, дзеячоў культуры і мастацтва[1]), беларускіх дзяржаўных і гаспадарчых кіраўнічых кадраў[2]. Дакладную колькасьць рэпрэсаваных, як і падрабязныя сьведчаньні савецкіх злачынстваў, высьветліць немагчыма з тае прычыны, што рэжым Лукашэнкі і ўлады Расеі закрылі доступ дасьледнікам у архівы КГБ[3]. Паводле прыкладнай ацэнкі, колькасьць рэпрэсаваных складае ад 600 тысячаў да 1,4 мільёна чалавек[4].

Зацемка ў Зьвяздзе (1921 г.) пра стварэньне савецкага канцэнтрацыйнага лягеру ў Менску

Рэпрэсіі пачаліся амаль зь першых месяцаў існаваньня савецкай дзяржавы. У 1917—1921 гадох рэпрэсавалі галоўным парадкам паводле стану або партыйнай прыналежнасьці. У Беларусі, дзе савецкая ўлада ўсталявалася пазьней, чым у Расеі, асноўнымі ахвярамі рэпрэсіяў сталі дзячы Беларускай Народнай Рэспублікі, праваслаўныя і каталіцкія сьвятары, сябры партыі беларускіх эсэраў. Пастановай ВЦИК ад 11 красавіка 1919 году ўва ўсіх губэрнскіх местах ствараліся канцэнтрацыйныя лягеры на 300 месцаў. У Менску такі лягер зладзілі ў жніўні 1920 году[5]. У 1921 годзе ў БССР рэпрэсавалі да 1500 «нацыяналістаў», у 1922 годзе на ўсход выслалі вядомых прафэсараў, колішніх эсэраў Н. Ярашэвіча, Сяргея Скандракова, А. Міцкевіча, В. Жывана, А. Савіча, Паўла Каравайчыка ды іншых[6].

Аднак сапраўды масавы характар рэпрэсіі набылі з прыходам да ўлады Сталіна. У 1930 годзе ў палітычнай лічбе цэнтральнага камітэту XVI зьезду Ўсерасейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) ён заявіў[7]:

Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаваньня — гэта неабходны элемэнт наступленьня…

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Репрессии в области социалистического строительства являются необходимым элементом наступления…

Неўзабаве ў БССР разам з шырока вядомым цяпер «Саюзам вызваленьня Беларусі» завялі дзясяткі іншых сфабрыкаваных справаў: «Беларуская народная грамада» (68 арыштаваных), «Партыя вызваленьня сялянаў» (110 арыштаваных), «Беларуска-літоўская сялянская партыя» (159 арыштаваных), «Контрарэвалюцыйная паўстанцкая і дывэрсійна-шпіёнская арганізацыя ў сыстэме Наркамзему БССР і Трактарацэнтру» (627 арыштаваных), «Аб’яднанае антысавецкае падпольле» (2570 арыштаваных) і г. д.

30 студзеня 1930 году Палітбюро Цэнтральнага камітэту ВКП(б) ухваліла «абсалютна тэрарыстычны дакумэнт»[8] — зусім таемную Пастанову аб захадах па ліквідаваньні кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі, што прадугледжвала:

  • адбор на карысьць калгасаў у 3—5% сялянскіх гаспадарак зь ліку найбагацейшых кулакоў сродкаў вытворчасьці, быдла, гаспадарчых пабудоваў, жытла, перапрацоўчых прадпрыемстваў, кармоў і насеньня;
  • перасяленьне кулакоў разам зь сем’ямі па-за межы калгасаў малымі пасёлкамі пад кіраўніцтвам адмысловых камітэтаў (тройка) і ўпаўнаважаных, прызначаных раённымі выканаўчымі камітэтамі;
  • зьняволеньне за 4 месяцы (люты-травень) сіламі Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўленьня (АДПУ) ў канцэнтрацыйныя лягеры 60 тыс. кулакоў разам зь сем’ямі, у тым ліку 4—5 тыс. зь Беларускай ССР;
  • высылку за 4 месяцы сіламі АДПУ ў неабжытыя акругі Паўночнага краю (70 тыс. сем’яў), Сібіры (50 тыс. сем’яў), Уралу (20—25 тыс. сем’яў) і Казахстану (20—25 тыс. сем’яў) 150 тыс. кулакоў разам зь сем’ямі, у тым ліку 6—7 тыс. з БССР, пры расьсяленьні малымі пасёлкамі пад кіраўніцтвам прызначаных камэндантаў;
  • забарону найму кулакоў на прамысловыя прадпрыемствы;
  • закрыцьцё цэркваў[9].

6 лютага 1930 году савецкія ўлады разаслалі сваім структурам у Беларусі адпаведную пастанову з ўпамінаньнем савецкіх канцэнтрацыйных лягераў[10]:

« Контр-рэвалюцыйны кулацкі актыў — павінен быць немедленна ліквідаваны шляхам заключэння ў конц. лагеры »

У 1930—1934 гадох у асноўным вынішчалася заможнае сялянства, гэтак званыя кулакі, або тыя, хто чыніў супраціў утварэньню калгасаў. У 1933—1934 гадох савецкія ўлады рэпрэсавалі практычна ўсіх сьвятароў як каталіцкай, так і праваслаўнай канфэсіяў, а таксама царкоўных актывістаў, зьвінавачаных у антысавецкай дзейнасьці. Апроч таго, тысячы жыхароў БССР, што працавалі ў сыстэме дзяржаўнага плянаваньня, жывёлагадоўлі, прамысловасьці і іншых галінах гаспадаркі, выраклі паводле справаў «шкодніцтва». У 1935—1936 гадох у аддаленыя мясцовасьці СССР выслалі больш за 20 тысячаў чалавек дзеля «ачысткі» мяжы БССР ад «патэнцыйных» ворагаў[5].

Найбольшы размах рэпрэсіі набылі ў 1937—1938 гадох (часы Вялікага тэрору), калі савецкія ўлады абвясьцілі многіх жыхароў Беларусі «контррэвалюцыйнымі элемэнтамі і шпіёнамі». У гэты ж час праводзілася масавая карная акцыя «з выкрыцьця» польскіх, нямецкіх і латыскіх «шпіёнаў», у выніку якой арыштавалі каля 23,5 тысячаў чалавек, больш як 21 тысячу зь якіх расстралялі. Рэпрэсіі 1938 году закранулі ўсе пласты грамадзтва, у тым ліку і саміх арганізатараў гэтых рэпрэсіяў: савецкія карныя органы арыштавалі 99 сакратароў райкамаў КП(б)Б з 101, больш за 50 старшыняў райвыканкамаў, сакратароў ЦК КП(б)Б. Усе гэтыя працэсы паўтараліся па далучэньні ў 1939 годзе Заходняй Беларусі[5].

На думку беларускага дасьледніка Леаніда Маракова, у 1930-я гады на Сталіна працавалі сакрэтныя інстытуты НКВД, якія пралічылі значны патэнцыял у геапалітычным становішчы Беларусі. Для таго, каб беларусы ніколі не атрымалі незалежнасьць ад Расеі, яны сыстэматычна вынішчалі інтэлектуальны генафонд нацыі. Як адзначае Леанід Маракоў: «Зьмянілася ўжо некалькі пакаленьняў, а нам усё ніяк не атрымоўваецца аднавіць згубленае. Усё таму, што мы — дзеці горшых, лепшых выразалі»[3].

З пачаткам нямецка-савецкай вайны савецкія ўлады ўчынілі масавыя расстрэлы палітычных зьняволеных, бо ня мелі часу і магчымасьці іх эвакуаваць. Тым часам вязьняў-крымінальнікаў савецкія ўлады перад прыходам немцаў проста адпускалі[11]. Прыпыненыя вайной, рэпрэсіі аднавіліся ў Заходняй Беларусі ў другой палове 1940-х гадоў у зьвязку з правядзеньнем татальнай калектывізацыі і працягваліся да 1953 году[5]. У 1947 годзе органы савецкай дзяржбясьпекі разграмілі Саюз беларускіх патрыётаў, якіх ашальмавалі як «фашыстаў» і жорстка пакаралі. Некаторых зь іх расстралялі, частка загінула на бальшавіцкай катарзе[12]. Паводле падлікаў дасьледнікаў, паміж 1945—1950 гадамі зь Беларусі ўглыб СССР дэпартавалі каля 1 мільёну маладых беларусаў[6].

Колькасьць ахвяраў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле падліку 1993 году Інфармацыйна-выліковага цэнтру Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у 1917—1953 гадох сталі каля 600 тысячаў жыхароў Беларускай ССР[13]. Паводле падліку 2008 году гісторыка Ігара Кузьняцова, ад рэпрэсіяў пацярпелі ня менш за 1 млн 400 тыс. жыхароў БССР[14]. У 1917—1953 гадох да найвышэйшай меры пакараньня (расстрэлу) савецкія ўлады выраклі 358 686 чалавек. Агулам з 1954 да пачатку 2000 году ў Беларусі рэабілітавалі больш за 200 тыс. ахвяраў палітычных рэпрэсіяў[13].

Паводле крымінальных справаў, якія на 2017 год знаходзіліся ў Цэнтральным архіве Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, за 1920—1950-я гады суды і пазасудовыя ўстановы («двойкі», «тройкі», асобыя нарады, калегіі) АДПУ, НКУС і Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі Беларускай ССР выраклі да расстрэлу і пазбаўленьня волі 235,5 тысячы чалавек у ходзе палітычных рэпрэсіяў. Пазьней суды апраўдалі 176 тысячаў зь іх (74,7%). Таксама ў архівах Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь было звыш 10 000 сьледчых справаў на людзей, асуджаных у Беларускай ССР у ходзе палітычных чыстак 1917—1929 гадоў. У сакавіку 1930 году зь земляў Беларускай ССР выслалі звыш 36 тыс. сялянскіх сем’яў, кожная зь якіх налічвала прынамсі 6 чалавек[15]. У выніку ў Сыбіры і за Палярным кругам у Комі АССР (Расейская СФСР) апынуліся больш за 250 тыс. «раскулачаных» сялянаў і чальцоў іх сем’яў. Паводле прафэсара Аляксандра Хацкевіча, з канца верасьня 1939-га да чэрвеня 1941 году каля 200 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі выслалі цягнікамі ў Архангельскую вобласьць, Сыбір (Расейская СФСР) і Казаскую ССР (цяпер Казахстан)[16].

Калі ўлічыць, што да Другой сусьветнай вайны ў БССР пражывала каля 5 млн чал., то атрымліваецца, што на яе тэрыторыі савецкія ўлады рэпрэсавалі кожнага дзясятага жыхара[17][18]. Прытым у 1930-я гады загубілі каля 90% беларускай інтэлігенцыі[19].

Месцы масавых расправаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ваньковічаў Лес у Менску. Забітыя бальшавікамі мірныя жыхары, 1919 г.

Паводле вывучаных на 2017 год крымінальных справаў у Цэнтральным архіве Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, у 1930—1940-я гады ў Беларускай ССР налічвалася 11 месцаў масавых незаконных расстрэлаў пад 11 наступнымі гарадамі: Бабруйск (Магілёўская вобласьць), Барысаў (Менская вобласьць), Віцебск (в. Дракольле, в. Мікалаева і Паляі), Ворша (Кабыляцкая гара, Віцебская вобласьць), Гомель (Шчакатоўскі лес), Ігумен (Менская вобл.), Магілёў, Мазыр (Гомельская вобласьць), Менск (Кальварыйскія могілкі, Курапаты, Лошыцкі яр, в. Масюкоўшчына, парк Чалюскінцаў), Полацак (Віцебская вобл.) і Слуцак (Менская вобл.)[15].

Койданаўскі тракт у Менску. Забітыя бальшавікамі мірныя жыхары, 1919 г.

Амэрыканка (турма)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Чорная ноч

Кальварыйскія могілкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Кальварыйскія могілкі
Асноўны артыкул: Курапаты
Асноўны артыкул: Лошыцкі яр
Асноўны артыкул: Масюкоўшчына (Менская вобласьць)
Асноўны артыкул: Парк Чалюскінцаў

Берасьцейская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вулька Гарадзішчанская

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Вулька Гарадзішчанская

Прыкладна ў ноч з 23 на 24 чэрвеня 1941 году за 2—3 кілямэтры ад вёскі Вулькі Гарадзішчанскай пад Пінскам, у лесе, супрацоўнікі НКУС зьвязалі паміж сабою калючым дротам 53 вязьні[a][20] зь Пінскай турмы і закапалі жыўцом[21][22]. 12 ліпеня 1941 году пры лекарах, мясцовых жыхарох і немцах прайшла эксгумацыя. 2 лістапада 1991 году тут паставілі памятны крыж.

Віцебская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Хайсы (урочышча)

У 1980-х гадох жыхар Лужасна выявіў масавыя пахаваньні побач зь вёскамі Дракольлем і Хайсамі Віцебскага раёну. Пазьней колькасьць выяўленых пахаваньняў узрасла да 40. 12 лістапада 2014 году пахаваньні агледзелі журналісты і выявілі паскробкі людзей з кулявымі адтулінамі ў чэрапах. Жыхары вёскі Хайсаў 1920—1930-х гадоў нараджэньня расказалі, што ў дзяцінстве чулі стрэлы зь лесу. Актывісты КХП-БНФ зьвярнуліся ў Віцебскую абласную пракуратуру з заявай аб правядзеньні праверкі паводле факту выяўленьня масавых пахаваньняў людзей зь сьлядамі гвалтоўнай сьмерці[23][24][25]. У 2018 годзе ва ўрочышчы Хайсах усталявалі памятныя шыльды ахвярам сталінскага тэрору[26].

Асноўны артыкул: Кабыляцкая гара
Асноўны артыкул: Паляі
Асноўны артыкул: Савецкія расправы ля Панізоўя [27]
Асноўны артыкул: Расправа ля Мікалаева

Апоўдні 26 чэрвеня 1941 году ля вёскі Мікалаева Шумілінскага раёну савецкія карнікі НКУС расстралялі да 2000 вязьняў Беразьвецкай турмы, сярод якіх пераважную колькасьць складалі палітычныя зьняволеныя і тыя, хто знаходзіўся пад сьледзтвам і ня быў асуджаны. Начальнік турмы «Беразьвечча» Прыёмышаў, які ўзначальваў канвой, адзначаў, што асабіста расстраляў каля 600 чалавек. Сакратар ЦК КП(б) Панцеляймон Панамарэнка, які вывучаў матэрыялы справы пра расстрэл беразьвецкіх вязьняў, назваў дзеяньні кіраўніка канвою слушнымі[28][29].

Гарадзенская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Расправа ў Ашмянскай турме

23 чэрвеня 1941 году ў Ашмянскай турме савецкія карнікі правялі сегрэгацыю зьняволеных паводле нацыянальнай прыкметы. У ноч на 24 чэрвеня людзей пачалі выводзіць з камэраў. У некаторых склалася ўражаньне, што іх хутка выпусьцяць. Зьняволеным заломлівалі рукі, затыкалі рты кляпамі, і вялі ў склеп. У склепе супрацоўнікі НКУС забівалі вязьняў стрэламі ў патыліцы. Агульная колькасьць ахвяраў расправы склала 57 чалавек. Сярод ахвяраў было некалькі польскіх настаўнікаў з Ашмянаў[30].

Гомельская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Шчакатоўскі лес

Менская вобласьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Барысаўскія батарэі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Барысаўскія батарэі

Паводле сьведчаньняў барысаўскіх актывістаў, у 2008 годзе прызначаныя рэжымам Лукашэнкі мясцовыя ўлады сьпілавалі крыжы на месцы савецкіх расправаў[31].

Асноўны артыкул: Расправа ў Вялейскай турме

Па нямецкай акупацыі Вялейкі ў 1941 годзе ў будынку на тэрыторыі турэмнага комплексу знайшлі сутарэньне, сьцены якога былі забрызганыя крывёю і пакрытыя кулявымі адтулінамі. Побач знайшлі дзьве ямы з чалавечымі парэшткамі. Паводле сьведак, там былі пахаваныя каля 300 чалавек[11].

Асноўны артыкул: Расстрэл вялейскай калёны вязьняў НКУС (1941)

Эвакуацыя турмы ў Вялейцы пачалася 24 чэрвеня 1941 году. Зьняволеных вывелі ў двор і падзялілі на дзьве калёны: палітычных і крымінальных зьняволеных. Першых было каля 2 тысячаў, другіх каля 600. Таксама з турмы вывелі каля 200 зьняволеных жанчын. Усіх арыштаваных павялі праз Плешчаніцы ў бок Барысава. Адну з групаў зьняволеных (каля 150 чалавек) супрацоўнікі НКУС павялі ў кірунку вёскі Хаценчыцаў і неўзабаве ўсіх расстралялі ў лесе.

Празь некалькі дзён родныя і блізкія тых, хто знаходзіўся ў зьняволеньні ў Вялейскай турме пайшлі сьлядамі калёны і выявілі парэшткі расстраляных людзей. Каля 30 зьняволеных зь зьвязанымі рукамі былі выяўленыя каля вёскі Сосенкі, мноства трупаў знайшлі ля вёсак Касуты і Малмыгаў.

Падчас руху жаночай калёны канваіры дабівалі штыкамі жанчын, якія зьнясілелі. Неўзабаве супрацоўнікам НКУС, якія суправаджалі калёну, стала вядома, што дарога перарэзаная нямецкімі войскамі. Калёну вярнулі ў Вялейку[11].

Асноўны артыкул: Расстрэл менскай калёны вязьняў НКУС (1941)

Падчас этапу калёны вязьняў НКУС зь Менску канвой расстраляў каля чатырох тысячаў чалавек. Расстрэльваць людзей НКУСаўцы пачалі яшчэ ў прыгарадзе Менску[11].

Асноўны артыкул: Расправа ля Тарасава

У Валожынскай турме ў ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 году былі вызваленыя крымінальнікі. Астатніх зьняволеных празь Пяршаі і Ракаў павялі на Менск. У мястэчку Тарасаве зьняволеных завялі ў лес і пачалі расстрэльваць. Зьбегчы атрымалася адзінкам[11].

Урочышчы Цагельня і Высокі Стан

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўныя артыкулы: Урочышча Цагельня і Урочышча Высокі Стан

26 чэрвеня 1941 году ва ўрочышчах Цагельні і Высокім Стане пад Ігуменам былі расстраляныя вязьні Чэрвеньскай перасыльнай турмы. Агулам расстралялі больш за тысячу чалавек. Сярод вязьняў, апроч беларусаў, былі палякі і летувісы з далучаных да СССР у 1939—1940 гадох земляў[11][32].

Ад рэпрэсіяў 1930-х гадоў пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 сябраў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 асьпірантаў, якія былі ў 1934 годзе, засталося толькі шасьць чалавек. Дасьледаваньні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся[33].

У «Чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКУС расстраляў больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі, сярод якіх тры рэктары Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту: Аляксей Кучынскі, Язэп Каранеўскі і Анані Дзякаў. Гэтае злачынства ўчынілі напярэдадні шаснаццатай гадавіны ад пачатку працы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[34].

Асноўныя артыкулы: Ліцьвінства і Летувізацыя

У 1930-я гады савецкія ўлады фізычна і духоўна зьнішчылі 32 менскія гісторыкі, іх працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасьцю зьніштожаная беларуская гістарычная школа[35]. Прытым па арышце ў 1930 годзе Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага ды іншых дасьледнікаў сталінская прапаганда абрынулася на іх з крытыкай беларускага погляду на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага: «Гаворачы аб жмудзінах, Лёсік, як і ўсе іншыя нацдэмы, скардзіцца, што беларускім дабром карыстаюцца чужынцы. Ён піша: „Калі цяпер жмудзіны называюць сябе літоўцамі, то гэта справа іх густу, але калі яны прэтэндуюць на даўнейшую літоўска-рускую гісторыю, калі яны выступаюць з чужым скарбам, каб выкарыстаць яго для мэт цяперашняга часу, то тут ужо справа іншага гатунку. Гэта ўжо — карыстаньне дабром таго народу, каторы ня мог бараніць сваёй маёмасьці“. Ніжэй мы ўбачым, што беларускія нацдэмы такія-ж абвінавачаньні ўзводзяць і на „маскоўцаў“ і інш. Але нацдэм Ластоўскі і іншыя, знаходзячыся ў Літве, не адважыліся так адкрыта гаварыць аб літоўцах, як гэта рабіў Лёсік у БССР»[36].

Асноўныя артыкулы: Рэформа беларускага правапісу 1933 году і Наркамаўка

Гісторык мовазнаўства Сяргей Запрудзкі піша, што «…Звальненьні з пасад, траўля і пазбаўленьне працы яшчэ не былі для беларускіх мовазнаўцаў на пераломе 1920–1930-х гадоў самымі неспрыяльнымі выклікамі. У 1930 годзе адбыўся сапраўдны крах беларускай лінгвістыкі». У гэтым годзе савецкія ўлады арыштавалі шэраг знакавых беларускіх лінгвістаў і лексыкографаў Янку Бялькевіча, Уладзіслава Чаржынскага, Міколу Касьпяровіча, Максіма Гарэцкага, Міхайлу Грамыку, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Сьцяпана Некрашэвіча, Браніслава Эпімах-Шыпілу, Пятра Бузука і іншых[37].

У выніку рэпрэсіяў з шасьці сяброў Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі чацьвёра расстраляныя (Аркадзь Смоліч, Аляксандар Цьвікевіч, Сьцяпан Некрашэвіч, Антон Баліцкі), адзін знойдзены застрэленым (Усевалад Ігнатоўскі), адзін «памёр у турме» (Язэп Лёсік). З 26 сяброў камісіі па рэформе правапісу, адной з профільных для Канфэрэнцыі, 18 чалавек арыштаваныя, зь іх 15 расстраляныя або даведзеныя да сьмерці, 6 зьехалі на чужыну або засталіся там па зьняволеньні, бяз арышту дажылі ў Беларусі да сьмерці трое, невядомы лёс дваіх. Расстрэлу не пазьбегнуў і стваральнік першай кадыфікацыі беларускай мовы як дзяржаўнай Браніслаў Тарашкевіч. Як адзначае беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка: «Кажуць, што цяперашні стан нашае мовы наагул, яе афіцыйныя правапіс, граматыка й слоўнікавы склад у прыватнасьці — вынік нейкіх аб’ектыўных працэсаў. Вышэйпададзеная статыстыка ілюструе тыя аб’ектыўныя працэсы»[37].

У 1933 годзе беларускай мове пасьпешліва, без грамадзкага і навуковага абмеркаваньня, дэкрэтам навязалі бальшавіцкую рэформу, мэтай якой было «ліквідаваць штучны бар'ер паміж беларускай і расейскай мовамі», што напраўду азначала спыненьне разьвіцьця беларускай мовы, пазбаўленьне яе непаўторнага аблічча[38].

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады, савецкія ўлады рэпрэсавалі ня менш за 440—460 (80%), у тым ліку Алеся Дудара, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Андрэя Мрыя і мноства іншых вядомых аўтараў. Калі ўлічваць аўтараў, вымушаных зьехаць з радзімы, то пад рэпрэсіі падпалі ня менш за 500 (90%), чвэртка ўсёй колькасьці літаратараў (2000), рэпрэсаваных у СССР[39].

Паводле ўспамінаў беларускага празаіка Кузьмы Чорнага:

« У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 году мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камэру з пацукамі[40]. »

Кузьма Чорны

« У Беларусі асталося сем пісьменьнікаў беларускіх, а сябраў саюза пісьменьнікаў у Беларусі звыш сотні. Каб усе яны пакінулі пісаць сваю халтуру, а сталі будаўнікамі, краўцамі, кавал[ям]і, земляробамі або падвучыліся і сталі настаўнікамі, яны маглі б даць карысьць рэспубліцы. Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе імя і сьціраюць з нашага жыцьця беларускі характар[40]. »

Кузьма Чорны

Як падкрэсьлівае гісторык Сяргей Абламейка, пад рэпрэсіі трапіла практычна 100% складу Саюзу пісьменьнікаў БССР, да вайны дажыло ня больш за 20 чалавек. Вынікам такога антыбеларускага тэрору стала тое, што жыхары Менску літаральна баяліся вымавіць слова па-беларуску[6]. Тым часам, паводле падлікаў Леаніда Маракова, ва Ўкраіне колькасьць рэпрэсаваных літаратараў склала каля 35—40%, у Расеі — ня больш за 15%[3].

Агулам пад рэпрэсіі трапіла 1520 пэрсаналіяў, зь іх каля 500 лекараў, больш за 200 мэдычных сясьцёр, блізу 600 вэтэрынарных працаўнікоў, некалькі соцень іх сваякоў і тых, хто праходзіў зь імі паводле адной супольнай справы[41].

Нацыянальны склад рэпрэсаваных: беларусы — 738, палякі — 331, габрэі — 203, расейцы — 168, украінцы — 25, латышы — 18, летувісы — 13, немцы — 9, чэхі, эстонцы — па 2 чалавекі, грузіны, вугорцы, казахі, малдаване, татары, французы, чувашы — па адным, нявызначаныя — 4[41].

У 1930-х гадох адбыўся поўны заняпад сыстэмы мэдычнага абслугоўваньня насельніцтва БССР. На большасьць раённых лякарняў прыходзіўся толькі адзін лекар. Кожны трэці-чацьверты лекарскі ўчастак быў ня толькі бяз доктара, але і бяз фэльчара, нават без акушэркі. Арышты праходзілі з такой хуткасьцю, што трыста выпускнікоў Менскага і Віцебскага мэдычных інстытутаў штогод не пасьпявалі займаць парожнія месцы. Аднак іх рыхтавалі найперш для адмысловых лякарняў, клінік і санаторыяў, у якіх лекаваліся партыйныя бонзы і энкавэдысты[41].

Сельская гаспадарка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле розных крыніцаў, ад 4 да 15 % усяго беларускага сялянства савецкія ўлады зьмясьцілі ў папраўча-працоўныя лягеры, а іх сем'і выслалі за межы БССР. У выніку гэтых рэпрэсіяў у Беларусі ліквідавалі найбольш дзейнае, працавітае і прадпрымальнае сялянства[5].

16 студзеня 1989 году Вярхоўны Савет СССР ухваліў Указ аб рэабілітацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, у тым ліку ў Беларускай ССР. Гэтым Указам прадугледжвалася скасаваньне судзімасьці 12,5 млн нявінна асуджаных паводле пазасудовых рашэньняў троек НКУС з 1930-х да пачатку 1950-х гадоў. Пацярпелым ад рэпрэсіяў вызначалася матэрыяльная кампэнсацыя[42].

  1. ^ На думку Алексы Дуброўскі, від бялізны забітых даводзіць, што гэта былі польскія вайскоўцы
  1. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 133.
  2. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 17—18.
  3. ^ а б в Лашкевич К., Моряков Л. (21.10.2010) Как в БССР уничтожали врачей и избавлялись от больных (рас.). TUT.BYПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  4. ^ Дыпляматы ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій у Курапатах, ім перашкаджалі супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. ВІДЭА, Радыё Свабода, 29 кастрычніка 2021 г.
  5. ^ а б в г д Процька Т. Якія пласты беларускага народа найбольш пацярпелі ад камуністычнага тэрору? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 66—67.
  6. ^ а б в Сяргей Абламейка, Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса Акуніна, Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  7. ^ Сталин, И. В. Сочинения. Т. 12. С. 309.
  8. ^ Дзярновіч А. Рэпрэсіўнае заканадаўства БССР і РСФСР 1920—1960-х гадоў // Рэабілітацыя / Алег Дзярновіч. — Менск: Athenaeum, 2001. — Т. ІІІ. — С. 14—19. — 178 с. — (Архіў найноўшае гісторыі). — 2000 ас. — ISBN 985-6374-12-x
  9. ^ Пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) ад 30 студзеня 1930 г. аб захадах па ліквідаваньні кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі // Рэабілітацыя / Дзярновіч А.. — Менск: Athenaeum, 2001. — Т. ІІІ. — С. 62-69. — 178 с. — (Архіў найноўшае гісторыі). — 2000 ас. — ISBN 985-6374-12-x
  10. ^ Чапля Ч. Спецпоселенцы. Кто и почему 90 лет назад принудительно выселил из Беларуси ее элиту, TUT.BY, 5.03.2010 г.
  11. ^ а б в г д е Мельников И. Июнь 1941-го. БССР. Эвакуация тюрем (рас.), Историческая правда, 18.11.2016 г.
  12. ^ Ялугін Э. Што такое СБП? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 71.
  13. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 370.
  14. ^ Кузьняцоў І.. Рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі і сялянства ў 1930—1940 гады. Лекцыя 2 // Беларускі калегіюм, 15 верасьня 2008 г. Архіўная копія ад 21 студзеня 2017 г. Праверана 6 красавіка 2017 г.
  15. ^ а б Якубовіч П. Гісторыя павінна аб'ядноўваць // Зьвязда : газэта. — 28 лютага 2017. — № 40 (28404). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Равяка Р. Ігар Кузьняцоў: 600 тысяч ахвяраў — прыблізная лічба // Наша ніва : газэта. — 8 лютага 1999. — № 3 (124). — С. 6. — ISSN 1819-1614.
  17. ^ Рэабілітацыя: Зборнік дакументаў і нарматыўных актаў па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920—1980-х гадоў у Беларусі / Уклад. А. Дзярновіч. — Менск: Athenaeum, 2001. С. 17.
  18. ^ Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. — Менск: ВП «Экаперспектыва», 2000. С. 176.
  19. ^ Беларусізацыя, 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / Беларускі дзяржаўны універсітэт, Гістарычны факультэт, Кафедра сусветнай і айчыннай гісторыі, Археаграфічная камісія Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь; Пад агул. рэд. Р. Платонава і У. Коршука. — Менск: БДУ, 2001. С. 24.
  20. ^ Dubrowski A. Niewypłakane łzy // ECHA POLESIA. Nr. 3 (27), 2010. S. 64.
  21. ^ Рэпрэсаваны Пінск. З гісторыі 1939—1941 гадоў, Радыё Рацыя, 1 кастрычніка 2017 г.
  22. ^ У Пінску ўшанавалі памяць ахвяраў бальшавізму і нацызму, Радыё Рацыя, 2017 г.
  23. ^ Под Витебском обнаружено место массовых расстрелов, Хартыя’97  (рас.)
  24. ^ Место массовых расстрелов жертв сталинских репрессий обнаружили под Витебском, АНТ  (рас.)
  25. ^ Под Витебском обнаружено вероятное место массовых расстрелов жертв сталинских репрессий, Народныя навіны Віцебска  (рас.)
  26. ^ Жыхары Віцебска пад Радаўніцу навялі парадак у месцы пахавання ахвяр савецкіх рэпрэсій, Наша Ніва, 15 красавіка 2018 г.
  27. ^ Сцепаненка П. У лес уваходзіш, як у магілу, Радыё Рацыя, 2020 г.
  28. ^ У Мікалаеве ўшанавалі памяць ахвяраў Беразьвецкай трагедыі, Радыё Свабода, 20 чэрвеня 2017 г.
  29. ^ У Мікалаеве ўшанавалі памяць ахвяраў «Дарогі смерці», Наша Ніва, 26 чэрвеня 2018 г.
  30. ^ Тарасевіч А. Забівалі стрэлам у патыліцу. Як у чэрвеньскую ноч работнікі НКВД расстрэльвалі вязняў ашмянскай турмы, Рэгіянальная газета, 5 ліпеня 2020 г.
  31. ^ Жыхары Барысава правялі талаку на «барысаўскіх Курапатах», Наша Ніва, 30 красавіка 2018 г.
  32. ^ Ва ўрочышчы Цагельня паміналі вязьняў, расстраляных НКВД, Радыё Свабода, 24 чэрвеня 2006 г.
  33. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 402.
  34. ^ Алег Яноўскі. Імя, узнятае з небыцця: Аляксей Сцяпанавіч Кучынскі – рэктар БДУ 1936–1937 гадоў Універсітэт. № 20-21 (2167-2168) Архіўная копія ад 2017-01-09 г.
  35. ^ Катлярчук А. Прадмова да «літоўскага» нумару // ARCHE Пачатак. № 9, 2009.
  36. ^ «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі: Зборнік / Бел. акад. навук, Ін-т філасофіі; Пад рэд. С. Вальфсона. Т. 1, ч. 1, 1931. С. 6.
  37. ^ а б Вячорка В. Правапіс таксама расстралялі, Радыё Свабода, 30 кастрычніка 2017 г.
  38. ^ Войніч Я. Як бальшавікі рэфармавалі беларускую мову? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 67—68.
  39. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9. [1]
  40. ^ а б Почему бессмысленно искать хорошее в советском прошлом? // 1863x.com  (рас.)
  41. ^ а б в Матушыч К.. А медсястра ў вар’ятку ператварылася // Наша Ніва, 13 верасьня 2010 г. Архіўная копія ад 13 верасьня 2010 г. Праверана 10 красавіка 2017 г.
  42. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 16 студзеня 2014. — № 7 (27617). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  • 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
  • Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Выд. 2-е, дап.; Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш. — Менск: ІП Зміцер Колас, 2005. — 440 с.: іл. ISBN 985-6793-06-2.
  • Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. Галубовіч, З. Шыбека, Д. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. Галубовіча і Ю. Бохана. — Менск: Экаперспектыва, 2005. — 584 с. ISBN 985-469-120-9.
  • Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі / М. Касцюк. — Менск: ВП «Экаперспектыва», 2000. — 307 с ISBN 985-6102-30-8.
  • Лукашук А. Мова гарыць… (загад № 33) // Спадчына. № 3, 1996. С. 76—91.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 4. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.
  • Рэабілітацыя: Зборнік дакументаў і нарматыўных актаў па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920—1980-х гадоў у Беларусі / Уклад. А. Дзярновіч. — Менск: Athenaeum, 2001. — 177 с — (Athenaeum, Т. III; Архіў найноўшае гісторыі = Modern history archive). ISBN 985-6374-12-X.
  • Возвращенные имена. Сотрудники АН Беларуси пострадавшие в период сталинских репрессий / Сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; Под редакцией академика АН Беларуси А. С. Махнача. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — 120 с.: ил.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]