Інары-саамская мова
Інары-саамская мова | |
Аnarâškielâ | |
Ужываецца ў | Фінляндыі |
---|---|
Рэгіён | Муніцыпалітэт Інары, Ляпляндыя |
Колькасьць карыстальнікаў | прыкладна 400 |
Клясыфікацыя | Уральская сям’я |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | муніцыпалітэце Інары |
Рэгулюецца | — |
Статус: | 2 Правінцыйны[d][1] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | smn |
ISO 639-2(Т) | smn |
ISO 639-3 | smn |
SIL | smn |
І́нары-саа́мская мова — адна з саамскіх моваў, на якой размаўляюць саамы, што жывуць у муніцыпалітэце Інары (поўнач Фінляндыі). На інары-саамскай размаўляюць людзі сталага й сярэдняга ўзросту. Мове пагражае выміраньне з нагоды слабае папулярнасьці сярод моладзі. Інары-саамская — адзіная саамская мова, што распаўсюджаная выключна на тэрыторыі Фінляндыі.
На інары-саамскай мове размаўляюць побач з возерам Інары у паселішчах Авээл, Аксуярві, Ііярві, Інары, Кааманэн, Мэнэсярві, Нелім, Партака, Рэпаёкі, Сэвэтыярві, Сюсярві і Тыра.
Характарыстыка мовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Носьбіты інары-саамскае мовы карыстаюцца лацінскім альфабэтам. Гэты альфабэт атрымаў афіцыйны статус у 1996 годзе.
Выгляд інары-саамскага альфабэту.
А а | Â â | B b | С с | Č č | D d | Đ đ | Е е |
F f | G g | H h | I i | J j | K k | L l | M m |
N n | O o | P p | R r | S s | Š š | T t | U u |
V v | Y y | Z z | Ž ž | Ä ä | Á á |
У сучаснай інары-саамскай мове гукі, якія абазначаюцца літарамі ä і á, вымаўляюцца аднолькава. Аднак ёсьць разьмежаваньні стасоўна ўжытку гэтых літараў: ä ўжываецца ў першым складзе слова, калі ў другім складзе ёсьць літары е або і, у словах з адным коранем і ў дыфтонґу iä. Але літара ä не выкарыстоўваецца ў дыфтонґу uá.
Гісторыя вывучэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1859 годзе зьявілася праца Anar sämi kiela aapis kirje ja doctor Martti Lutherus Ucca katkismus — першая кніга па-інары-саамску, якая была выдадзена Эдвардам Вільґельмам Борґам. Пачаткам інары-саамскай пісьмовасьці становіцца пераклад гісторыі Бібліі, які быў зроблены ў 1906 годзе Лаўры Арвідам Ітканэнам, які да гэтага перакладаў працы Мартына Лютэра на інары-саамскую мову.
Пасьля гэтага інары-саамская мова амаль што не ўжывалася ў літаратуры, бадай што ў працах лінґвістаў.
Актыўнае кнігавыданьне па-інары-саамску пачалося толькі напрыканцы ХХ стагодзьдзя праз падтрымку Саамскага парлямэнту Фінляндыі. У 1986 годзе створана асацыяцыя Anarâškielâ servi, якая выдала шмат кнігаў, календароў і падручнікаў.
Грамадзкае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1992 году саамы атрымалі права на выкарыстаньне саамскіх моваў у муніцыпалітэтах Фінляндыі, якія зьяўляюцца традыцыйнай тэрыторыяй пражываньня народу[2], ажыцьцяўляюцца дзяржаўныя праґрамы па падтрымцы саамскіх моваў, напрыклад г. зв. «пагружэньне ў мову», калі дзеці ад 3 да 6 год вывучаюць мову ў дзіцячых садкох. Муніцыпалітэт Інары зьяўляецца чатырохмоўным на афіцыйным узроўні (ужываюцца фінская, паўночнасаамская, інары-саамская і колта-саамская мовы).
З 2007 году існуе інтэрнэт-выданьне Kierâš online.
Паводле меркаваньня міністра юстыцыі Фінляндыі Аны-Маі Генрыксан і Саамскага парлямэнту Фінляндыі, існуе значная пагроза саамскім мовам і пэрспэктыва іх зьнікненьня. Выказваюцца думкі аб недастатковай моўнай падтрымцы, адзначаецца нястача настаўнікаў, падручнікаў і г. д.
У шматлікіх дзіцячых садках Ляпляндыі выкарыстоўваецца поўнае саамскамоўнае навучаньне дзяцей, з нулявое па другую клясы мясцовых школаў выкладаньне таксама вядзецца выключна на саамскіх мовах. Паступова ў адукацыйны працэс дадаецца фінская мова і ў шостай клясе прапорцыя саамскае й фінскае дасягае прыкладнае прапорцыі 50 на 50.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
- ^ Suomen perustuslaki 11.6.1999/731 (фін.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію Інары-саамская мовай інары-саамскай |
- Sámi Language Act (анг.)