Язэп Юхо
Язэп Юхо лац. Jazep Jucho | |
Дата нараджэньня | 19 сакавіка 1921 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 29 ліпеня 2004 (83 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | Менскі юрыдычны інстытут |
Занятак | гісторык, юрыст, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | правазнаўства |
Месца працы | Юрыдычны факультэт БДУ |
Сябра ў | Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына |
Навуковая ступень | доктар юрыдычных навук[d] |
Вучні | Таісія Доўнар |
Узнагароды |
Язэ́п Алякса́ндравіч Юхо́ (19 сакавіка 1921 — 29 ліпеня 2004) — беларускі гісторык права. Доктар юрыдычных навук (1982), прафэсар катэдры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэту БДУ (1983).
Язэп Юхо — заснавальнік першай навуковай школы дзяржавы і права Беларусі, сябра Вялікай Рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЗБС Бацькаўшчына».
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Пінску[1] 19 сакавіка 1921 году. Скончыў школу (1938) і паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. У 1939 годзе забраны ў войска, пачаў служыць у Горкаўскай вучэльні зэнітнай артылерыі.
Вайну 20-гадовы Язэп Юхо пачаў пад Масквой камандзірам агнявога ўзводу. Потым — Паўднёвы і Заходні франты, дзе ён быў намесьнікам камандзіра зэнітнай гаргары і начальнікам артылерыі стралковага палку. Атрымаў 2 цяжкія параненьні. Заходні фронт быў пераўтвораны ў 3-ці Беларускі фронт. Зь ім Язэп Аляксандравіч вызваляў Віцебск, Полацак, дайшоў да Ўсходняй Прусіі. Скончыў вайну ў званьні маёра.
Узнагароджаны ардэнамі «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны» 1-й ступені, мэдалямі.
У 1946 годзе звольніўся з арміі. Скончыў Менскі юрыдычны інстытут (1949), а ў 1954 годзе — асьпірантуру ў Інстытуце філязофіі і права АН Беларусі.
Працоўная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Народны судзьдзя Варашылаўскага раёну г. Менску (1949—1951)
- Навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі і права АН БССР (1952—1956)
- Дацэнт катэдры грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага права юрыдычнага факультэту БДУ (1956—1960)
- Намесьнік старшыні юрыдычнай камісіі пры Савеце Міністраў БССР (1960—1964)
- Загаднік катэдры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ, намесьнік дэкана юрыдычнага факультэту БДУ
- Прафэсар катэдры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэту БДУ
Навуковая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Язэп Юхо — аўтар больш як 200 навуковых працаў.
- 1954 — абарона ў Інстытуце дзяржавы і права АН СССР кандыдацкай дысэртацыі на тэму: «Устанаўленьне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939 г.»
- 1980 — абарона ў Кіеўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Т. Шаўчэнкі доктарскай дысэртацыі на тэму: «Грамадзка-палітычны лад і права Беларусі ў XVI ст.»
Браў удзел у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году. Быў адным з ініцыятараў і аўтараў перавыданьня, перакладу, напісаньня камэнтараў і даведніка да Статуту ВКЛ 1588.
Абгрунтаваў, што Статуты ВКЛ былі першымі ў Эўропе дасканалымі зводамі законаў. Распачаў распрацоўку дзяржаўна-прававых поглядаў Ф. Скарыны і прапанаваў ідэю пра ягоны ўдзел у складаньні і рэдагаваньні Статуту ВКЛ 1529 году. Выказаў палажэньне пра канфэдэрацыйны падзел Рэчы Паспалітай, якая складалася з 2 самастойных і сувэрэнных дзяржаваў — Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Пачаў вывучэньне ў Беларусі жыцьця і дзейнасьці Т. Касьцюшкі. Дасьледаваў паходжаньне імёнаў, якія надаваліся Беларусі ў розныя часы[1].
Суаўтар першага «Юрыдычнага энцыкляпэдычнага даведніка» на беларускай мове. Аўтар вядомых дапаможнікаў «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» і «Кароткі нарыс па гісторыі дзяржавы і права Беларусі».
Літва і ліцьвіны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1968 годзе падкрэсьліваў у часопісе «Полымя»[2]: «У афіцыйных дакумэнтах XVI—XVIII стагодзьдзяў, апроч «Літвы», для ўсяе тэрыторыі Беларусі другога найменьня наагул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменьне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 773.
- ^ Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Полымя. № 1, 1968. С. 175—182.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Они прожили достойную жизнь. Юрыдычны факультэт БДУ. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Нарадзіліся 19 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1921 годзе
- Нарадзіліся ў Менску
- Памерлі 29 ліпеня
- Памерлі ў 2004 годзе
- Памерлі ў Менску
- Дактары юрыдычных навук
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя мэдалём Францішка Скарыны
- Нарадзіліся ў Пінску
- Беларускія юрысты
- Беларускія гісторыкі