Аруначал-Прадэш
Арунача́л-Прадэ́ш (па-ангельску: Arunachal Pradesh) — штат на паўночным усходзе Індыі, мяжуе са штатамі Асам на поўдні і Нагалэнд на паўднёвым усходзе, з М’янмай на ўсходзе, Бутанам на захадзе, Кітаем (Тыбэт) на поўначы. Займае 14-е месца сярод штатаў паводле плошчы (83 743 км²) і 26-е паводле насельніцтва (1 382 611 чалавек, 2011). Адміністрацыйны цэнтар — Ітанагар. Амаль уся тэрыторыя штату — прадмет тэрытарыяльных спрэчак паміж Індыяй і Кітаем.
Аруначал-Прадэш | |
анг. Arunachal Pradesh | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Індыя |
Статус | штат |
Адміністрацыйны цэнтар | Ітанагар |
Улучае | 17 акругаў |
Дата ўтварэньня | 20 лютага 1987 |
Губэрнатар | Нірбгай Шарма |
Галоўны міністар | Набам Тукі |
Афіцыйныя мовы | ангельская |
Насельніцтва (2011) | 1 382 611 чал. (27-е месца) |
Шчыльнасьць | 17 чал./км² |
Плошча | 83 743 км² (15-е месца) |
Месцазнаходжаньне Аруначал-Прадэшу | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | +5:30 |
Код ISO 3166-2 | IN-AR |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
«Аруначал-Прадэш» азначае «краіна ўсходу Сонца» («прадэш» — краіна, дзяржава, рэгіён) з-за свайго самага ўсходняга разьмяшчэньня сярод іншых штатаў Індыі. Большасьць насельніцтва тыбэта-бірманскага паходжаньня, каля 16% насельніцтва — імігранты ў рэгіён зь іншых штатаў (пераважна з Асаму і Нагалэнду), а таксама з Банглядэш.
Гісторыя
рэдагавацьГісторыя сучаснага штату Аруначал-Прадэш пакладзеная дзякуючы дзейнасьці брытанскай адміністрацыі ў Індастане й ейным дыпляматычным кантактам.
Да пачатку ХХ ст. амаль уся тэрыторыя сучаснага штату Аруначал-Прадэш (за выняткам невялікага лапіку зямлі на паўднёвым усходзе) належала імпэрыі Цын, а дакладней Тыбэту. У 1911 імпэрыя сканчвае сваё існаваньне, на зьмену ёй прыходзіць Кітайская Рэспубліка. Тыбэт абвяшчае ўласную незалежнасьць, хоць яна была прызнаная толькі Манголіяй, а Кітай, як і астатнія краіны сьвету, працягваў лічыць рэгіён часткай Кітаю незважаючы на страту кітайскім урадам кантролю над Тыбэтам. У склад Тыбэту ўваходзіла ў тым ліку й большая частка Аруначал-Прадэшу.
У 1914 годзе брытанскі ўрад падпісвае з Тыбэтам Сымлскую канвэнцыю, згодна зь якім апошні перадаваў Вялікабрытаніі тэрыторыі крыху на поўнач ад тагачаснага паўночна-ўсходняга ўчастку брытанска-кітайскай мяжы: такім чынам, мяжа Брытанскай Індыі рушыла на поўнач і заняла большасьць тэрыторыі сучаснага Аруначал-Прадэшу. Дамова была складзеная ў абыход кітайскіх прадстаўнікоў (Тыбэт дэ-юрэ заставаўся часткай Кітаю), што спрычынілася да непрызнаньня кітайцамі перадачы гэтых тэрыторыяў. На набытых тэрыторыях брытанскі ўрад зацьвердзіў новую адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Палосы Паўночна-Ўсходняе Мяжы. Гэтая ж адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка захавалася па набыцьці Індыйскім Зьвязам незалежнасьці ў 1947 годзе.
У 1949 годзе ў Кітаі абвяшчаецца Кітайская Народная Рэспубліка, адбываецца фактычная акупацыя Тыбэту (Чамдоская апэрацыя), у выніку чаго кітайскія ўлады выйшлі да мяжы са спрэчнымі тэрыторыямі. У 1962 годзе адбываецца інда-кітайская вайна, падчас якой Кітай займае паўночны ўсход нованабытых індыйскіх тэрыторыяў, спадзеючыся на савецкую дапамогу, але, не атрымаўшы апошняй, КНР была вымушаная адступіць.
Пасьля інда-кітайскае вайны Індыя надае ўвагу ўладкаваньню тэрыторыяў. Напачатку назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі мяняецца на Агенцтва Паўночна-Ўсходняй Мяжы, пазьней тэрыторыя атрымлівае статус хаўруснае тэрыторыі, яшчэ пазьней — цяперашні статус штату.
Большасьць сучасных мапаў сьвету адзначае спрэчныя тэрыторыі штату як індыйскія з адзнакай спрэчнага статусу мяжы штату. На мапах СССР тэрыторыя адзначалася як кітайская, нягледзячы на шырокія зносіны з Індыяй і кепскі стан дачыненьняў з КНР[1]. Урад КНР і Кітайскай Рэспублікі дагэтуль не прызнаюць большую частку тэрыторыі штату як індыйскую. У Кітаі спрэчная тэрыторыя дэ-юрэ лічыцца некалькімі паветамі акругаў Ньігчы й Шаньнань Тыбэцкага аўтаномнага раёну, маючы неафіцыйнае найменьне Паўднёвы Тыбэт.
Насельніцтва
рэдагавацьПаводле зьвестак на 2011 год насельніцтва штату складала 1 382 611 чалавек, што зьяўляецца адным з найменшых паказчыкаў сярод усіх штатаў і хаўрусных тэрыторыяў Індыі.
Большую частку ад насельніцтва складаюць плямёны й дробныя этнасы тыбэта-бірманскага паходжаньня, якія культурна й гістарычна блізкія тыбэтцам і размаўляюць на тыбэцкіх мовах тыбэта-бірманскае галіны сына-тыбэцкае сям'і моваў, што адрозьнівае рэгіён ад большай часткі астатняй Індыі, якая мае індаарыйскае паходжаньне й размаўляе на індаарыйскіх мовах індаэўрапейскае сям'і. Таксама адрозьнівае мясцовае жыхарства рэлігійны фактар з прычыны таго, што большасьць насельніцтва вызнае будызм або анімістычныя вераваньні.
Афіцыйная мова штату — ангельская, якая таксама зьяўляецца фэдэральнай мовай Індыі й мае фактычны статус лінгва-франка ў краіне.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Малый атлас мира. Главное управление геодезии и картографии при Совете Министров СССР. М., 1976.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАруначал-Прадэш — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў