Перайсці да зместу

Вацлаў Шуневіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вацлаў Шуневіч
Адукацыя
Дзейнасць навуковы работнік, афтальмолаг, каталіцкі святар, урач
Месца працы
Нараджэнне 28 снежня 1892(1892-12-28)
Смерць 16 кастрычніка 1963(1963-10-16) (70 гадоў)
Прыняцце свяшчэннага сану 3 мая 1929
Дыяканская хіратонія 7 верасня 1930
Прэсвітарская хіратонія 8 верасня 1930

Аўтограф Выява аўтографа

Узнагароды
залаты крыж Заслугі Афіцэрскі крыж Ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вацлаў Шуневіч (28 снежня 1892, Глыбокае, Віленская губерня — 16 кастрычніка 1963, Бразілія) — польскі каталіцкі ксёндз, лекар-афтальмолаг.

Паходзіў з польскага шляхецкага рода Шуневічаў, прадстаўнікі якога з XVI стагоддзя жылі паміж Вільняй і Полацкам. Вацлаў быў сёмым і малодшым дзіцем Рамуальда Шуневіча і Паліны Цыбульскай.

У 1898 годзе сям’я пераехала ў Смаленск, дзе Вацлаў скончыў гімназію. Пазней ён вучыўся ў Маскве, дзе ў 1917 годзе атрымаў дыплом лекара. Потым быў прызваны ў царскую армію і накіраваны на мінскі фронт. Працаваў лекарам у шпіталі Чырвонага Крыжа ў Смаленску, а потым у дзяржаўным шпіталі ў Варонежы. Па сканчэнні Першай сусветнай вайны пераехаў у Вільню, дзе ў 1922—1926 гадах працаваў у педыятрычнай клініцы Віленскага ўніверсітэта ўрачом-асістэнтам.

23 красавіка 1927 года ў Кракаве ўступіў у Кангрэгацыю Місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля (лазарыстаў). 8 верасня 1930 года прыняў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны ў Кітай. Адразу пасля прыезду пачаў працаваць лекарам і выконваць місійную душпастырскую дзейнасць. Спачатку ён арганізаваў шпіталь на 19 ложкаў у Сінтаі, а праз некалькі гадоў у шпіталі налічвалася ўжо 100 ложкаў. У радысе 30—70 кіламетраў ад горада адкрыў 18 клінік і паспяхова кіраваў імі.

Праводзіў у дзень па 35 афтальмалагічных працэдур. Штогод у тых медыцынскіх і тэхнічных умовах ён асабіста праводзіў каля 800 аперацый па выдаленні катаракты. Згодна з запісамі, толькі ў 1934 годзе ва ўсіх медыцынскіх установах, было праведзена больш за 154 000 афтальмалагічных кансультацый і працэдур. У знак вялікай пашаны і ўдзячнасці быў прызначаны генеральным дырэктарам усіх каталіцкіх клінік на поўначы Кітая.

У 1938 годзе ў Пекіне, у галоўнай клініцы каталіцкага ўніверсітэта, на працягу ўсяго трох месяцаў адчыніў аддзяленне афтальмалогіі. Са снежня 1946 па люты 1949 года працаваў у Французcкім правінцыйным шпіталі сясцёр міласэрнасці ў Цяньдзіні, у Французскім шпіталі ў Пекіне і яшчэ адначасова ў двух шпіталях у Шанхаі.

З-за рэвалюцыі і прыхода да ўлады камуністычнага рэжыму быў вымушаны прыпыніць сваю місійную і медыцынскую дзейнасць. У 1949 годзе, як і ўсе польскія місіянеры, пакінуў Кітай, але не вярнуўся ў сацыялістычную Польшчу. Праз Аўстралію накіраваўся ў ЗША. Пераехаў у тагачасную польскую віцэ-правінцыю ў Ютыцы. Спачатку жыў пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Дэрбі, Канектыкут, а пазней пераехаў у парафію святога Станіслава ў Нью-Хэйвене, у тым самым штаце. Распачаў навукова-дыдактычную працу на медыцынскім факультэце Ельскага ўніверсітэта.

У студзені 1952 года пераехаў у Курытыбу (Бразілія), у штат Парана. Спачатку служыў у Мафры, а потым пераехаў у Іраты, дзе праслужыў сем гадоў у парафіі святога Міхала да дня сваёй смерці. Прысвяціў сябе галоўным чынам сацыяльнаму служэнню: заснаваў там клініку і бібліятэку, а таксама займаўся медыцынай у Шпіталі Міласэрнасці Святога Вінцэнта дэ Поля.

Да самой смерці Вацлаў Шуневіч быў практыкуючым афтальмолагам. Акрамя польскай, ён размаўляў на рускай, лацінскай, мандарынскай, англійскай, французскай і партугальскай мовах.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Як афтальмолаг і вучоны, ён вядомы як першы, хто правёў хірургічнае лячэнне астыгматызму рагавіцы і рэтынапатыі (паражэнне сяччаткі вока). Даследаванні, якія ён распачаў у Кітаі, пазней былі працягнуты ў Ельскім універсітэце і ў Мафра ў Бразіліі. Рукапісы з вынікамі гэтых даследаванняў былі надрукаваныя толькі ў 1952 годзе, аднак яны ніколі не былі выдадзеныя пад імем ксяндза Вацлава. Нягледзячы на гэта, яго навуковыя дасягненні па-ранейшаму глыбока асвойваюцца і працягваюцца ў медыцыне.

  • Залаты Крыж Заслугі (1937) — «за прызнанне заслуг у галіне сацыяльнай працы»[1].
  • Афіцэрскі крыж ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча (2019, пасмяротна) — «за выдатныя заслугі ў аказанні медыцынскай дапамогі людзям, за дасягненні ў навуковай і даследчай працы, за місіянерскую і дабрачынную дзейнасць»[2].

У 1968 годзе гарадская рада ў Іраці (Бразілія) ушанавала Вацлава Шуневіча, назваўшы яго імем адну з вуліц і школу ў Віла Рыа-Баніта. Кітайскія ўлады надалі імя ксяндза Шуневіча афтальмагічнай клініцы ў Сінтаі.

У 2019 годзе бразільская дыяцэзія Понта Гроса (штат Парана) звярнулася ў Ватыкан з просьбай распачаць працэс беатыфікацыі ксяндза Вацлава Шуневіча ў ліку блаславёнага.

Зноскі

  1. Zarządzenie o nadaniu Złotego Krzyża Zasługi z dnia 23 czerwca 1923 r. (польск.). Internetowy System Aktów Prawnych (11 лістапада 1937). Праверана 8 снежня 2020.
  2. Ordery Odrodzenia Polski dla zasłużonych w służbie państwu i społeczeństwu (польск.)(недаступная спасылка). Oficjalna strona Prezydenta Rzeczypospolitej Polskiej (19 снежня 2019). Архівавана з першакрыніцы 20 кастрычніка 2020. Праверана 8 снежня 2020.