Хімія ў Беларусі — агульны комплекс навуковых устаноў і людзей, якія займаюцца вывучэннем і практычным выкарыстаннем хіміі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя

правіць

Першыя звесткі пра хімічную навуку на Беларусі адносяцца да другой паловы XVIII стагоддзя.

Сістэматычная навукова-даследчая работа пачалася пасля адкрыцця Горы-Горацкай земляробчай школы (1840), асабліва пасля пераўтварэння яе ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут (1848). Тут працавалі К. Д. Шміт, які ў 1845 годзе арганізаваў першую на Беларусі хімічную лабараторыю, і І. А. Цютчаў.

Пасля закрыцця інстытута ў 1863 годзе развіццё хіміі на Беларусі спынілася і аднавілася толькі ў 1920-я гады. У 1926 годзе пасля рэараганізацыі структуры Інстытута беларускай культуры была зацверджана прыродазнаўчая секцыя, якая мела падсекцыю хіміі, створана хімічная лабараторыя. У 1928 годзе, напярэдадні рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук, створана кафедра хіміі. У 1930 годзе адкрыты Інстытут хіміі АН Беларусі. Першым яго дырэктарам быў акадэмік У. В. Шкатэлаў. Да 1932 года ў ім праводзіліся аналітычныя работы для Геалагічнага інстытута АН Беларусі.

З 1933 года вяліся хімічныя даследаванні мінеральнай і арганічнай сыравіны, вывучаліся пытанні арганічнага каталізу, адсорбцыі, кінетыкі хімічных рэакцый і будовы высокамалекулярных злучэнняў. Хімічныя даследаванні вяліся таксама на кафедрах арганічнай і неарганічнай хіміі БДУ, на базе якіх у 1930 годзе хімічнае аддзяленне педагагічнага факультэта, рэарганізаванае ў 1931 годзе ў хімічны факультэт.

У 1963 годзе створана Аддзяленне хімічных (з 1970 года хімічных і геалагічных) навук, у склад якога ўвайшлі Інстытут фізіка-арганічнай хіміі, Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, Лабараторыя геахімічных праблем АН Беларусі.[1]

У 1993 годзе ў Мінску адбыўся 15-ы Мендзялееўскі кангрэс па хімічных праблемах экалогіі.

Сучасны стан

правіць

Навуковыя даследаванні ў галіне хіміі праводзяцца ў інстытутах Нацыянальнай АН, БДУ, Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, іншых ВНУ, у лабараторыях прамысловых аб’яднанняў і фірм. Сувязі паміж навуковымі хімічнымі цэнтрамі розных краін ажыццяўляе Міжнародны саюз тэарэтычнай і прыкладной хіміі.

Асноўныя кірункі даследаванняў у 2000-х гг. — аналітычная хімія, арганічная хімія, біяарганічная хімія, калоідная хімія, лесахімія, нафтахімія, хімія высокамалекулярных злучэнняў, хімія торфу, хімія цвёрдага цела і іншыя.

Выдаюцца часопісы «Весці Нацыянальнай АН Беларусі. Серыя хімічных навук» (з 1965); «Вестник БГУ. Серия 2. Химия, биология, география» (з 1969). Сувязі з навуковымі цэнтрамі іншых краін ажыццяўляюцца праз Міжнародны саюз тэарэтычнай і прыкладной хіміі.

Выдатныя асобы

правіць

Найбольш значны ўклад у развіццё і арганізацыю хімічных даследаванняў у Беларусі зрабілі: Ю. А. Альдэкоп, Ф. Г. Асіпенка, А. А. Ахрэм, М. А. Безбародаў, А. С. Вечар, Б. В. Ерафееў, Г. Я. Каба, М. С. Казлоў, У. С. Камароў, Ф. М. Капуцкі, К. М. Караткоў, М. П. Круцько, Ф. А. Лахвіч, А. І. Лесніковіч, І. І. Ліштван, М. А. Майер, М. І. Міцкевіч, М. М. Паўлючэнка, Я. А. Продан, М. А. Прыляжаеў, Я. М. Рахманько, У. С. Салдатаў, В. В. Свірыдаў, Р. Л. Старобінец, В. Ф. Цікавы, І. Р. Цішчанка, М. Ф. Ярмоленка, І. М. Ярмоленка і інш.[2].

Крыніцы

правіць
  1. БелЭн 2004, с. 523.
  2. БелЭн 2003, с. 23.

Літаратура

правіць