Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён)
Мікала́еўшчына[1] (трансліт.: Mikalajeŭščyna, руск.: Миколаевщина) — вёска ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Нёман. Уваходзіць у склад Мікалаеўшчынскага сельсавета. 652 жыхары (2009 г.). Знаходзіцца за 12 км на паўднёвы ўсход ад Стоўбцаў.
Вёска
Мікалаеўшчына
| ||||||||||||||||||||||
Мікалаеўшчына — малая радзіма Якуба Коласа.
Гісторыя
правіцьУпершыню Мікалаеўшчына згадваецца ў сярэдзіне XVI стагоддзя як уладанне Осцікавічаў. Сваю назву паселішча атрымала, відаць, ад імя Мікалая Осцікавіча. У 1555 годзе Мікалаеўшчыну набыў Л. Свірскі. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства.
У 1596 годзе Мікалаеўшчына перайшла ў валоданне М. К. Радзівіла «Сіроткі», які далучыў яе да Нясвіжскай ардынацыі. У гэты час вёска мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы XVI—XVII стагоддзяў паселішча атрымала статус мястэчка. У 1617 годзе сядзібу Яна Радзівіла ў Мікалаеўшчыне наведаў каралевіч і вялікі княжыч Уладзіслаў. Станам на 1628 год у мястэчку было 5 вуліц (Сверынаўская або Уздзенская, Дворная, Мастовая, Мінская, Тыльная), 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1652 годзе маршалак вялікі Аляксандр Людвік Радзівіл заснаваў тут касцёл Яна Хрысціцеля. У часы Трынаццацігадовай вайны ў 1664 Мікалаеўшчыну знішчылі маскоўскія захопнікі[2]. Станам на 1669 год у мястэчку было толькі 20 двароў, на 1700 год — 63, на 1777 год — 62. У гэты час праз Нёман узвялі драўляны Калінавы мост даўжынёй у адну вярсту з чвэрцю.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У XIX стагоддзі статус паселішча панізілі да сяла. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1867 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касцёл на праваслаўную царкву. У 1882 годзе каля Мікалаеўшчыны ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас). Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку быў 141 двор, царква, карчма, крама, у пачатку XX стагоддзя — 168 двароў. 9 ліпеня 1906 года ў Мікалаеўшчыне адбыўся нелегальны з’езд настаўнікаў Мінскай губерні. З’езд быў разагнаны паліцыяй, за ўдзел у ім звольнілі 13 настаўнікаў, сярод іх К. Міцкевіча (Якуба Коласа), А. Сянкевіча, І. Фёдарава (Янку Маўра) і інш.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Мікалаеўшчына апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Стаўбцоўскім павеце Навагрудскага ваяводства. Станам на 1921 год у мястэчку было 164 двары.
У 1939 годзе Мікалаеўшчына ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года зрабілася цэнтрам сельсавета Стаўбцоўскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. 3 1970 года тут працуе турыстычная база «Высокі Бераг», з 1972 года — Коласаўскі дзяржаўны заказнік. Станам на 1997 год у вёсцы было 360 двароў, на 1 студзеня 2004 года — 309 двароў.
-
Царква святога Мікалая, каля 1900 г.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1860 — 500 чал.; 1886 — 640 чал.; 1897 — 935 чал.
- XX стагоддзе: 1901 — 1204 чал.; 1921 — 929 чал.; 1939 — 1000 чал.; 1997 — 743 чал.[2]
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2004 — 679 чал.[3]
Інфраструктура
правіцьУ Мікалаеўшчыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, пошта.
Славутасці
правіць- Помнік археалогіі — паселішча 3-га тыс. да н.э.
- Філіял музея Якуба Коласа.
- Помнік Якубу Коласу
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваны ў 1652 годзе і разабраны дзеля пабудовы Свята-Мікалаеўскай царквы.
- Царква Святога Мікалая, узведзеная ў 1876 годзе на месцы былога касцёла і разбураная ў 1960 годзе.
Вядомыя ўраджэнцы
правіць
Высокі Бераг, родны, мілы! |
Якуб Колас. «Высокі Бераг».[4] |
- Мікола Адам (нар. 1978) — беларускі паэт, празаік.
- Лявон Белы (1927) — публіцыст.
- Міхась Белы (1931—1970) — грамадскі дзеяч.
- Сымон Белы (1929—2005) — беларускі пісьменнік.
- Павел Пятровіч Дземідовіч (1871—1931) — беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, педагог.
- Алесь Камароўскі (нар. 1947) — беларускі пісьменнік.
- Якуб Колас (1882—1956) — класік беларускай літаратуры, грамадскі дзеяч.
- Антон Лёсік (1872—1949) — настаўнік, мовазнавец, удзельнік беларускага нацыянальнага руху.
- Язэп Лёсік (1883—1940) — беларускі нацыянальны і палітычны дзеяч, пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог
- Алесь Міцкевіч (1919—2015) — беларускі грамадска-культурны, рэлігійны і свецкі дзеяч.
- Міхась Міцкевіч (1897—1991) — грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа
- Мікалай Іванавіч Міцкевіч (нар. 1945) — беларускі педагог, спецыяліст у галіне тэорыі і методыкі прафесійнай адукацыі.
- Мікола Прускі (1928—2014) — дзеяч беларускай эміграцыі, выдавец, рэдактар, грамадскі і культурны дзеяч.
- Аляксандр Сянкевіч (1884—1938) — дзяржаўны і партыйны дзеяч Беларусі, вучоны, пісьменнік, публіцыст
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ а б Валерый Шаблюк. Мікалаеўшчына // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 137.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004.
- ↑ Якуб Колас. «Высокі Бераг»
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Стаўбцоўскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 831 с.: іл. ISBN 985-11-0312-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Mikołajewszczyzna // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. — S. 400.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён)
- Мікалаеўшчына на Radzima.org