Буйныя лістападныя (галінападныя) аднадомныя дрэвы вышынёй да 40—45 м і дыяметрам ствала да 2,5 м. Працягласць жыцця да 300—450 (часам да 600) гадоў. Крона рыхлая, канічная, часта мнагаствольная. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Пакарочаныя парасткі да 8 см даўжынёй, плоскія. Лісце супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лінейнае, даўжынёй да 2,5 см, мяккае, жаўцее і ападае восенню разам з пакарочаным парасткам.
Мужчынскія шышкі дробныя, прадаўгаватыя, да 3-6 мм у даўжыню, жаўтаватыя, сабраны ў мяцёлкападобныя або гронкападобныя зборы. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, акруглыя, да 25 мм у дыяметры, з 8-14 парамі супраціўных лускавінак, спачатку зялёныя, крыху мясістыя, з шызым налётам, пры выспяванні бурыя, на доўгіх паніклых ножках, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне плоскае, крылатае.
Распаўсюджана ў гарах Цэнтральнага Кітая. Шырока культывуецца ў іншых рэгіёнах зямнога шара. У Беларусі вырошчваецца рэдка, пераважна на поўдні. Мае некалькі сартоў, якія адрозніваюцца формай кроны, памерамі і афарбоўкай лісця.
Святлалюбная, умерана зімаўстойлівая, да глебы малапатрабавальная, але аддае перавагу вільготнай і добра дрэніраванай. Даволі ўстойлівая да гарадскіх умоў, параўнальна лёгка размнажаецца чаранкаваннем. Пыленне ў сакавіку—красавіку да распускання лісця.
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярждэнняў няясныя праз неўжыванне зносак.
Сцвярджэнні, не падмацаваныя крыніцамі, могуць быць пастаўлены пад сумненне і выдалены. Вы можаце палепшыць артыкул, дадаўшы дакладнейшыя спасылкі на крыніцы.