Беларускі Хельсінкскі камітэт
РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) — (зарэг. 1 лістапада 1995 года) самастойнае незалежнае, некамерцыйнае, праваабарончае грамадскае аб’яднанне, створанае ў мэтах ажыццяўлення гуманітарнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. БХК працуе на падставе самакіравання й аб’ядноўвае — на аснове агульнасці інтарэсаў — грамадзян Рэспублікі Беларусь. У сваёй дзейнасці камітэт з’яўляецца незалежным ад дзяржаўных і гаспадарчых органаў, палітычных i грамадскіх арганізацый — узаемаадносіны з імі ладзяцца на аснове партнёрства, дыялога ды супрацы.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт | |
---|---|
Краіна | |
Тып арганізацыі | праваабарончая арганізацыя[d] і Helsinki Committee for Human Rights[d] |
Кіраўнікі | |
Старшыня | Алег Гулак |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1995 |
Галіна | international activities[d] |
www.belhelcom.org |
Гісторыя
Заснаванне БХК было рэакцыяй на грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі таго часу, а каталізатарам працэсу яго паўстання стала абняслаўленне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга. Заснавальнікамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» сталі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы краіны: Васіль Быкаў (ён жа — першы старшыня Назіральнага Сойма БХК), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Хадыка, Карлас Шэрман і інш. Першай старшынёй аб’яднання была Таццяна Процька. З 2008 г. арганізацыю ўзначальвае Алег Гулак.
У пачатку мая 1999 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь вынесла папярэджанне БНП за ўдзел іх прадстаўнікоў у абвешчаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара «альтэрнатыўных» выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дзейнасць БХК
На дзейнасць БХК складаюцца:
- выяўленне выпадкаў парушэння правоў чалавека;
- прававая дапамога канкрэтным людзям (штогод у БХК прыходзіць да 2000 скаргаў);
- рэгулярныя праваабарончыя семінары і трэнінгі па навучанні моладзевых актывістаў і юрыстаў;
- выданне спецыяльнай літаратуры;
- разнастайныя мерапрыемствы з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў парушэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь;
- аналіз заканадаўства і выпрацаванне прапаноў па яго ўдасканаленні: ужо падрыхтаваныя прапановы, якія датычацца Крымінальнага кодэкса, працоўнага заканадаўства, законаў аб сродках масавай інфармацыі, выбарах, а таксама Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
На практыцы сябры БХК удзельнічалі ў працы місій Міжнароднай Хельсінкскай Федэрацыі і, у прыватнасці, даследавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Прыднястроўі (Малдова), на Паўночным Каўказе (Расійская Федэрацыя), у Таджыкістане, Узбекістане і Украіне. Апроч таго, прадстаўнікі БХК удзельнічалі ў мностве «шараговых» і «гучных» спраў — абаранялі:
- Паўла Шарамета, Валерыя Шчукіна, Ірыну Макавецкую і іншых журналістаў;
- «Народную волю» і «Белорусскую деловую газету»;
- Юрыя Бандажэўскага, Андрэя Клімава і іншых вязняў сумлення;
- сваякоў зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатолія Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага;
- вернікаў розных канфесій;
- кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты;
- удзельнікаў мірных маніфестацый;
- прадпрымальнікаў і сацыяльна неабароненых грамадзян;
- бежанцаў, зняволеных, з якімі жорстка абыходзіліся ў турмах, і сотні іншых людзей.
Фінансавы аспект дзейнасці БХК
БХК павінен быў заплаціць у бюджэт звыш Br 205 млн падаткаў і штрафных санкцый па выкарыстаных у 2002—2003 гг. грантах Еўракамісіі, якія, паводле міжнародных дамоў Рэспублікі Беларусь, прадстаўляліся ў беспадатковым рэжыме.
Лічачы рашэнне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах незаконным, БХК абскардзіў яго ў судовым парадку. Нацыянальныя суды ўсіх інстанцый пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінны пакрываць ў бюджэт.
Аднак напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 г., маніторынг якіх ажыццяўляў БХК, рашэнні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя Прэзідыумам Вышэйшага Гаспадарчага Суда. Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах апісала і канфіскавала маёмасць БХК на суму Br 255.000 руб. Рахункі арганізацыі арыштавалі.
Разам з тым, у 2006 г. Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю спыніў — у сувязі з адсутнасцю падзеі злачынства — крымінальную справу, узбуджаную за адхіленне ад выплаты падаткаў у дачыненні да службовых асоб БХК.
Міжнародная дзейнасць БХК
БХК — партнёр Савета Еўропы, актыўны ўдзельнік міжнароднага хельсінкскага руху.
У 1998 г. БХК быў узнагароджаны прэміяй Еўрапейскага Саюза і ЗША за ўклад у развіццё грамадзянскай супольнасці.
Літаратура
- Vitali Silitski, Jan Zaprudnik. BELARUSIAN HELSINKI COMMITTEE // The A to Z of Belarus (The A to Z Guide Series) (англ.). — Lanham: Scarecrow Press, 2010. — С. 41. — 470 с. — ISBN 978-0-8108-7200-4.