Украінская паўстанчая армія
Украінская паўстанчая армія | |
укр. Українська повстанська армія | |
Сьцяг УПА | |
Гады існаваньня | 1942—1954 |
---|---|
Краіны | Украіна, Польшча, Беларусь, Расея, Славаччына |
Падпарадкаваньне | Украіна |
Тып | Партызанская армія |
Колькасьць | 20 000 — 100 000 асобаў (у розныя часы і паводле розных ацэнак) |
Дысьлякацыя | Валынь, Палесьсе, Галіцыя, Падольле, Карпаты |
Дэвіз | Слава Україні — Героям Слава! (Слава Ўкраіне — Героям Слава!) |
Колеры | чырвона-чорныя |
Войны | Другая сусьветная вайна |
Вядомыя камандзіры | Раман Шухевіч, Васіль Кук |
Украінская паўстанчая армія (УПА) — армія, створаная ўрадам Украінскай Народнай Рэспублікі (у выгнаньні). У кастрычніку 1942 году назоў пераняты Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў (Бандэры)[1][2]. Мэтай УПА было стварэньне выключна нацыяналістычнай Украіны, дзе жылі б толькі этнічныя ўкраінцы, зь дзяржаўным ладам, дзе панавала б толькі адна партыя (АУН).
Дзейнасьць УПА ўлучала барацьбу супраць нямецкіх акупантаў, што, аднак, не перашкаджала ім дасягаць узаемнай згоды ў акцыях, накіраваных супраць савецкіх партызанаў, а часам і ў інтарэсах нямецкіх спэцслужбаў[3]. УПА, падначаленая бандэраўскаму крылу АУН, вяла барацьбу супраць іншых украінскіх нацыяналістычных арганізацыяў — АУН Бульбы-Бараўца, і мельнікоўцаў (АУН (м)). Яшчэ адным фронтам барацьбы была вайна з польскай Арміяй Краёвай. Пасьля прыходу савецкай улады УПА супрацьстаяла і савецкім войскам, пакуль не была канчаткова зьліквідавана ў сярэдзіне 1950-х гадоў[4], хаця фармальна арганізацыя спыніла сваю дзейнасьць 3 верасьня 1949 году[5].
Вядомымі зьяўляюцца акцыі УПА, накіраваныя супраць мірнага насельніцтва, найперш супраць палякаў, габрэяў і ўкраінцаў, якія не сымпатызавалі УПА, савецкіх грамадзянаў, якія апынуліся тут падчас прыйсьця Савецкай улады ў 1939, і супраць зьмяшаных сем’яў. На іх УПА арганізоўвала напады, якія выражаліся ў масавых забойствах, выгнаньнях і рабаваньні маёмасьці цывільнага насельніцтва[2][6][7].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўстаньне УПА
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Украінская паўстанчая армія была створана праз Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў. Пастанова аб яе стварэньні была прынята на ІІІ канфэрэнцыі АУН, што праходзіла ў вёсцы Тэрнабежжа Олеўскага раёну Львоўскае вобласьці (17—21 лютага 1943). На гэтай канфэрэнцыі было вырашана распачаць актыўную барацьбу найперш супраць палякаў і асабліва савецкай партызанкі, якая сваёй дзейнасьцю правакавала карныя нямецкія экспэдыцыі супраць цывільнага люду[8]. Арганізацыя на пачатку мела назву АУН-СД (Самостийніків-Дэржавніків). Ужо вясной 1943 аддзелы АУН-СД мелі некалькі тысячаў асобаў. У сакавіку 1943 на тэрыторыях, якія кантраляваліся УПА, быў выдадзены загад аб мабілізацыі ўсіх паліцаяў у шэрагі УПА. Тым, хто гэтага ня зробіць, пагражаў расстрэл як дэзэртырам. У выніку гэтага загаду ў шэрагі УПА ўступіла калі 5 тысячаў паліцаяў.
Першы атрад УПА ўзьнік у 1942 годзе ў Дзівіне ў Беларусі[9].
Пазьнейшая назва УПА была ўзята ад збройнае фармацыі Тараса Бараўца (па-ўкраінску: Тарас Боровець), хоць звычайна для адрозьненьня аддзелаў Бараўца ўжываецца назва Палеская Сеч. Узброеныя фармацыі АУН-СД пачалі называцца УПА напрыканцы траўня 1943 году[10][11].
Баявыя дзеяньні УПА
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўную ўвагу ў баявых дзеяньнях УПА канцэнтравала на савецкай партызанцы. Барацьба зь немцамі вялася ў межах «самаабароны ўкраінскага народу», а прапановы аб пачатку шырокамаштабных і адкрытых дзеяньняў супраць гітлераўцаў былі адкінуты, як ня маючыя шанцаў на посьпех[12].
Барацьба зь немцамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтаю УПА ў партызанскай барацьбе было назапашваньне сілаў для падрыхтоўкі ўсенароднага паўстаньня. У барацьбе супраць немцаў на пачатку галоўнай мэтай ставіўся ня іх разгром, а недапушчэньне нямецкіх нападаў на тэрыторыю, кантраляваную УПА.[13] Зь ліпеня па верасень 1943 у выніку 74 сутыкненьняў паміж немцамі і УПА загінула каля 3.000 гітлераўцаў, пры стратах УПА ў 1,237 забітых ці параненых.[14] У выніку дзеяньняў УПА немцы працягвалі кантраляваць толькі буйныя населеныя пункты, а правінцыя і вёска былі пад кантролем УПА.[15] Атакі праводзіліся галоўным чынам супраць невялічкіх нямецкіх ганізонаў, у выніку чаго гітлераўцы былі вымушаны вывесьці свае гарнізоны зь дзясяткаў населеных пунктаў.[16] Першыя баі зь немцамі былі досыць цяжкім выпрабаваньнем для УПА, бо адчуваўся брак на вопыт, зброю і належную падрыхтоўку, аднак дужа станоўча паўплываў на стаўленьне арганізацыі і ўзмацненьне вайсковае дысцыпліны, а значыць, на ўзвышэньне баяздольнасьці ў далейшым.[17] Аднак нельга перавышаць тую ролю, якую адыгрывала УПА ў барацьбу зь немцамі. У службовым данясеньні камандзіра партызанскага атрада И.Шитова УШПР дакладвалася, што:
«дыверсійнай дзейнасцю нацыяналісты не займаюцца, а ў бой з немцамі ўступаюць там, дзе немцы здзекуюцца над украінскім насельніцтва і калі нападаюць на іх»[16]
З увесну 1943 нацысты разгарнулі шырокую прапагандысцкую Капанен супраць паўстанцаў. Гэтыя мерапрыемствы праводзіліся ў рамках шырокай контрпартизанских барацьбы супраць украінскага руху супраціву.
7 чэрвеня 1943 камандуючы СС і паліцыяй камісарыяту «Валынь-Падолле» Гінцлер дакладваў аб падаўленьні шырокіх нацыянальных беспарадкаў у Валынскай і Ровенскай абласьцях. Перад войскамі ставілася задача «зламаць хрыбет» паўстанцам.
Найбуйнейшымі баямі УПА супраць немцаў сталіся баі на Гарахоўшчыне, дзе немцы прымянілі авіяцыю і танкі. Потым барацьба перакінулася на Берасьцячкоўскі раён, Кастапольшчыну і Калкоўшчыну, пашырыўшыся да канца чэрвеня 1943 на ўсю Валынь. Асблівае напругі баявыя дзеяньні дасягнулі ў ліпені і жніўні, калі паміж УПА і немцамі адбылося адпаведна 35 і 24 баі. Паводле дадзеных украінскіх партызанаў, зь нямецкага боку прынялі ўдзел каля 10 тыс. вайскоўцаў пры дапамозе танкаў, самалётаў і буйной артылерыі.[16]
Разам з тым трэба зазначыць, што барацьба УПА з гітлераўцамі ня мела стратэгічнага значэньня і не адыграла адметнай ролі ў вызваленьні Украіны ад нямецкіх акупантаў. Яна толькі абмежавала дзейнасьць нямецкай адміністрацыі і не была прыярытэтнай значнасьці, бо галоўным ворагам для АУН-УПА ўважаўся СССР.[18]
Пры гэтым, нягледзячы на барацьбу, УПА дасягала шмат лякальных паразуменьняў з гітлераўцамі, асабліва ў акцыях, якія датычылі барацьбы з савецкай партызанкай. Вядома, што камандуючыя УПА, такія, як Раман Шухевіч, самі раней служылі нямецкім уладам. Сярод дамоўленасьцяў паміж УПА і СС можна прывесьці сустрэчу ў ліпені 1943 Шухевіча зь афіцэрам сувязі Дывізыі СС «Галічына» Любамірам Маракушкай. На спатканьні было вырашана, што УПА ня будзе байкатаваць стварэньне дывізіі СС, але і дапамогу аказваць ня стане. Ужо потым аддзелы УПА з задавальненьнем прымалі ў свае шэрагі жаўнераў «Галічыны».[19]
Барацьба з Саветамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьвяточным наказе Рамана Шухевіча ад 14 жніўня 1947 так ацэньвалася барацьба супраць СССР:
«На процібальшавіцкім фронце УПА не дапусьціла да заліву тэрыторыі бальшавіцкай партызанкай.[20]»
У гэтай вобласьці УПА дасягла вялікіх посьпехаў. Ім удалося ўскладніць баявую дзейнасьць партызанаў у шматлікіх раёнах Валыні-Палесься, стварыць ім перашкоды для дывэрсыйнае дзейнасьці на нямецкіх камунікацыях. Украінскія паўстанцы сумелі таксама ў значнай ступені сарваць пляны ЦК КП(б)У па ўвядзеньні партызанскіх злучэньняў на тэрыторыю Галіцыі. Да актыву УПА трэба аднесьці і дывэрсыйныя акты ў тыле Чырвонае Арміі, пачынаючы зь верасьня 1944, на тэрыторыі Заходняй Украіны. Арэалам дзейнасьці УПА супраць Саветаў служылі галоўным чынам Галіцыя і Валынь, хаця асобныя загоны УПА пасылала і ва Ўсходнюю Ўкраіну і нават на Кубань. Аднак жыхары Ўсходняй Украіны ўважалі УПА за пасобнікаў нямецкіх акупантаў, таму дасягнуць значных посьпехаў на тэрыторыі па-за Заходняй Украінай АУН-УПА ня здолела.[20]
На антыбальшавіцкім фронце мэтаю УПА было ачышчэньне тэрыторыі ад савецкіх партызанаў. УПА намагалася галоўным чынам абмежаваць дзейнасьць партызанаў, максымальна зьменшыць іх уплыў на мясцовае ўкраінскае насельніцтва і не дапусьціць узаемадзеяньня партызанскіх аддзелаў з палякамі. Калі ў Заходнюю Ўкраіну ўступіла Чырвоная Армія, Галоўная Ўправа УПА забараніла сваім аддзелам уступаць зь імі ў адкрытую барацьбу, аднак у той жа час не забараняючы атакаваць дробныя аддзелы Чырвонае Арміі з мэтаю захопу зброі і баепрыпасаў.[21] Барацьба з савецкімі партызанамі заўжды насіла ўпарты і жорсткі характар. Так, Л. Шанкоўскі пісаў:
«Барацьба з чырвонымі партызанамі была куды больш складанай за барацьбу зь немцамі. Партызаны — то быў баявы, адважны і жорсткі праціўнік, які ведаў мову і мясцовыя ўмовы, ды ўмеў цудоўна маскавацца. У барацьбе з тым праціўнікам УПА атрымоўвала важны досьвед для наступнай барацьбы.»[22]
У той жа час савецкія партызаны адзначалі, што біцца з УПА было складаней, чым зь немцамі. Так, камандзір партызанскага загону Кузкоў казаў, што ён ніколі не сустракаў такога фанатызму ў барацьбе і адзначаў, што аўнаўцы «б’юцца лепей за немцаў»[23]
Першыя зьвесткі аб актывізацыі аддзелаў украінскіх нацыяналістаў пачалі зьяўляцца ў пачатку 1943 году. У лютым 1943 украінскія нацыяналісты пачалі нападаць і раззбройваць невялічкія аддзелы савецкіх партызанаў. Гэта прымушала савецкіх партызанаў належным чынам рыхтавацца да наступных апэрацыяў. Так, падчас рэйду ў лютым 1943 па паўночных раёнах Роўненскае вобласьці Сумскога партызанскага аддзелу пад камандаваньнем Каўпака ў загадзе ўвесь асабовы склад і камандзіры былі папярэджаны, што яны ідуць на тэрыторыю, якая кантралюецца ўкраінскімі нацыяналістамі. Аднак да баявых сутыкненьняў справы не дайшло, бо УПА пазьбягала баёў.[24]
У стаўленьні да ўкраінскіх нацыяналістаў камуністычнае кіраўніцтва на чале з Хрушчовым зыходзіла з таго, што «кіраўнікі буржуазных украінскіх нацыяналістаў — то нямецкія агенты». Карыстаючыся такім падыходам, Хрушчоў зыходзіў з таго, што галоўнай мэтай барацьбы зьяўляецца разгром фашысцкіх акупантаў, таму атрадам партызан было рэкамэндавана не ўступаць у баі з нацыяналістычнымі загонамі, калі яны самі не нападаюць.[25]
Аднак за некалькі месяцаў УПА ўзмацнілася настолькі, што пачала адкрыта нападаць не толькі на малыя, але і на вялікія аддзелы партызан.[25] У адказ на гэта адзін з камандзіраў Сабураў выдаў жорсткі загад, дзе, у прыватнасьці, гаварылася: «Дзеяньні па зьнішчэньні нацяналістаў ухваляю. У кожным выпадку іх нападаў — жорстка караць. Лістоўкамі паведаміць, што за аднаго партызана будзе зьнішчана 15 аўнаўцаў ды іх нямецкіх гаспадароў.»[25]
19 чэрвеня 1943 ад камандзіраў атрадаў Алексенкі ды Шытава, якія спрабавалі прайсьці да беларускага Палесься да аэрадрому атрада Сабурава, прыйшло паведамленьне, што яны былі заатакаваны і аточаны вялікімі сіламі нацыяналістаў. Пасьля трохдзённага бою яны ня здолелі прарвацца і адступілі з адчувальнымі стратамі.[26] За лета 1943 актыўнасьць барацьбы украінскіх паўстанцаў з чырвонымі партызанамі ўзрасла. Вялікія баі адбыліся у ліпені за сяло Тэрэмне Астроскага раёну, каля чыгункі Ковель-Сарны і г. д. 10 верасьня 1943 Роўненскае партызанскае зьяднаньне № 2 і загон Яравога правялі тры баі з УПА, якая мела там каля 1.000 байцоў з гарматамі і мінамётамі. З прычыны нястачы патронаў савецкія партызаны вымушаны былі пазьбягаць бою.[26] У пэрыяд са жніўня па лістапад 1943 украінскія паўстанцы правялі з партызанамі 54 баі, у той жа час як зь немцамі — 47.[26]
Напрыканцы 1943 — пачатку 1944 узмацненьне барацьбы УПА з савецкімі партызанамі было немінучым з-за набліжэньня савецка-гэрманскага фронту і спробаў чырвоных партызанаў замацавацца ў Заходняй Украіне, што стварала сьмяротную небясьпеку для УПА. Гэта знайшло адбітак у загадах камандзіраў УПА, дзе адзначаецца неабходнасьць «канчаткова зьліквідаваць чырвоных партызанаў як „агентаў Масквы.“»[27] Аднак мэты ў бакоў былі розныя. УПА імкнулася эканоміць свае сілы, спадзеючыся на абяскрыўленьне дзьвух ворагаў — Масквы і Бэрліна. Савецкія партызаны бачылі сваёй галоўнай мэтай барацьбу зь немцамі. Былы камандзір Фёдараў успамінаў, што «бесперапынных баёў з бэндэраўцамі не вялося.»[27] Набліжэньне фронту і актыўнасьць пракамуністычных сілаў прымусіла УПА перавесьці барацьбу ў яшчэ больш кансьпіратыўны кірунак, пазьбягаючы атак Чырвонай Арміі, а галоўную ўвагу накіроўваць супраць агентаў НКУС. Аб гэтых плянах УПА стала вядома камуністычнаму кіраўніцтву.[22] На пачатак 1944 адносяцца і першыя баявыя сутыкненьні УПА з Чырвонай Арміяй. Нягледзячы на матэрыялы «Тактычнай інструкцыі», якая забараняла напады на аддзелы Чырвонае Арміі, мясцовыя камандзіры парушалі гэты загад.[28]
Першыя сутыкненьні адбыліся ў раёне дзеяньняў І Украінскага фронту на Валыні-Палесьсі. За пэрыяд ад 7 лютага па 2 сакавіка 1944 году ў тыле 13-й Арміі было зафіксавана каля 200 нападаў аддзелаў УПА-Поўнач на невялікія вайсковыя калёны ды на дробныя групы вайскоўцаў. У лютым 1944 баевікі УПА напалі на дарозе Карэц-Роўна на калёну камандуючага І Украінскім фронтам Ватуціна, які быў паранены, а пасьля памёр.[29]
Ужо першыя акцыі паказалі, што ў параўнаньні з «паднямецкімі» часамі дзеяньні паўстанцаў былі менш удалымі. Прыйсьце савецкае ўлады азначала пачатак канца дзейнасьці УПА.[29]
Барацьба з польскім насельніцтвам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Супрацьстаяньне палякаў з УПА ахапіла такія тэрыторыі, як Валынь, Усходнюю Галіцыю, Холмшчыну, Падляшша, Надсеньне і Лемкоўшчыну. На працягу 1942—1943 гадоў палякі ня мелі тутай буйных узброеных аддзелаў, што фактычна рабіла польскае цывільнае жыхарства безабаронным перад атакамі і тэрорам з баку УПА.
У пачатку 1943 году на тэрыторыі Генэральнае акругі Валынь-Падольле прыхільнікі АУН(б) і ейнай вайсковае адзінкі УПА правялі масавае зьнішчэньне пераважна польскага цывільнага насельніцтва[30][31]. Акрамя этнічных палякаў зьнішчаліся таксама члены зьмяшаных польска-ўкраінскіх сем’яў, палітычныя апанэнты АУН(б) ды зьбеглыя савецкія ваеннапалонныя.
Разам з узрастаньнем тэрору і нападаў на польскае насельніцтва яшчэ ў 1942—1943 гг. пачалі зьяўляцца першыя аддзелы самаабароны. Звычайна гэта былі адносна невялікія па колькасьці і слаба ўзброеныя атрады, дзейнасьць якіх абмяжоўвалася патруляваньнем ваколіц і спыненьнем і папярэджваньнем атакаў. У 1943 на Валыні паўстала каля сотні такіх аддзелаў, якія кіраваліся праз цывільныя ўлады. Пры гэтым вытрываць напор украінскіх нацыяналістаў здолелі толькі найбуйнейшыя пункты самаабароны, і ў цэлым яны не змаглі спыніць забойствы.
Толькі ў пачатку 1944 Арміяй Краёвай была сфармавана 27 Валынская Дывізія пяхоты, у выніку чаго ініцыятыва перайшла на польскі бок. Аднак гэта акцыя была дужа запозьненай, бо ўжо не пасьпела паўплываць на трагічны лёс палякаў на ўсходніх землях.
(глядзіце далей — Ліквідацыя УПА)
Вайна зь мадзярскай арміяй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Станіславоўскай вобласьці (сёньня Івана-Франкоўская) мадзярскія войскі ашчаджалі польскае насельніцтва ад тэрору УПА і ад траўня 1944 праводзілі баявыя дзеяньні супраць атрадаў УПА.[32]
Аднак, у студзені 1943 году ў Будапэшце (у тайне ад немцаў) спаткаліся дэлегаты УПА з вугорскімі ўладамі. Спатканьне скончылася заключэньнем паразуменьня, у якім Вугоршчына, наўзамен за недатыкальнасьць сваёй арміі абавязваліся паставіць УПА зброю і амуніцыю. Таксама пасылаліся вайсковыя інструктары, якія маскіраваліся пад палонных.[33]
Ліквідацыя УПА
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ліквідацыя УПА на тэрыторыі СССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Актыўныя дзеяньні супраць Чырвонае Арміі прымусілі савецкае кіраўніцтва пачаць актыўную дзейнасьць па ліквідацыі УПА. Ужо ў сярэдзіне сакавіка 1944 са згоды Масквы ў Роўна быў створаны Апэратыўны штаб па барацьбе з АУН і УПА. Для правядзеньня працы па ліквідацыі ў Роўна прыехалі заступнікі міністра ўнутраных справаў СССР Круглоў і Сероў. 28 сакавіка таго ж году яны паведамлялі Хрушчову, што ў выніку 65 апэрацыяў было забіта 1129 чальцоў АУН і УПА, захоплена 2 гарматы, 36 кулямётаў, 54 аўтаматы, 406 дубальтовак, 49,6 тыс. патронаў. Таксама зазначалася, што ў рэгіён прыбыло 29 эшэлёнаў войскаў НКУС. Паводле словаў Круглова «войскі добра ўзброены і здольны выканаць пастаўленыя перад імі заданьні.» І ў наступныя дні, акцыі супраць АУН-УПА праводзіліся зь неаслабнаю сілаю.[34]
Наймаштабнейшыя баі паміж бальшавікамі і ўкраінскімі баевікамі адбыліся 22—25 красавіка 1944 пад Гурбамі, у раёне Крэмянецкіх лясоў. Тутай, у лясным масіве, знаходзілася каля 4—5 тысячаў баевікоў. Сілы СССР, паводле зьвестак УПА, налічвалі каля 30 000 асобаў з танкамі. Аднак, нягледзячы на значныя страты, шырокамаштабныя апэрацыі і прымяненьне вялікіх сілаў, разграміць УПА не ўдалося.[35] Барацьба УПА да канца вайны стала значным фактарам, які значна перашкодзіў радзкай уладзе правесьці палітычныя, эканамічныя ды іншыя захады ў рэгіёне.[36]
УПА былі вымушаны звузіць сваю дзейнасьць, а Савецкія сілы імкнуліся лякалізаваць і звузіць сацыяльную базу і дзейнасьць УПА. У 1946 у местах і сёлах былі разьмешчаны савецкія гарнізоны, а войскі НКУС праводзілі непарыўныя акцыі па перасьледу байцоў УПА.[37] У выніку УПА былі вымушаны перайсьці з партызнаскае да падпольнае дзейнасьці. Атрады УПА цяпер сталі малалікімі і ўлучалі ня больш за сто жаўнераў. Мноства з жаўнераў былі дэмабілізаваны і вярнуліся дадому, калі савецкая ўлада абвесьціла амністыю. Значную ролю адыгрывалі масавыя арышты і дэпартацыі, якія праводзіла савецкая ўлада супраць усіх, хто меў якое-небудзь дачыненьне да любых незалежных арганізацыяў. У выніку гэтых апэрацыяў, з тэрыторыі Заходняй Украіны было вывезена паводле розных ацэнак, ад 250.000 па 500.000 асобаў розных нацыянальнасьцяў. Найперш гэта былі сем’і сябраў УПА[38][39] Асноўныя свае акцыі УПА праводзіла цяпер супраць савецкай адміністрацыі і службаў бясьпекі. За пэрыод паміж лютым 1944 і сьнежнем 1946 былі забіты 11,725 савецкіх афіцэраў, агэнтаў і калябарантаў і 2.401 зьніклі на тэрыторыі Заходняй Украіны.[40]
З 1946 году УПА звычайна складалася зь невялічкіх груп колькасьцю 5—10 байцоў, а сваю асноўную актыўнасьць яны зьмяшчалі на савецка-польскай мяжы. Нягледзячы на кантакты са спэцслужбамі Вялікай Брытаніі і Францыі, УПА пастаянна скарачала сваю колькасьць.[41] 30 траўня 1947 году Шухевіч надаў загад аб аб’яднаньні УПА і ўзбройнага падпольля АУН. Афіцыйна, штабы УПА спынілі сваю дзейнасьць 3 верасьня 1949 году. Лідэр УПА Раман Шухевіч быў забіты недалёка ад Львова 5 сакавіка 1950 году. Многія з УПА пераходзілі на службу НКУС. Усяго, па 1954 год каля 150 такіх спэцыяльных груп колькасьцю 1800 асобаў працавалі на НКУС.[42] Апошнія атрады спынілі супраціўленьне толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Апошнім партызанам сябе называў Ільля Абершын, які пакінуў лес толькі ў 1991 годзе.[43]
Ліквідацыя УПА на тэрыторыі Польшчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сваю асноўную актыўнасьць УПА з 1946 засяродзіла на савецка-польскае граніцы. Тут, у 1947 УПА арганізавала забойства польскага камуністычнага міністра абароны генэрала Караля Сьвярчэўскага. Большасьць з дакумэнтаў [44] паказуе, што на дзень 1 красавіка 1947 УПА мела на тэрыторыі Польшчы збройныя сілы ў колькасьці 2402 асобы. Аднак, 1947 стаў апошнім годам для АУН і УПА на тэрыторыі Польшчы. У выніку правядзеньня Акцыі «Вісла» па перасяленьні насельніцтва і высокае актыўнасьці польскіх сілаў, рэшткі УПА вымушаны былі перабірацца на Захад праз Чэхаславакію. Зь некалькі тысячаў чалавек, да сваёй цэлі дабраліся толькі каля сотні.
Дзейнасьць і ліквідацыя УПА на тэрыторыі Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вытокі дзейнасьці ўкраінскіх нацыяналістычных арганізацыяў на тэрыторыі Беларусі ляжаць яшчэ ў міжваенныя часы. На Палесьсі разнастайныя ўкраінскія культурна-асьветніцкія і палітычныя аб’яднаньні праводзілі мэтанакіраваную работу па ўкраінізацыі мясцовага насельніцтва, аб чым сьведчыць скарачэньне колькасьці «тутэйшых» і «палешукоў» пры перапісах насельніцтва ў міжваеннай Польшчы.[45][46] Акрамя таго, шырокую дзейнасьць разгарнулі ўкраінскія эмігранцкія арганізацыі.[46]
Дзейнічалі ўкраінскія фармаваньні ў раёнах, дзе пражывала некаторыя колькасьць украінскага насельніцтва.[46] Мэтаю дзейнасьці УПА і АУН на Беларусі было стварэньне ўкраінскага гаспадарства, што было чужым для беларусаў і што дужа паўплывала на тое, што беларускае насельніцтва рэзка адгарнулася ад украінскіх арганізацыяў.[47]
1941—1942 характарызуецца наяўнасьцю шматлікіх кансьпірацыйных партыяў, арганізацыяў і збройных фармаваньняў, якія праводзілі маштабныя апэрацыі ўласнымі вайсковымі сіламі. Украінскія арганізацыі адкрыта супрацоўнічалі зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі — як дыпляматычнымі, так і ваеннымі сродкамі. Так, узброеныя фармаваньні «бульбаўцаў» супольна зь беларускімі калябарантамі правялі на тэрыторыі Палесься супольную акцыю супраць рэшткаў Чырвонае Арміі.[48] У выніку на Палесьсі стварылася своеасаблівая сытуацыя — нямецкай адміністрацыі амаль не было, часткі Чырвонае Арміі альбо былі зьнішчаныя, альбо выцесьненыя ў бранскія лясы. Такая сытуацыя спрыяла ўзмацненьню ўплыву і аўтарытэту ўкраінскіх арганізацыяў у Беларусі.[49]
Непасрэдна стварэньне УПА як асобнай вайсковай структуры на Заходнім Палесьсі пачалося раньняй вясной 1943 году. У сярэдзіне 1943 году партызанская зона УПА ўтварылася ў Дзівінскім раёне (Берасьцейская вобласьць)[50]. Летам 1943 АУН-УПА аб’яднала пад сваім кіраўніцтвам усе вайсковыя фармаваньні ўкраінскіх арганізацыяў, у тым ліку створаную Тарасам Бульба-Бараўцом Палескую Сеч. Гэтая новая армія абавязвалася ашчаджаць украінскае жыхарства (ігнаруючы іншыя народы, якія пражывалі каля ўкраінцаў) на ўкраінскае тэрыторыі.[51] Ідэя стварэньня ўкраінскай дзяржавы была варожа сустрэтая як з боку нямецкіх акупацыйных уладаў, так і з боку савецкіх партызнаў і Арміі Краёвай, у выніку чаго УПА пачала барацьбу па ўсіх напрамках. УПА праводзіла дывэрсыі і рэйды супраць чырвоных партызанаў, вэрмахту і Арміі Краёвай, падчас якіх праводзіліся тэрарыстычныя акцыі і супраць мясцовага насельніцтва — беларусаў, палякаў і габрэяў[52].
У 1943 на тэрыторыі поўдня Беларусі адбываецца значнае ўзрастаньне колькасьці ўдзельнікаў УПА. Паводле папярэдніх падлікаў, колькасьць чальцоў АУН, акрамя моладзі і тых, хто спачуваў ім, дасягнула 10—15 тысячаў асобаў. Колькасьць асобаў, датычных да УПА на Беларусі — 8—10 тысячаў. Група «Тураў», якая дзейнічала на Валыні і ў сумежных раёнах Берасьцейшчыны, пасьля частковае дэмабілізацыі і перадачы ў групу «Заграва» загону «Катлавіна» налічвала на 1 студзеня 1944 3048 асобаў. З улікам дэмабілізацыі і фармаваньняў тылу УПА складала прыблізна 15—20 тыс. асобаў.[52] Улетку 1944 г., на час прыходу савецкага войска, у атрадах УПА ў Дзівінскім раёне бралі ўдзел больш за 3 тыс. жыхароў[50].
У пэрыяд зь лютага 1944 па канец 1945 банды УПА зьдзейсьнілі больш за 6600 дывэрсыйна-тэрарыстычных актаў з прыкладна 14,5 тысячы агульных ваенных нападаў (45%)[52][53]
Асноўнымі мэтодамі барацьбы ў гэты час былі дывэрсыі і тэрор супраць савецкай улады і камуністычных актывістаў у спалучэньні з агітацыяй і прапагандай сярод насельніцтва. Фактычна праводзілася рабаўніцтва, гвалт і насільле над мясцовым насельніцтвам, што нарэшце прывяло да покрышу і ліквідацыі УПА ў Беларусі.[52] У 1952 г. войскі НКУС зьнішчылі апошні атрад УПА ў Беларусі пад кіраўніцтвам «Грыця» Лукашука[50].
Забойствы мірных жыхароў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Этнічныя чысткі палякаў пачаліся з 1943 году. Арганізаваныя забойствы працягваліся зь лютага 1943 па люты 1944. Колькасьць загінутых застаецца па сёньня невядомай і вызначаецца ад 60 000 па 500 000. Лічбу 60 000-80 000 прыводзіць Jan T. Gross. Польская (камуністычная) камісія па дасьледваньні злачынастваў супраць польскага народу прапаноўвала лічбу ў 300 000—400 000. Леанід Кучма выказаўся, што «ўкраінскія шавіністы забілі каля паўмільёну палякаў на Ўсходніх землях», што аднак, не было пацьверджана доказамі і магчыма, зьяўляецца вынікам падману.[54]
Людабойства адбывалася ў Львоўскім, Станіславоўскім, Тарнапольскім, Валынскім, а таксама па-за Кэрзонавай лініяй — Люблінскім ваяводзтвах.[55][56]
Улетку 1943 былі праведзены этнічныя чысткі з мэтай канчатковага выдаленьня «польскага элемента», а ўвосень 1943 многія раёны Валыні сталі «этнічна чыстымі». Канфлікт меў моцны рэлігійны і нацыянальны падтэкст.
«Сьвятар Людвік Владарчык з Акопы быў расьпяты на крыжы; сьвятару Станіславу Дабржанскаму адрубілі сякерай галаву, разам зь ім загінула 967 вернікаў з Астроўкі; сьвятара Караля Бараня з Карытніцы расьпілавалі папалам на драўляным карыце; сьвятару Завадзкаму перарэзалі горла нажом…»[57]
10 ліпеня 1944 камандуючы УПА ва Ўсходняй Галіцыі Васыль Сідор загадаў: «пастаянна нападаць на палякаў — да поўнага зьнішчэньня астатняга на гэтай зямлі.»[58] Аднак выкананьне гэтага загаду было спынена наступам Савецкай Арміі, хаця акцыі супраць палякаў працягваліся і ў 1944—1947, пакуль савецкімі ўладамі не была праведзена «Акцыя Вісла» па перасяленьні палякаў на тэрыторыю Польскай Народнай Рэспублікі.
Сярод ахвяраў іншых нацыянальнасьцяў адзначаюцца габрэі, самі ўкраінцы, якія не сымпатызавалі УПА, а таксама калябарантаў і савецкіх грамадзянаў падчас першай савецкай акупацыі 1939—1941. У многіх вёсках габрэі і палякі разам змагаліся з агульным ворагам.[57] Ахвярамі стала таксама невялічкая грамада польскіх армянаў у Галіцыі, якіх забівалі за прывязанасьць да польскасьці (вядома, што армянскі архібіскуп Юзаф Тэадаровіч адкрыта казаў аб прыналежнасьці Львова да Польшчы. 19-21 чэрвеня 1944 у Кутах над Чэрэмошам на Пакуцю было забіта каля 500 польскіх армянаў і палякаў.[59]
Ідэалёгія УПА
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ідэалёгія УПА Бэндэры была тыповай для радыкальнага ўсходнеэўрапейскага нацыяналізму канца 1930-х гадоў. Яе падставамі былі абсалютызацыя арганічнасьці і прыроднасьці нацыі, цягласьць яе існаваньня, прымат інтарэсаў нацыі над інтарэсамі асобы, ідэалізм, культ зямлі й сялянства, стаўка на дзяржаўны патэрналізм, прапаганда этнічнае салідарнасьці, пропаведзь сацыяльнае гармоніі і надклясавую рэпрэзэнтацыйнасьць нацыяналістычнага руху.[60]
Паводле палітычнае арыентацыі, ідэалёгія УПА належыць да ўльтранацыяналістычных арганізацыяў, мэтай якой было стварэньне «Украіны для ўкраінцаў». Ідэі сацыяльнага міру і гармоніі і ксэнафобіі да іншых нацыянальнасьцяў (найперш супраць палякаў, расейцаў, габрэяў), набліжалі іх у гэтым да эўрапейскага нацыянал-сацыялізму. На чале створанай Украіны мела стаяць толькі адна партыя — АУН, а дзяржава мела кіравацца праз палітычныя эліты, безь якога-небудзь прадстаўніцтва ў выглядзе парлямэнту ці іншых палітычных партыяў.
Памяць аб УПА пасьля вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стаўленьне да УПА пасьля вайны застаецца досыць спрэчным. Ва Ўкраіне вядзецца дыскусія вакол пытаньня наданьня вэтэранам УПА гонару вэтэранаў Другой сусьветнай вайны і ўшанаваньня УПА як вызвольнага руху.[61] Аднак за час існаваньня незалежнай Украіны моцных зьменаў у тым кірунку не адбылося. 12 верасьня 1997 году кабінэт міністраў Украіны пастанавіў стварыць камісію па дасьледваньні дзейнасьці УПА.[62] 14 кастрычніка 2006 году прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў дэкрэт, паводле якога УПА надаецца статус вызвольнага руху.[61][63] Аднак гэты дэкрэт ня быў адобраны парлямэнтам Украіны і застаўся актам прапагандычным. Штогод Юшчанка вітае вэтэранаў УПА з нагоды стварэньня гэтае арміі[64], а 12 кастрычніка 2007 году загадам Віктара Юшчанкі лідэру УПА Раману Шухевічу быў нададзены статус «Героя Ўкраіны».[65] Сытуацыя з намаганьнем Юшчанкі праз парлямэнцкі закон надаць УПА статус вызвольнага руху паўтарылася і ў 2008 годзе.[61] Падтрымліваюць ушанаваньне УПА ўкраінскія нацыяналістычныя партыі, а сама ідэя карыстаецца большай папулярнасьцю сярод жыхароў Заходняй Украіны. Супраць ушанаваньня выступае «Партыя рэгіёнаў» і камуністы, якія знаходзяць у гэтым падтрымку на ўсходзе краіны.
Супраць ушанаваньня УПА выступаюць суседзі Ўкраіны — Польшча і Расея. У Польскай Рэспубліцы перапісы паказваюць, што 49% палякаў нічога ня ведаюць пра тыя падзеі, 17% штосьці чулі, але дакладна ня ведаюць, 20% «ведаюць, але мала» і толькі 14% добра ведае аб людабойстве нацыяналістамі палякаў у часе ІІ Сусьветнай вайны.
11 ліпеня 2003 у памяць 60-годзьдзя забойстваў у Парыцку прэзыдэнты Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і Ўкраіны Леанід Кучма адкрылі там помнік забітым. Прэзыдэнт Квасьнеўскі тады паведзіў:
«Трэба, аднак, тутай выразіць маральны пратэст супраць ідэалёгіі, якая давяла да „антыпольскай акцыі“, заініцыяванай праз Арганізацыю Ўкраінскіх Нацыяналістаў і Ўкраінскай Паўстанчай Арміі. Ведаю, што тыя словы могуць зачапіць. Але жадная цэль, ані жадная вартасьць, нават такая важная, як вольнасьць і сувэрэннасьць народу, ня можа апраўдаць людабойства, разьні цывільных, насільле і гвалты…»
29 кастрычніка 2007 — праект наданьня статусу генацыду разьні палякаў украінцамі ў 1942—1944 на Валыні быў адрэгаваны праз чатырох польскіх эўрадэпутатаў, выбраных зь лістоў «Лігі польскіх сем’яў» і прэзэнтаваны дэлегацыям да Эўрапейскага Парлямэнту.[66] Праект, аднак, ня быў аддадзены на галасаваньне.[67]. У Польшчы дзейнічае «Агульнапольскі Камітэт Будовы Помніка Ахвяр Людобойства, дакананага праз АУН-УПА».[68][69][70] 15 ліпеня 2009 Сейм Польскай Рэспублікі прыняў ухвалу «у справе трагічнага лёсу палякаў на Усходніх Крэсах», дзе вядзецца аб распачатай праз Арганізацыю Ўкраінскіх Нацыяналістаў і Ўкраінскую Паўстанчую Армію на Крэсах ІІ Рэчы Паспалітай так званай антыпольскай акцыі — масавых забойстваў з характарам этнічнай чысткі…[71][72].
16 чэрвеня 2009 у парлямэнце Летувы была ўрачыста адкрыта выстава, у якой ухвалёўваецца памяць УПА. У адкрыцьці выставы, падрыхтаванай украінскім бокам, узяў ўдзел віцэ-сьпікер Сойму Летувы Альгіс Кашэта, дырэктар Цэнтру Процістаяньня Людабойству і Руху Адпору Жыхароў Летувы Тэрэзія Бірутэ-Бірускаітэ, пасол Летувіскага Сойму Даліа Коўдыце, эўрапасол Вітаўтас Ландсіукпшы, амбасадар Украіны на Летуве Ігар Пракапчук. Наступная выстава будзе прэзэнтавана ў Рызе і Таліне.[73]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Військово-польова жандармерія — спеціальний орган Української повстанської армії (укр.)
- ^ а б Уладзімер Дзёбак, Ігар Ільлюшын(en), Георгі Касьянаў(uk) і Аналій Кенцій(uk). Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія = Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі(uk). — Кіеў: Навуковая думка(en), 2005. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 190-198. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Нацыяналістычнае падпольле ў 1949—1956 гг. // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 435-438. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Разьдзел 7. Антыкуманістычны супраціў АУН і УПА ў пасьляваенны пэрыяд (1946—1956 гг.) // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 394-444. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ І.Ільлюшын. Разьдзел 5. Баявыя дзеяньні АУН і УПА на антыпольскім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 222-302. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ W.Siemaszko, E.Siemaszko, Ludobójstwo dokonane przez nacjonalistów Ukraińskich na ludności polskiej Wołynia 1939—1945, Warszawa 2000 (пол.)
- ^ А.Кенцій. Разбудова тэрытарыяльных структураў і штабоў паўстанчай арміі // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 173. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ Ці заслугоўваюць помніка тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады?(недаступная спасылка)
- ^ А.Кенцій. Разьдзел 2. Пераход АУН(Б) на антынямецкія пазіцыі (1941—1942) // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 88-113. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ «Воєнна історія» #5-6 за 2002 рік УКРАЇНСЬКА ПОВСТАНСЬКА АРМІЯ ТА ЗБРОЙНІ ФОРМУВАННЯ ОУН У ДРУГІЙ СВІТОВІЙ ВІЙНИ
- ^ А.Кенцій. Стратэгія «двухфрантавой» барацьбы АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 176. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 183. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ «…Ось сумна статистика тих боїв: у липні відбулося 35 сутичок, у серпні — 24, у вересні — 15; втрати повстанців становили 1237 бійців і старшин, ворожі втрати склали 3000 чоловік…»
- ^ ВИСНОВОК УКРАЇНСЬКИХ ТА ПОЛЬСЬКИХ ІСТОРИКІВ ЗА ПІДСУМКАМИ IX—X МІЖНАРОДНИХ НАУКОВИХ СЕМІНАРІВ (Варшава, 5—11 листопада 2001 р.)(недаступная спасылка)
- ^ а б в А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 184. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 181-182. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 199. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ Чуев С. Проклятые солдаты. −2004. б. 362
- ^ а б А.Кенцій. Стратэгія «двухфрантавой» барацьбы АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 180. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Стратэгія «двухфрантавой» барацьбы АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 178. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 206. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 203. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 200. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б в А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 201. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б в А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 202. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 205. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 210. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 211. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ Władysław Filar Antypolskie akcje nacjonalistów ukraińskich (пол.). Mój Lwów - wspomnienia i aktualności ze Lwowa. Праверана 9 траўня 2010 г.
- ^ І.І. Ільюшин. Волинська трагедія 1943 (укр.). Інститут історії України Національної академії наук України. Праверана 9 траўня 2010 г.
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 5 [1] б. 288
- ^ Państwowe Archiwum Federacji Rosyjskiej w Moskwie, fond 9401, opis 1, dzieło 94, s. 132—140
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 15 https://web.archive.org/web/20120515165126/http://history.org.ua/LiberUA/Book/Upa/24.pdf стр.213
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 15 https://web.archive.org/web/20120515165126/http://history.org.ua/LiberUA/Book/Upa/24.pdf стр.211-212
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 15 https://web.archive.org/web/20120515165126/http://history.org.ua/LiberUA/Book/Upa/24.pdf стр.216
- ^ Jeffrey Burds (1997). «Agentura: Soviet Informants' Networks & the Ukrainian Underground in Galicia, 1944-48», East European Politics and Societies v.11 pp. 106—110
- ^ Jeffrey Burds (1997). «Agentura: Soviet Informants' Networks & the Ukrainian Underground in Galicia, 1944-48», East European Politics and Societies v.11 p. 92
- ^ external link
- ^ Jeffrey Burds (1997). «Agentura: Soviet Informants' Networks & the Ukrainian Underground in Galicia, 1944-48», East European Politics and Societies v.11 pp. 113—114
- ^ Institute of Ukrainian History, Academy of Sciences of Ukraine, Organization of [2]
- ^ https://web.archive.org/web/20071203015442/http://www.ukranews.com/eng/article/84498.html
- ^ Інтэрвію з Ільлём Абершыным
- ^ Grupa Operacyjna «Wisła», kalkulacja sił U.P.A. (sił zbrojnych U.P.A. i personalnej obsady terenowej) na terenie działania Grupy Operacyjnej «Wisła» na dzień 1.04-23.07.1947 r.
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 9-10
- ^ а б в Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 1
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 9
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 15
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 10-11
- ^ а б в Павал Берасьнеў. Барацьба за нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў (частка 3) // Зьвязда : газэта. — 25 сакавіка 2011. — № 55 (26919). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 11
- ^ а б в г Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 12
- ^ Малая война (организация и тактика действий малых подразделений): хрестоматия / Сост. А. Е. Тарас. — Минск : Харвест, 1998. б.419
- ^ Норман Дэвис. История Европы. — М.: АСТ., 2006 ISBN 5-17-024749-4 с 767
- ^ Wystawa ludobójstwa dokonanego na Polakach przez OUN-UPA na Kresach Południowo-Wschodnich II RP 1939—1947
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 5 [3] б. 166
- ^ а б Норман Дэвис. История Европы. — М.: АСТ., 2006 ISBN 5-17-024749-4 с 768
- ^ А.Русначенко «Украинско-польское противостояние» стр 101
- ^ Больш інфармацыі
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія: Історичні нариси / НАН України; Інститут історії України / С. В. Кульчицький (відп.ред.). — К.: Наук. думка, 2005. — 495 с c. 472 [4]
- ^ а б в Мікола Бугай. Юшчанка: ушанаваць байцоў УПА — наш прыярытэт // Наша Ніва, 10 студзеня 2008 г. Праверана 1 кастрычніка 2014 г.
- ^ П О С Т А Н О В А від 12 вересня 1997 р. N 1004
- ^ Tarasiuk do Juszczenki: Uznać UPA za bojowników o niepodległość
- ^ Сайт прэзыдэнта Украіны (укр.)
- ^ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ № 965/2007 Про присвоєння Р. Шухевичу звання Герой України (укр.)
- ^ [5], w: Rzeczpospolita 29 października 2007.
- ^ Patrz: https://web.archive.org/web/20110719050004/http://www.isakowicz.pl/index.php?page=news&kid=8&nid=943&PHPSESSID=cfb43afedc1625086e1d0b95e9201921
- ^ Apel Ogólnopolskiego Komitetu Budowy Pomnika Ofiar Ludobójstwa dokonanego przez OUN-UPA, mysl.pl [dostęp 11.04.2009]
- ^ Pomnik polskich ofiar OUN-UPA stanie w Warszawie?, wp.pl [dostęp 11.04.2009]
- ^ Przeciw pomnikowi ofiar UPA, rp.pl(недаступная спасылка) [dostęp 11.04.2009]
- ^ [6]
- ^ Браніслаў Камароўскі. Пастанова Сойму Польскай Рэспублікі ад 15 ліпеня 2009 г. у справе трагічнага лёсу палякаў на ўсходніх ускраінах (пол.) // Сойм Польскай Рэспублікі, 15 ліпеня 2009 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.
- ^ (Сайт ІА УНІАН)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Украінская паўстанчая армія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Уладзіслаў Грыневіч. Міт вайны і вайна мітаў // ARCHE Пачатак : часопіс. — Травень 2006. — № 5 (45). — С. 103-117. — ISSN 1392-9682.
- Марка Баяслаў(uk). Любоў паўстанцкая сьвятая // Дзеяслоў : часопіс. — Кастрычнік 2006. — № 5 (24). — С. 193-198. — ISSN 2076-1309.
- Сайт ОУН УПА: легенда спротиву (укр.)
- Летапіс УПА (анг.) // InfoUkes, 2000 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.
- Выстава аб генацыдзе палякаў з боку АУН-УПА на паўднёва-ўсходніх ускраінах ІІ РП у 1939-1947 гг. (пол.) // Уроцлаўскае Таварыства ўвекавечаньня ахвяраў злачынстваў украінскіх нацыяналістаў(pl), 2008 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.
- Джэфры Бурдс. Савецкая агентура = Советская агентура. — Масква: Сучасная гісторыя, 2006. — 293 с. — 500 ас. — ISBN 0978993705
- Яўген Цыбуленка(en). Бандэраўцы — праўда і гістарычныя міты (рас.) // Дэлфі, 12 кастрычніка 2009 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.