Перайсьці да зьместу

Выбуховае рэчыва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрсія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі броўзэру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку броўзэру.
Дынамітны склад

Выбуховае рэчыва — хімічнае злучэньне ці іхная сумесь, здольная ў выніку пэўных зьнешніх узьдзеяньняў ці нутраных працэсаў разрывацца з выбухам, выдзяляючы цеплыню і ўтвараючы моцна нацепленыя газы. Комплекс працэсаў, які адбываецца ў такім рэчыве, называецца дэтанацыяй. Традыцыйна да выбуховых рэчываў таксама адносяць злучэньні і сумесі, якія не дэтануюць, а гараць з вызначанай хуткасьцю , як то кідальныя порахі, піратэхнічныя саставы.

Існуе шэраг рэчываў, таксама здольных да выбуху, як то ядзерныя і тэрмаядзерныя матэрыялы, антырэчывы. Таксама існуюць мэтады ўзьдзеяньня на розныя рэчывы, якія прыводзяць да выбуху, як то ўзьдзеньне лазэрам або электрычнай дугой. Звычайна такія рэчывы не называюць «выбуховымі». Выбуховыя рэчывы выкарыстоўваюцца ў зброі, будаўніцтве, горнай справе.

Гісторыя

Выкарыстаньне грэцкага агню. Мініятура з мадрыдзкага сьпісу «Кронікі» Яна Скіліцы.

Чалавек распрацоўваў і вывучаў выбуховыя рэчывы разам з магчымасьцямі іхнага выкарыстаньня на практыцы на працягу даволі доўгага пэрыяду часу. Гістарычна першым правобразам сучасных выбуховых рэчываў можна лічыць гэтак званы «грэцкі агонь». Аўтарства дадзенай вынаходкі прыпісваецца грэку, якога клічылі Калінікас, а ў якасьці даты стварэньня складу называецца 667 год. Азначанае рэчыва пасьля выкарыстоўвалася рознымі народамі Эўропы й Блізкага Усходу, аднак у ходзе гістарычнага працэсу рэцэпт ягонага вырабу быў згублены. Мяркуецца, што «грэцкі агонь» складаўся зь серкі, смалы, солі і нягашанай вапны. Асаблівасьцю дадзенага выбуховага рэчыва зьяўлялася павышэньне інтэнсіўнасьці ўзгараньня пры спробе тушэньня выкліканага ім полымя вадой. Празь некаторы час, у 682 годзе, у Кітаі былі распрацаваны першыя прататыпы пораху, у склад якіх уваходзілі салетра, серка і драўняны парашок. Першапачаткова сумесь ужывалася ў піратэхніцы, а затым набыла і ваеннае значэньне.

Выкарыстаньне пораху ў Эўропе паводле гістарычных згадак адносіцца прыблізна да 1250 году, аднак гісторыкі не валодаюць дакладнымі зьвесткамі пра тое, хто менавіта выступіў у ролі першаадкрывальніка гэтага выбуховага рэчыва. Сярод магчымых кандыдатур у профільных дасьледаваньнях называюцца, у прыватнасьці, імёны Бэртольда Шварца і Роджэра Бэкана, а італьянскія спэцыялісты мяркуюць, што першае прымяненьне пораху варта асацыяваць з горадам Балёньняй напачатку XIII стагодзьдзя, то бок 1216 год. Маюцца таксама зьвесткі пра тое, што дадзенае выбуховае рэчыва ў ягонай кітайскай вэрсіі выкарыстоўвалася мангольскімі заваёўнікамі пад правадырствам Чынгісхана, якія задзейнічалі яго для падрыву гарадзкіх сьценаў пры аблозе. Гэты факт дазваляе некаторым дасьледчыкам сьцьвярджаць, што на аснове пораху была створана ў першую чаргу выбуховая, і толькі затым, агнястрэльная зброя. Празь некаторы час, у пачатку XIV стагодзьдзя, разгляданае выбуховае рэчыва знайшло прымяненьне ў артылерыі, забясьпечваючы выкідваньне снарадаў з гарматаў. Распрацоўка і ўдасканаленьне агнястрэльнай зборі прывяло да заняпаду эпохі рыцарства.

Глядзіце таксама

Вонкавыя спасылкі