Перайсьці да зьместу

Авідыюс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрсія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі броўзэру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку броўзэру.
Публіюс Авідыюс Назон
Publius Ovidius Naso
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Публіюс Авідыюс Назо
Нарадзіўся 20 сакавіка 43 да н. э.
Сульмона, Рымская рэспубліка
Памёр 17(0017)
Томы, цяпер Канстанца, Старажытная Грэцыя
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Жанр элегія, драма, эпас
Мова лацінская мова[1][2]
Значныя творы Мэтамарфозы

Публіюс Авідыюс Назон (па-лацінску: Publius Ovidius Naso; 20 сакавіка 43 да н. э., Сульмона, Рымская рэспубліка — 17 н. э., Томы, Старажытная Грэцыя) —- рымскі паэт, аўтар трох вялікіх зборнікаў эратычнай літаратуры: «Гераіні», «Каханьне» й «Навука каханьня». Вядомы таксама па паэмах «Мэтамарфозы», «Фасты» (аб рымскім каляндары) і па зборніках «Смутак» (альбо «Жалоба») й «Пантыйскія лісты», што былі напісаны Авідыюсам падчас знаходжаньня ў высылцы ля Чорнага мора. Ён лічыцца майстрам элегічнага верша й традыцыйна разам з Вэргіліюсам і Гарацыюсам лічыцца канонікам лацінскай літаратуры. Ягоныя творы значна паўплывалі на эўрапейскае мастацтва й літаратуру. Ягоныя вершы шмат імітавалі падчас Позьняй антычнасьці й Сярэднявечча, творчасьць Авідыюса зрабіла вырашальны ўплыў на эўрапейскае мастацтва й літаратуру, і застаецца адным з найважнейшых крыніцаў клясычнай міталёгіі[3].

Уладзіслаў Сыракомля ў вершы «Авідыюс на Палесьсі» абыграў паданьне пра высылку ў I стагодзьдзі Авідыюса ў славянскія землі й наяўнасьць на Палесьсі некалькіх узвышшаў з назваю Авідушавыя горы. Некаторыя творы Авідыюса былі перакладзены на беларускую мову Максімам Багдановічам.

Біяграфія

Авідыюс нарадзіўся ў горадзе Сульмона, у акрузе пэлігнаў, нявелічкага народа сабэльскага племені, якія жылі на ўсходзе ад Ляцыюма, у гарыстай частцы Сярэдняй Італіі. Месца й час свайго нараджэньня Авідыюс адзначае ў адной з сваіх «журботных элегій». Паэт паходзіў з заможнай сям’і, таму Авідыюс атрымаў добрую адукацыю. Наведваючы ў Рыме школы вядомых настаўнікаў, Авідыюс яшчэ з малых гадоў заўважыў у сябе цягу да паэзіі. Ён прызнаваў, што калі трэбы было пісаць прозай, з-пад яго пяра выходзілі вершы.

Па жаданьню бацькі, Авідыюс уладкаваўся на дзяржаўную працу, але, папрацаваўшы на некалькіх пасадах, вырашыў, што гэты занятак не для яго. Авідыюс больш за ўсё любіў пісаць вершы. Па жаданьню бацькоў ён рана ажаніўся, але й хутка ён разышоўся са сваёй жонкай. Другі шлюб таксама быў няўдалы й толькі з трэцяй жонкай, якая мела дачку ад першага шлюбу, ён пражыў доўга й, верагодна, у шчасьці. Сваіх дзяцей у Авідыюса не было.

Ён атрымаў адукацыю ў Рыме па рыторыцы пад кіраўніцтвам настаўнікаў Арэліюса Фукса й Порцыюса Лятрона разам са сваім братам, які маў посьпех у прамоўніцкім мастацтве[4]. Ягоны бацька жадаў, каб Авідыюс навучаўся рыторыцы ў адносінах да юрыдычнай практыцы. Аднак паводле словаў Сэнэкі Старэйшага, Авідыюс як правіла выкарыстоўваў эмацыйны бок у рыторыцы, а не аргумэнтаваны. Пасьля сьмерці свайго брата ва ўзросьце 20 гадоў, Авідыюс адмовіўся ад навучаньня юрыспрудэнцыі й некаторы час паэт правёў у падарожжы ў Атэны, Малую Азію й Сыцылію, а па вяртаньні пачаў дзейнасьць на літаратурнай ніве. Сярод сяброў Авідыюса былі такія вядомыя паэты, як то Гарацыюс і Прапэртыюс. Сам Авідыюс шкадаваў, што раньняя сьмерць Тыбула перашкодзіла ўсталяваць паміж імі блізкія адносіны й што Вэргіліюса (які звычайна ня жыў у Рыме) ён толькі бачыў. На восьмым годзе н. э. Аўгуст па неўсталяванай прычыне выслаў Аідыюса ў горад Томы, дзе на дзевятым годзе жыцьця ў высылцы ён сканаў. Лічыцца, што твор «Фасты» быў апублікаваны пасьмяротна. Дзякуючы старажытнарымскаму паэту паўстала распасюджанае мужчынскае імя ў сучаснай Румыніі — Авідыў. Акрамя таго ў горадзе Канстанца (сучаная назва гораду Томы) была ўсталёвана статуя ў памяць пра выбітнага старажытнарымскага літаратара.

Творчасьць

Выданьне «Навука каханьня» 1644 году, Франкфурт-на-Майне

Бліскучы паэтычны дэбют Авідыюса зьвязаны з жанрам эратычнай элегіі, даволі распаўсюджаным у ягоныя часы. У гэтым жанры адбіліся настроі сярэдніх слаёў грамадзтва, якія зьвярталіся ад грамадзкай дзейнасьці ў сфэру асабістага жыцьця. Паэт выкарыстоўваў творчасьць сваіх папярэднікаў, аднак ён ня быў толькі пераймальнікам, бо свае элегіі ён складаў у зусім іншай танальнасьці, у гульлівай, часам легкадумнай, трактоўцы тэмы каханьня. Публічныя дэклямацыі «Любоўных элегіяў» адразу прынесьлі іхнаму аўтару ўсеагульнае прызнаньне.

Першымі літаратурнымі досьведамі Авідыюса, за выключэньнем тых, якія ён, па ягоных ўласных словах, аддаваў агню «для выпраўленьня», былі «Гераіні» (лац. Heroides) і любоўныя элегіі. Нечакана элегіі атрымалі палітычную афарбоўку, калі паэт палемізаваў супраць тэндэнцыяў Актавіяна Аўгуста заканадаўчым шляхам аднавіць строгасьць сямейных нораваў. Новую форму для варыяцыі элегіі паэт стварыў у зборніку «Гераіні», дзе ў выглядзе скаргаў мітычных гераіняў на сваіх палюбоўнікаў і мужоў, зь якімі яны былі ў расстаньні, па-майстэрску раскрываецца псыхалёгія асобных гераіняў. Авідыюс выкарыстоўваў дзеля напісана матэрыял з трагедыяў Эўрыпіда й твораў эліністычнай літаратуры й мастацтва, аднак мадэрнізуючы міталягічныя вобразы, ён захаваў толькі традыцыйныя імёны й сытуацыі.

Яскравасьць паэтычнай здольнасьці Авідыюса добра выказваецца ў «Гераінях», але найбольшую ўвагу рымскага грамадзтва ён зьвярнуў на сябе любоўнымі элегіямі, якія выйшлі, пад назовам «Каханьне» (лац. Amores), спачатку ў пяці кнігах, але пасьля, па выключэньню многіх твораў самім паэтам, склаўшымі тры кнігі з 49 вершамі. Гэтыя любоўныя элегіі, склад якіх у той ці іншай ступені, магчыма, грунтуецца на любоўных прыгодах, перажытых паэтам асабіста, зьвязаныя з выдуманым імем ягонай сяброўкі, Карыны, якое й прабразгала на ўвесь Рым, як пра гэта заяўляе сам паэт (лац. totam cantata per Urbem Corinna). У гэтай даволі распаўсюджанай у рымскай літаратуры форме, якая ўжо мела сваіх клясыкаў, Авідыюсу атрымалася выявіць у поўнай сіле яскравую здольнасьць, якая адразу зрабіла ягонае імя гучным і папулярным. Сканчаючы апошнюю з гэтых элегіяў, ён малюе сябе гэтак жа праславіўшым свой народ пэлігнаў, колькі Мантуя абавязана сваёй славай Вэргіліюсу, а Вэрона — Катулу. Бясспрэчна, паэтычнага таленту, вольнага, нязмушанага, бліскучага досьціпа й трапнасьці выказваньня, у гэтых элегіях вельмі шмат, гэтак жа шмат дакладных жыцьцёвых назіраньняў, увагі да дэталяў і вэрсіфікатарскага таленту, для якога, відаць, не існавала ніякіх мэтрычных цяжкасьцяў.

«Навука каханьня»

Ня меншы рэзананс выклікала й наступны твор паэта, пры падрыхтоўку якога ён абвяшчаў сваім чытачам яшчэ ў 18-й элегіі II кнігі й які ў рукапісах і выданьнях Авідыюса носіць назоў «Навука каханьня» (лац. Ars amatoria), а ў творах самога паэта — проста «Ars». Гэта дыдактычная паэма ў трох кнігах, напісаная, як і амаль усе творы Авідыюса, элегічным памерам і ўтрымоўвае ў сабе навучаньні, спачатку для мужчынаў, якімі сродкамі можна набываць і захоўваць за сабой жаночую любоў (1 і 2 кнігі), а потым для жанчынаў, як яны могуць прыцягваць да сябе мужчынаў і захоўваць іхнюю прыхільнасьць. Сачыненьне гэта, адрознае ў іншых выпадках вядомай нясьціпласьцю зьместу, якую аўтар змушаны быў апраўдваць перад афіцыйнай маральлю той падставай, што пісаў свае настаўленьні для вольнаадпушчэнцаў і чужаземак Рыма, на якіх патрабаваньні аб строгасьці паводзінаў не распаўсюджваліся. У літаратурным дачыненьні твор цудоўна выкрывае сабой поўную сталасьць таленту й руку майстра, якая ўмее адштукаваць кожную падрабязнасьць і не стамляецца маляваць адну карціну за адной, з бляскам, цьвёрдасьцю й самавалоданьнем. Напісаны гэты твор быў у 21 гадох да н. э., калі паэту было 41—42 гады.

Высылка

Авідыюс працы Антона фон Вэрнэра

Увосень 9 году Авідыюс нечакана быў адпраўлены Аўгустам у высылку на берагі Чорнага мора, у дзікую краіну гетаў і сарматаў, і паселены ў горадзе Томы, які сёньня мае назоў Канстанца й месьціцца ў сучаснае Румыніі. Чыньнікі гэтага суровага распараджэньня Аўгуста ў адносінах да чалавека, які быў, па сувязях сваёй жонкі, блізкім да дома імпэратара, застаюцца невядомымі. Сам Авідыюс няпэўна называе яе словам памылка, адмаўляючыся сказаць, у чым гэтая памылка складалася. Віна яго была, відавочна, занадта інтымнага характару й зьвязана з нанясеньнем шкоды альбо гонару, ці годнасьці, альбо спакою імпэратарскага дома; але ўсё здагадкі навукоўцаў, з даўніх часоў спрабуючых разгадаць гэтую загадку, аказваюцца ў дадзеным выпадку адвольнымі. Адзіны прамень сьвятла на гэтую цёмную гісторыю пралівае заява Авідыюса, што ён быў міжвольным гледачом нейкага злачынства й ягоны грэх складаўся ў тым, што ў яго былі вочы. Іншая прычына апалы, аддаленая, але можа быць больш істотная, прама паказваецца самім паэтам: гэта — ягоная «дурная навука», гэта значыць «Ars amatoria», з-за якой яго вінавацілі як «настаўніка брудных пералюбаў». У адным са сваіх лістоў з Понта ён прызнаецца, што першай прычынай ягонай высылкі паслужылі менавіта ягоныя «вершы».

У 1923 годзе навуковец Гартман прапанаваў тэорыю, якая мала на сёньня мае прыхільнікаў навукоўцаў лацінскай цывілізацыі — што Авідыюс ніколі не пакідаў Рым, а ўсе ягоныя высылкі зьяўляюцца вынікам ягонага багатага ўяўленьне. Гэтая тэорыя была падтрымана і адкінута ў 1930 годзе, пераважна нідэрляндзкімі аўтарамі[5][6]. У 1985 годзе дасьледаваньні Фітана Браўна вылучаюць новыя аргумэнты на карысьць гэтай тэорыі[7]. Аднак і гэтыя дасьледаваньні зьявіліся чыньнікам спрэчак у навуковым асяродзьдзі[8]. Сярод прычынаў сьцьвярджэньняў Браўна маецца наступная, што выгнаньне Авідыюса вядома толькі зь ягоных уласных працах, за выключэньнем «сумнеўных» выказваньняў Плінія Старэйшага і Статыюса, але ніякі іншы аўтар не ўзгадвае пра высылкі да IV стагодзьдзя.

«Смутак»

Высылка на берагі Чорнага мора падала нагоду да цэлага шэрагу твораў, выкліканых выключна новым становішчам паэта. Сьведчачы аб невычэрпнай сіле таленту Авідыюса, яны носяць зусім іншы калярыт і ўяўляюць нам Авідыюса зусім у іншым настроі, чым да напатканьня ягонай катастрофы. Бліжэйшым вынікам гэтай катастрофы былі ягоны твор «Смутак» (лац. Tristia), які ён пачаў пісаць яшчэ ў дарозе й працягваў на месцы высылкі на працягу трох гадоў, адлюстроўваючы сваё гаротнае становішча, жалячыся на лёс і імкнучыся схіліць Аўгуста да памілаваньня. Твор, цалкам адлюстроўваючы свой загаловак, выйшаў у пяці кнігах і быў зьвернуты ў асноўным да жонкі, некаторыя эпізоды — да дачкі й сябрам, а адна зь іх, самая вялікая, складаючая другую кнігу — да Аўгуста. Яна вельмі цікавая ня толькі ў сэнсе стаўленьня паэта да асобы імпэратара, выстаўляючы ягоны веліч і подзьвігі й зьняважана просячы прабачэньня сваім грахам, але й заяўляньнем, што ягоныя норавы зусім не такія благія, як пра гэта можна думаць, мяркуючы па зьмесьце ягоных вершаў: наадварот, жыцьцё яго цнатлівае, а гарэзьліва толькі ягоная муза — заява, якую пасьля рабіў і Марцыял, у апраўданьне зьместу многіх з сваіх эпіграмаў. У гэтым жа творы прыводзіцца цэлы шэраг паэтаў грэцкіх і рымскіх, на якіх юрлівае ўтрыманьне іхных вершаў ня наклікаюць ніякай кары, паказваецца таксама на рымскія мімічныя прадстаўленьні, крайняя непрыстойнасьць якіх сапраўды служыла школай распусты для ўсёй масы насельніцтва.

«Пантыйскія лісты»

Авідыюс у высылцы працы Ёна Тэадарэску
Ўільям Тэрнэр. «Выгнаньне Авідыюса з Рыму». 1838 год

«Пантыйскія лісты» пабачілі сьвет у чатырох кнігах, зьмест якіх быў адрасаваны Альбіновану й іншым асобам лістоў у сутнасьці таксама, што й «Смутак», з той толькі розьніцай, што параўнальна з апошнім «Пантыйскія лісты» выяўляюць прыкметнае падзеньне таленту паэта. Гэта адчувалася й самім Авідыюсам, які адкрыта прызнаецца ў адной з главаў, што, перачытваючы, ён саромеецца напісанага й тлумачыць слабасьць сваіх вершаў тым, што заклікаемая ім муза ня хоча ісьці да грубых гетаў; выпраўляць жа напісанае — дадае ён — у яго не хапае сілаў, бо для ягонай хворай душы цяжка ўсялякая напруга. Цытата зь лістоў часта выкарыстоўваецца аўтарамі як просьба да чытача аб паблажлівасьці. Цяжар становішча адбіўся, відавочна, на свабодзе духу паэта; сталае адчувальны прыгнёт неспрыяльнага становішча ўсё больш і больш назаляў палёт ягонай фантазіі. Адсюль стомная манатоннасьць, якая, у спалучэньні зь мінорных тонам вырабляе ў рэшце рэшт цяжкае ўражаньне — уражаньне гібелі першараднага таленту, пастаўленага ў бездапаможныя і ненатуральныя ўмовы й губляе сваю магутнасьць нават у мове й вершаскладаньні.

«Мэтамарфозы»

«Мэтамарфозы» ці «Ператварэньні» ёсьць велізарнай паэтычнай працай у 15 кнігах, што заключае ў сабе выклад, які адносяцца да ператварэньням мітаў, грэцкіх і рымскіх, пачынаючы з хаатычнага стану сусьвету да ператварэньня Юліюса Цэзара ў зорку. Гэтая высокая паводле паэтычнай вартасьці праца была распачата і, можна сказаць, скончана Авідыюсам яшчэ ў Рыме, але не была выдадзеная з прычыны раптоўнага ад’езду. Да таго ж паэт, перад адпраўленьнем у высылку, спаліў, з гора або ў сэрцах, нават сам рукапіс, зь якога, аднак, было ўжо зроблена некалькі сьпісаў. Захаваныя ў Рыме сьпісы далі Авідыюсу магчымасьць перагледзець і дапоўніць ў тамах гэты буйны твор, які такім чынам і быў выдадзена. «Мэтамарфозы» зьяўляецца самай капітальнай працай Авідыюса, у якім багаты зьмест, дастаўленае паэтам галоўным чынам грэцкімі мітамі, быў апрацаваны з такой сілай невычарпальнай фантазіі, з такой сьвежасьцю фарбаў, з такой лёгкасьцю пераходу ад аднаго прадмета да другога, не кажучы пра бляск верша й паэтычных абарачэньняў, што нельга не прызнаць ва ўсёй гэтай працы сапраўднай урачыстасьці таленту, якое выклікае зьдзіўленьне. Нездарма гэты твор заўсёды шмат чытаўся й з даўніх часоў перакладалася на іншыя мовы, пачынаючы з грэцкага перакладу, зробленага Максімам Плянудам у XIV стагодзьдзі.

«Фасты»

Іншы сур’ёзны й таксама буйны ня толькі паводле аб’ёму, але й паводле значэньні твор Авідыюс зьяўляюцца «Фасты» (лац. Fasti — каляндар), які зьмяшчае ў сабе тлумачэньне сьвятаў або сьвятых дзён Рыма. Гэтая навуковая паэма, якая дае шмат дадзеных і тлумачэньняў, якія адносяцца да рымскаму культу й таму служыць важнай крыніцай для вывучэньня рымскай рэлігіі, дайшла да нас толькі ў 6 кнігах, якія абдымаюць першае паўгодзьдзе. Гэтыя кнігі Авідыюсу атрымалася напісаць і апрацаваць у Рыме. Працягваць гэтую працу ў высылцы ён ня змог з-за недахопу крыніцаў, хоць не падлягае сумневу, што напісанае ў Рыме ён падвергнуў на тамах некаторай пераробцы: на гэта ясна паказвае занясеньне туды фактаў, якія зьдзейсьніліся ўжо па выгнаньні паэта й нават пасьля сьмерці Аўгуста, як то трыюмф Германіка, які адносіцца да 16 году. У паэтычным і літаратурным дачыненьні «Фасты» далёка саступаюць «Мэтамарфозам», што лёгка тлумачыцца сухасьцю сюжэту, зь якога толькі Авідыюс мог зрабіць паэтычны твор; у вершы адчуваецца рука майстра, знаёмая нам па іншых творах таленавітага паэта.

Спадчына

Авідыюс быў апошнім зь вядомых паэтаў аўгустоўскага пэрыяду, са сьмерцю якога скончыўся залаты век рымскай паэзіі. Злоўжываньне талентам у пэрыяд ягонага найбольшага разьвіцьця пазбавіла яго права стаяць побач з Вэргіліюсам і Гарацыюсам, але крыніцай біла ў ім паэтычная здольнасьць і віртуознасьць ягонай вершаванай тэхнікі, што рабіла яго ўлюбёнцам ня толькі паміж сучасьнікамі, але й за ўвесь час існаваньня Рымскай імпэрыі. Бясспрэчна, Авідыюсу як паэту павінна быць адведзена адно зь першых месцаў у рымскай літаратуры. Ягоныя «Мэтамарфозы» й «Фасты» да гэтага часу чытаюцца ў школах, як твор ўзорны для лацінскае мовы й вершаскладаньне.

У гонар Авідыюса названы кратэр на Мэркурыі й пасёлак гарадзкога тыпу ў Адэскай вобласьці — Авідыёпаль.

Крытыцызм

Выява да францускай працы «Ovide Moralisé»

Працы Авідыюса інтэрпрэтавалі па-рознаму на працягу стагодзьдзяў у адносінах да сацыяльных, рэлігійных і літаратурных кантэкстаў розных часоў. Вядома, што ў часы ягонага жыцьця ён ужо быў падвергнуты крытыцы. У паэмы «Лекі каханьня» (лац. Remedia Amoris) Авідыюс зрабіў справаздачу крытыкі з боку людзей, якія лічылі ягоныя кнігі нахабнымі. Авідыюс стаў адным з самых вядомых і любімых рымскіх паэтаў Сярэднявечча й эпохі Адраджэньня[9]. Аўтары Сярэднявечча выкарыстоўвалі ягоныя працы як спосаб чытаць і пісаць пра сэкс і гвалт, без агульнапрынятага пункту гледжаньня на гэтыя рэчы таго часу пад узьдзеяньнем Бібліі[10]. У Сярэднявеччы францускімі аўтарамі быў складзены збор Авідыюса «Ovide Moralisé», які складаўся з 15 тамоў. Гэтая праца паўплывала на творчасьць ангельскага паэта Джэфры Чосэра. Вершы Авідыюса, якія таксама былі аздоблены ідэямі гуманізму, знайшлі свой адбітак у працах многіх мастакоў эпохі Адраджэньня й пісьменьнікаў.

У XVI стагодзьдзі некаторыя езуіцкія школы Партугаліі скарацілі некалькі ўрыўкаў з «Мэтамарфозаў» Авідыюса. У той час езуіты бачылі ягоныя вершы, як элегантныя кампазыцыі вартыя быць прадстаўленымі для студэнтаў у адукацыйных мэтах, але й у той жа час, як шкодніцкімі для студэнтаў[11]. Вялікую частку ідэяў Авідыюса езуіты выкарыстоўвалі ў сваіх калёніях, то бок быў прыняты «Плян навучаньня» (лац. Ratio Studiorum) Авідыюса ў каляніяльнай Бразыліі ў пачатку XVII стагодзьдзя, і ў гэты жа пэрыяд бразыльскія студэнты чыталі працы, як то «Epistulae ex Ponto», каб вывучаць лацінскую граматыку[12]. У Гішпаніі Авідыюс адначасова быў ухвалёны й абвергнуты крытыкай з боку Сэрвантэса, у ягоным творы «Дон Кіхот», дзе ён перасьцерагае аўтараў ад сатыры, якая можа прывесьці да выгнаньня паэтаў, як гэта здарылася з Авідыюсам[13]. У XVI стагодзьдзі творы Авідыюса былі абвергнутыя крытыцы ў Ангельшчыне. Арцыбіскуп Кентэрбэрыйскі й біскуп Лёндана пастанавілі, каб сучасныя пераклады вершаў Авідыюса пра каханьне былі публічна спаленыя ў 1599 годзе. Пурытане ў наступных стагодзьдзях лічылі Авідыюса як прадстаўніка паганскага й амаральнага ўплыў[14].

Крыніцы

  1. ^ Mirabile: Digital Archives for Medieval Culture (італ.)SISMEL – Edizioni del Galluzzo.
  2. ^ Ovidius Naso, Publius // CONOR.SI
  3. ^ Mark P. O. Morford, Robert J. Lenardon, «Classical Mythology» (Oxford University Press US, 1999), p. 25. ISBN 0-19-514338-8 ISBN 978-0-19-514338-6
  4. ^ Seneca, Cont. 2.28 і 9.5.17
  5. ^ H. Hofmann, «The unreality of Ovid’s Tomitan exile once again», Liverpool Classical Monthly 12.2 (1987), p. 23.
  6. ^ A. W. J. Holleman, «Ovid’s exile», Liverpool Classical Monthly 10.3 (1985), p. 48.
  7. ^ A. D. F. Brown, «The unreality of Ovid’s Tomitan exile», Liverpool Classical Monthly 10.2 (1985), p. 18-22.
  8. ^ Cf. the summary provided by A. Alvar Ezquerra, «Exilio y elegía latina entre la Antigüedad y el Renacimiento» (Huelva, 1997), p. 23-24
  9. ^ Peter Green (trad.), The poems of exile: Tristia and the Black Sea letters (University of California Press, 2005), p.xiii. ISBN 0-520-24260-2, ISBN 978-0-520-24260-9
  10. ^ Robert Levine, «Exploiting Ovid: Medieval Allegorizations of the Metamorphoses», Medioevo Romanzo XIV (1989), pp. 197—213.
  11. ^ Agostinho de Jesus Domingues, Os Clássicos Latinos nas Antologias Escolares dos Jesuítas nos Primeiros Ciclos de Estudos Pré-Elementares No Século XVI em Portugal (Faculdade de Letras da Universidade do Porto, 2002), Porto, p.16-17.
  12. ^ Serafim da Silva Leite, História da Companhia de Jesus no Brasil. Rio de Janeiro, Instituto Nacional do Livro, 1949, pp. 151-2 — Tomo VII.
  13. ^ Frederick A. De Armas, «Ovid in the Age of Cervantes» (Toronto: University of Toronto Press, 2010), pp. 11-12.
  14. ^ Ovid’s Metamorphoses, Alan H. F. Griffin, «Greece & Rome», Second Series, Vol. 24, No. 1 (Apr., 1977), pp. 57-70. Cambridge University Press.

Вонкавыя спасылкі