Перайсьці да зьместу

Адукацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам ArthurBot (гутаркі | унёсак) у 23:13, 31 сакавіка 2010. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.

Адукацыя (па-лацінску: educatio - выхаваньне) - працэс і вынік набыцьця сістэматызаваных ведаў, уменьняў і навыкаў у навучальных установах або самаадукацыяй. У больш шырокім пляне адукацыя - гэта культурна-адукацыйная прастора, якая ахоплівае сям'ю, разнастайныя навучальна-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сацыяльна-пэдагагічную інфармаструктуру, адукацыйныя працэсы на вытворчасьці і ў грамадзка-культурным жыцьці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлектуальна-творчы і прафэсійна-кваліфікацыйны патэнцыял народа.

Узроўні адукацыі

Беларуская нацыянальная сыстэма адукацыі ўключае агульную, прафэсійную адукацыю, сямейнае, грамадзкае выхаваньне, самаадукацыю і самавыхаваньне. У залежнасьці ад аб'ёму і тэрмінаў навучаньня адрозьніваюць агульную адукацыю (пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні), прафэсійную адукацыю (дапрафэсійная арыентацыя, адбор, сярэдняя прафэсійная падрыхтоўка), вышэйшую адукацыю (падрыхтоўка спэцыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры) і адукацыю дарослых (пасьлядыплёмная адукацыя). Паводле формы навучаньня адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная; паводле адносін да царквы - сьвецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфэсійная, якую кантралюе царква. Зьмест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнародным і нацыянальным стандартамі, вучэбнымі плянамі і праграмамі.

Адукацыя ў Беларусі

Прынцыпы

Дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на наступных прынцыпах: даступнасьць усіх відаў адукацыі; стварэньне ўмоў для выбару формаў навучаньня; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасьцей; нацыянальна-культурная аснова адукацыі; навуковасьць; арыентацыя на сусьветны ўзровень, вывучэньне і выкарыстаньне вопыту разьвітых краін сьвету, запазычаньне іх дасягненьняў і стандартаў; гуманізм; экалягічная накіраванасьць; адзінства навучаньня, духоўнага і фізычнага ўдасканаленьня; дэмакратызм; сьвецкі характар, які адначасова забясьпечвае грамадзянскае навучаньне і выхаваньне ў дзяржаўных навучальных установах і ахову свабоды сумленьня і веравызнаньня чалавека; пераемнасьць і бесперапыннасьць адукацыі; выкарыстаньне і разьвіцьцё народнай пэдагогікі беларусаў; абавязковасьць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучаньня і выхаваньня.

Мэты

Галоўныя мэты нацыянальнай сыстэмы адукацыі: спрыяньне гарманічнаму разьвіцьцю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасьцей; фармаваньне і ўмацаваньне нацыянальнай сьвядомасьці і адначасова пачуцьця павагі да іншых краін і народаў сьвету; авалоданьне дзяржаўнай мовай і мовамі іншых народаў; захаваньне і памнажэньне інтэлектуальнай уласнасьці і культурна-гістарычных каштоўнасьцей беларускага народа і іншых нацыянальных супольнасьцей краіны; падрыхтоўка да самастойнага жыцьця; садзейнічаньне інтэлектуальным памкненьням асобы. Усе жыхары Беларусі забясьпечваюцца роўнымі правамі і магчымасьцямі для атрыманьня агульнай і прафэсійнай адукацыі з улікам нацыянальных традыцый, індывідуальных патрэб, здольнасьцей; бясплатным навучаньнем у дзяржаўных базавых школах, а таксама іншых навучальных установах. Нацыянальная сыстэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных, таленавітых дзяцей і ажыцьцяўляе сацыяльную дапамогу ў навучаньні дзяцей з малазабясьпечаных сем'яў, з разумовымі ці фізычнымі недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў.

Літаратура

  • «Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік.», Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7

Спасылкі

Адукацыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў