Перайсьці да зьместу

Робэрт Бадэн-Паўэл

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Робэрт Бадэн-Паўэл, захаваная ўдзельнікам W (гутаркі | унёсак) у 19:12, 22 кастрычніка 2021. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Робэрт Стывэнсан Сьміт Бадэн-Паўэл
па-ангельску: Robert Stephenson Smyth Baden-Powell
22 лютага 1857(1857-02-22)[1][2][3][…]8 студзеня 1941(1941-01-08)[1][2][3][…] (83 гады)
Мянушка БП
Месца нараджэньня Вялікабрытанія, Лёндан, Падынгтон, Станхоп тэраса, 11
Месца сьмерці Кенія, Ньеры
Прыналежнасьць Вялікабрытанія Вялікабрытанія, Індыя Індыя, Мальта Мальта, Турэччына Турэччына, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка ПАР
Род войскаў Гусары, вайсковая выведка
Гады службы 1879—1910
Званьне Генэрал-лейтэнант. Генэральны інспэктар кавалерыі. Начальнік штабу
Камандаваў 5-ы Драгунскі поўк
Бітвы/войны 217-ці дзённая абарона Мафэкінгу (англа-бурская вайна), Англа-ашантыйскія войны, англа-бурскія войны
Узнагароды Зорка Ашанты (1895)[4], Мэдаль Англа-Паўднёваафрыканскіх кампаніяў (1896)[5], Каралеўскі Паўднёва-Афрыканскі мэдаль(1899[6], 1902)[7], Бойскаўцкі Срэбны Воўк, Бойскаўцкая Срэбная ўзнагарода Бафала (1926)[8], Ордэн заслуг (1937), Ордэн сьв. Міхаіла і сьв. Георгія, Каралеўскі Віктарыянскі ордэн, Ордэн Бані, найменаваны на Нобэлеўскую прэмію міру (1939)[9].
Аўтограф Робэрта Бадэн-Паўэла

Робэрт Бадэн-Паўэл (па-ангельску: Robert Baden-Powell; 22 лютага 1857, Лёндан, Вялікабрытанія — 8 студзеня 1941, Ньеры, Кенія) — заснавальнік і кіраўнік скаўцкага руху, генэрал-лейтэнант, пісьменьнік, барон Гілвэлскі. Поўнае імя — Робэрт Стывэнсан Сьміт Бадэн-Паўэл (па-ангельску: Robert Stephenson Smyth Baden-Powell). Кавалер некалькіх ардэноў. У 1939 годзе быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

Герой англа-бурскай вайны — пад час абароны г. Мафэкінг (Р. Бадэн-Паўэл быў камэндантам крэпасьці) вытрымаў аблогу крэпасьці, якая працягвалася 217 дзён, пры суадносінах бакоў 1:12 — крыху больш за 1000 ангельцаў супраць 12 000 бураў і ваюючых на іх баку зулускіх плямёнаў. Пад час аблогі арганізаваў першы атрад юнакоў-выведнікаў.

Дзяцінства. Юнацтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Робэрт Стывэнсан Сьміт Паўэл нарадзіўся 22 лютага 1857 году ў раёне Лёндану — Падынгтан, на Станхоп-стрыт, 6 (цяпер Станхоп тэраса, 11)[10]. Бацька яго, Бадэн Паўэл, быў сьвятаром, прафэсарам тэалёгіі, прафэсарам геамэтрыі Оксфардзкага ўнівэрсытэту. Робэрту было тры гады, калі ён страціў свайго бацьку.

Яго маці, Генрыета Грэйс, была дачкой адмірала Ўільяма Генры Сьміта. Ёй давялося адной выхоўваць сямёрых дзяцей (Робэрт быў пятым), старэйшаму зь якіх было 14 год. У памяць аб мужы яна зьмяніла прозьвішча сям’і на Бадэн-Паўэл (адсюль скарочаная форма яго прозьвішча — БП, як нефармальна яго называюць скаўты). Генрыета Грэйс была строгай і патрабавальнай маці. Дзеці з малых гадоў мусілі ня толькі абслугоўваць сябе, але кожны зь іх меў пэўныя абавязкі па доме.

Маленькі Робэрт разам зь сябрамі плаваў на лодках, вандраваў на конях, навучаўся гатаваць ежу на вогнішчы, паляваць ды назіраць. Усе гэтыя якасьці, выпрацаваныя ў сябе яшчэ ў дзяцінстве, ён разьвіваў на працягу ўсяго жыцьця.

Робэрт напачатку навучаўся ў школе «Роўз Хіл», у Танбрыдж Ўэлс. Але потым яго ўганаравалі стыпэндыяй для навучэньня ў лёнданскай «Charterhouse School» (школа Чартэрхаўс), адной з прэстыжных дзяржаўных школ, у якую ён паступіў у 1870 годзе[11].

У школе ён быў добрым футбольным брамнікам, але ня надта добрым вучнем. Аднаклясьнікі любілі Робэрта за вясёлы характар ды за выключны талент капіяваць настаўнікаў. Апроч таго, ён гуляў на фартэпіяна і скрыпцы, быў спрытны мастак. Падчас вакацыяў Робэрт разам з чатырма братамі на ўсё лета адпраўляўся вандраваць па Ангельшчыне. Усе свае сьвяты ён таксама праводіў з братамі, плаваючы ў невялікіх экспэдыцыях на яхце альбо каноэ[10].

У 1876 годзе Робэрт скончыў школу.

Пачатак вайсковай кар’еры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Капітан 13-га гусарскага палку Бадэн-Паўэл (1883 г.)

У 1876 годзе, пасьля заканчэньня школы, Робэрт Стывэнсан Сьміт паступіў у вайсковую вучэльню. Спрабаваў затым паступіць у Оксфардзкі ўнівэрсытэт, але не атрымалася. У Ангельшчыне ў той час практыкавалася папаўненьне афіцэрскага складу мэтадам здачы іспытаў для прэтэндэнтаў. Робэрт паспрабаваў выкарыстаць такую магчымасьць і паказаў сябе аднім з найлепшых — з 718 кандыдатаў ён стаў пятым[12].

Вытрымаўшы іспыт на афіцэрскі чын, Робэрт атрымаў чын малодшага лейтынанта і быў прызначаны ў 13-ы гусарскі поўк. Вайсковая служба ў складзе гэтага палку праходзіла ў Індыі, у якой ён праслужыў да 1884 году. У 26 гадоў Робэрту надалі чын капітана.

Жалаваньне было даволі сьціплым, таму ён дадаткова зарабляў тым, што пісаў артыкулы для часопісаў, аздабляючы іх сваімі малюнкамі.

У 1984 годзе, пасьля службы ў Індыі, дзе ён даслужыўся да чыну капітан-ад’ютанта 13 гусарскага палку[13], Робэрт быў накіраваны на Мальту.

Генэрал-маёр Бадэн-Паўэл

У 1887 годзе Бадэн-Паўэла накіравалі ў Паўднёвую Афрыку, у правінцыю Натал, дзе нэґры чынілі сур’ёзны супраціў брытанскім каляністам. Па загаду ён прыняў удзел у здушэньні паўстаньня зулусаў, ашанты і матабэлаў. З прычыны раптоўных нападаў войскаў пад кіраўніцтвам Бадэн-Паўэла нэґры яго празвалі «Імпэса» — «Воўк, які аніколі ня сьпіць»[14].

У 1887 годзе Робэрт Бадэн-Паўэл быў узьведзены ў палкоўнікі і прызначаны камандуючым 5-га драгунскага палку[12].

У 1889 годзе прызначаны камэндантам крэпасьці Мафэкінг[15] — важнага стратэгічнага й адміністрацыйнага пункту і чугуначнага вузлу. Мафэкінг знаходзіўся на тэрыторыі Капскай калёніі, непадалёк ад мяжы Бэчуаналенда, пратэктарату Брытаніі.

12 кастрычніка 1899 году пачалася англа-бурская вайна — буры з Трансвааля абкружылі Мафэкінг. Аблога йшла на працягу сямі месяцаў (217 дзён)[16], да 17 траўня 1900 году, калі фэльдмаршал лорд Робэртс, наступаючы на сталіцу Трансвааля Прэторыю, выслаў адмысловы атрад для вызваленьня Мафэкінга. Гераічная абарона Мафэкінга крылася ў тым, што суадносіны бакоў былі 1:12 — крыху больш за 1000 ангельцаў супраць 12 000 бураў і ваюючых на іх баку зулускіх плямёнаў[9].

Гарнізон у Мафэкінгу складаўся дакладна з 1250 чалавек. Бадэн-Паўэл мабілізаваў усіх мужчынаў, якія маглі трымаць зброю. Сярод іх былі й хлапчукі 12—14 год. З найбольш упраўных быў сфармаваны атрад выведнікаў, якім даручылі назіраць за непрыяцельскімі пазыцыямі, а таксама праносіць лісты праз кальцо бураў, якія ўзялі крэпасьць у аблогу[12]. Хлопцы праявілі максымум арганізаванасьці і дысцыплінаванасьці, выконваючы загады свайго равесьніка-камандзіра (які ў сваю чаргу падпарадкоўваўся Бадэн-Паўэлу). Многія зь іх былі ўганараваныя баявымі ўзнагародамі.

У 1901 годзе, пасьля зьняцьця аблогі Мафэкінгу, палкоўнік сэр Робэрт Бадэн-Паўэл быў узьведзены ў генэрал-маёры, а ў 1908 годзе — у генэрал-лейтэнанты[12].

  • 1876 год — лейтэнант
  • 1884 год — капітан-ад’ютант
  • 1895—1896 — удзел у англа-ашантыйскай вайне
  • 1896—1897 гг. — Першая Чымурэнга
  • 1897 — камандуючы 5-м драгунскім палком, Індыя
  • 1899 год — палкоўнік, камэндант крэпасьці Мафэкінг
  • 1899—1902 — удзельнік Англа-Бурскай вайны
  • 1901 год — генэрал-маёр
  • 1908 год — генэрал-лейтэнант[17]

Вяртаньне на радзіму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бадэн-Паўэл на патрыятычнай паштоўцы ў 1900 годзе

Пасьля 8 гадоў службы ў калёніях, у 1901 годзе Бадэн-Паўэл вяртаецца на Ангельшчыну, дзе пераходзіць на службу ў ваенную выведку. У тым жа 1901 г. ён напісаў кнігу «У дапамогу выведнікам», у якой даваліся агульныя парады па мэтадах назіраньня, магчымасьці паляпшэньня якасьці падрыхтоўкі саладцкага складу. Апроч ваенных парад, прыводзіліся і іншыя патрабаваньні да выведнікаў, якія сфармуляваў Бадэн-Паўэл: выведнік мусіў быць дужым, здаровым, дзейным, сапраўдны выведнік мае добры зрок ды слых, ён добры яздок і плавец, умее дасьледаваць й чытаць навакольле. Усе гэтыя патрабаваньні пазьней застасоўваліся і да юных выведнікаў — скаўтаў (па-ангельску: scout — у перакладзе — выведнік). Гэта кніга стала дапаможнікам па падрыхтоўцы ангельскіх выведнікаў. Кніга атрымала агульнае прызнаньне спэцыялістаў, некалькі разоў перавыдавалася, была перакладзена на многія мовы[18].

Пры вяртаньні на радзіму Робэрт Бадэн-Паўэл, як адзін з герояў вайны, стаў вельмі папулярным. Яму дасылалі лісты з усіх канцоў Вялікабрытаніі. Ён шмат езьдзіў па краіне, выступаючы зь лекцыямі, прымаючы парады кадэтаў, перапісваўся зь дзецьмі й падлеткамі. Ён зьвярнуў увагу на розьніцу паміж ангельскімі хлопцамі ў Афрыцы і ў Ангельшчыне. Для яго было нечаканым прыемным сюрпрызам даведацца, што яго кнігу «Ў дапамогу выведнікам» выкарыстоўвалі ня толькі вайскоўцы, але й пэдагогі, якія працавалі зь дзецьмі ў кадэцкіх карпусах, і нават у царкоўных гуртках. А аднойчы адмірал Ўільям Сьміт зьвярнуўся да яго з прапановай перапрацаваць кнігу «Ў дапамогу выведнікам» для дзяцей і пэдагогаў.

У 1903 годзе Бадэн-Паўэл заняў пасаду генэральнага інспэктара кавалерыі. У 1907 годзе ён быў прызначаны камандзірам дывізіі ў новаўтвораных тэрытарыяльных войсках[19].

«Скаўтынг для хлапцоў». Асновы скаўтынгу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Камень на высьпе Браўнсі, Пул Харбар, Ангельшчына, знак ушанаваньня памяці першага скаўцкага лягеру

У 1906—1908 гг. Робэрт Бадэн-Паўэл дасканала вывучаў творы Пэсталёцыя, Эпіктэта, Ціта Лівія, аналізаваўшы досьвед выхаваньня ў спартанцаў, плямёнаў Афрыкі, японскіх самураяў, традыцыі брытанскіх ды ірляндзкіх народаў. Усё гэта робіцца з адной мэтай — напісаньня кнігі «Скаўтынг для хлапцоў» (альбо «Выведка для хлапцоў», па-ангельску: «Scouting for Boys»)[20]. Таксама ён дадаў свой ваенны досьвед выведніка й вайскоўца. Кніга была напісана спэцыяльна ў лёгкай форме, як бяседы каля вогнішча.

Робэрт Бадэн-Паўэл і першыя скаўты ў першым скаўцкім лягеры. Жнівень 1907 г., выспа Браўнсі, Англія

Перад яе выданьнем Бадэн-Паўэл правярыў сваю тэорыю на практыцы. Дзеля гэтага ён сабраў 22 хлопца і правёў зь імі ўлетку 1907 году 8 дзён у лягеры з намётаў на высьпе Браўнсі[21], недалёка ад паўднёвага ўзьбярэжжа Ангельшчыны (графства Дорсэт). Дзеці падзяляліся на 5 патрулёў, кожны зь якіх ачольваў лідэр. На працягу 8 дзён іх чакала насычаная ды яркая праграма. У першы дзень — разьмяшчэньне, стварэньне патрулёў і разьмеркаваньне абавязкаў, а таксама інструктаж лідэраў. У другі дзень вывучалася лягерная справа: разьвядзеньне вогнішча й прыгатаваньне ежы, вязаньне вузлоў, арыентаваньне, правілы гігіены. У трэці дзень Робэрт Бадэн-Паўэл вучыў распазнаваць падрабязнасьці навакольнага асяродзьдзя паблізу (напр., сьляды), а таксама далёка ад назіральніка. Чацьверты дзень быў прысьвечаны вывучэньню жывёл, птушак, расьлінаў, зорак. Пяты — рыцарству: гонар, законы, ляяльнасьць каралю, афіцэрам, рыцарскія адносіны да жанчыны (ўсе гэта ён узяў ад традыцыяў рыцарска-манаскага ордэну іянітаў на высьпе Мальта, дзе ён служыў у 1890—1893 гг., а таксама легенды пра рыцараў Круглага Стала караля Артура). У шосты дзень хлопцы навучаліся надаваць дапамогу пры апёках, нястоме, атручваньнях, дзеяньням падчас панікі. У сёмы дзень Бадэн-Паўэл распавядаў дзецям пра каланіяльную геаграфію, гісторыю, славутую гісторыю Брытанскай імпэрыі, яе армію ды флёт, тлумачыў абавязкі сапраўднага грамадзяніна. У апошні дзень праводзіліся гульні ды спаборніцтвы. На працягу лягера не было ніводнай лекцыі. Уся інфармацыя даводзілася да дзяцей у займальнай, гульнёвай форме. Напачатку Бадэн-Паўэл паказваў ды распавядаў, а потым праводзіў практычныя заняткі. Усе дзеці былі задаволенымі лягерам[22].

У студзені 1908 году кніга «Scouting for Boys» выйшла шасьцю асобнымі сшыткамі (невялікімі кнігамі па некалькі тэм), па тэмах-бяседах: «Закон скаўтаў», «Высьлежваньне», «Камфорт у лягеры», «Як стаць дужым», «Высакароднасьць рыцыраў», «Як паступаць падчас няшчасных выпадкаў», «Цьвярозасьць», «Як будаваць масты» і іншае.

Упор у гэтым мэтады выхаваўчай работы рабіўся на выхаваньне асобы грамадзяніна пры дапамозе малых груп на чале са старэйшымі дзяцьмі і кіраваньнем дарослых.

Першыя скаўцкія фармаваньні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля выхаду кнігі па ўсёй краіне стыхійна сталі паўставаць дзіцячыя группы, якія ўзялі за аснову работы Бадэн-Паўла. Ён атрымоўваў вялікую колькасьць лістоў, у якіх дарослыя і дзеці прасілі тлумачэньняў, парад і камэнтароў. Пасьля размоваў і кансультацыяў са сваймі сябрамі ён стварыў Бюро па перапісцы. З удзелам А. Пірсана пачалі выходзіць газэты «Скаўт» (для дзяцей) і «Хэдкуотэр Газэт» (для інструктараў).

У Паўночным Лёндане зьявіліся першыя атрады. За вясну 1908 году ўся Ангельшчына апынулася пакрытай цэлай сеткай стыхійна ўзьніклых атрадаў. Затым рух перакінуўся на ангельскія калёніі. Ужо праз год кароль Эдуард VII прыняў першы парад чатырнаццаці тысячаў скаўтаў Ангельшчыны[18]. У 1909 годзе зьявіліся першыя группы дзяўчын-скаўтаў. 4 студзеня 1912 году Асацыяцыя скаўтаў Вялікабрытаніі атрымала юрыдычны статус хартыяй караля, з гэтага часу чарговы манарх толькі пацьвярджае гэта асобным «Актам».

У канцы сьнежня 1910 году генэрал Робэрт Бадэн-Паўэл наведаў Санкт-Пецярбург. Заснавальнікі «юных выведнікаў» А. Панцюхоў ды У. Янчавецкі сустрэліся з генэралам, даведаўшыся аб візыце з газэтаў. Бадэн-Паўэл запрасіў іх наведаць Ангельшчыну, каб азнаёміцца на месцы са скаўцкай работай. Затым ён адправіўся на аўдыенцыю да імпэратара Мікалая II, а затым у Маскву, дзе ў яго гонар мясцовымі «юнымі выведнікамі» быў зладжаны банкет. Мікалай II пасьля азнаямленьня з кнігай Бадэн-Паўла «Scouting for Boys» даручыў Генэральнаму штабу выдаць яе на расейскай мове[23].

У 1910 годзе Робэрт Бадэн-Паўэл разам са сваёй сястрой Агнэсай заснавалі асобную арганізацыю для дзяўчын — «гёрл-гайд». У тым жа годзе кароль Эдуард VII пераканаў генэрал-лейтэнанта Бадэн-Паўэла выйсьці ў адстаўку, каб цалкам прысьвяціць сябе дзейнасьці з бойскаўтамі. У 1910 г. у Вялікабрытаніі ды яе калёніях было больш за 123 000 бойскаўтаў[24], пачалася праца ў ЗША, Галяндыі, Італіі, Фінляндыі ды іншых краінах, а ў 1911 годзе скаўтынг распаўсюдзіўся амаль па ўсіх краінах Эўропы.

У 1915 годзе Бадэн-Паўэл выдаў кнігу ўспамінаў «Мае шпіёнскія расказы», у якой у захапляльнай форме распавёў пра свае паходжаньні і сам жа іх праілюстраваў.

Першая сусьветная вайна падзяліла скаўтаў (таксама, як і народы, які бралі ўдзел у гэтай вайне) на два лягеры. З аднаго боку гэта Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына, а з другога — Ангельшчына, Францыя, Расея ды іх саюзьнікі. Скаўты па абедзьве лініі фронту сумленна выконвалі свой патрыятычны абавязак.

Пасьля гэтай вайны Бадэн-Паўэл узяіся зь яшчэ большай энэргіяй за справу збліжэньня моладзі ўсіх краінаў і прымірэньня народаў, што ваявалі між сабой. З гэтай мэтай ён арганізаваў у 1920 годзе ў Лёндане першы сусьветны скаўцкі зьлёт. Зьлёт атрымаў назву «Джамбары». Гэтае слова Бадэн-Паўэл пераняў у паўночнаамэрыканскіх індзейцаў (яно перакладаецца як «збор усіх плямёнаў»). У гэтым Джамбары прынялі ўдзел прадстаўнікі 32 краінаў у колькасьці 8000 чалавек[25]. 6 жніўня 1920 году, у апошні дзень Джамбары, Бадэн-Паўэл быў абраны кіраўніком скаўцкага руху ўсяго сьвету — анг. «Chief Scout of the World». Пасьля гэтага Джамбары ў Лёндане было створана Інтэрнацыянальнае бойскаўцкае бюро.

Паводле правілаў утворанага бюро кожная дзяржава магла быць прадстаўлена толькі адной арганізацыяй. Калі было некалькі арганізацыяў — яны мусілі аб’яднацца ў фэдэрацыю. Другой умовай сяброўства было аддзяленьне хлапцоў ад дзяўчын. Мяшаныя атрады з хлапцоў ды дзяўчын забараняліся міжнароднымі скаўцкімі правіламі.

Апошняе Джамбары, у якім прыняў удзел Бадэн-Паўэл, было ў 1937 годзе ў Галяндыі.

Робэрт Бадэн-Паўэл са сваёй сям’ёй. 1917 г.

Пасьля свайго выхаду ў адстаўку Робэрт Бадэн-Паўэл шмат разьяжджаў па краінах Эўропы. Падчас такіх падарожжаў ён пазнаёміўся з Олаў Соўмз — энэргічнай актыўнай дзяўчынай, якая любіла спорт, падарожжы, паездкі на ровары, прыроду. Нягледзячы на значную розьніцу ва ўзросьце (ей было 23, яму 55), 31 кастрычніка 1912 году яны ўзялі шлюб[26]. У Робэрта з Олаў нарадзілася дзьве дзяўчынкі (Хізэр, 1915—1986; Бэці, 1917—2004) і адзін хлопчык (Артур Робэрт Пітэр, 1913—1962).

Першапачаткова сястра Бадэн-Паўэла, Агнэс, кіравала рухам дзяўчын-скаўтаў, але паступова кіраваньне дзявочай арганізацыяй на сябе ўзяла Олаў.

У 1922 годзе Бадэн-Паўлу за скаўцкую дзейнасьць быў нададзены тытул баранэта, а ў 1929 годзе — тытул барон оф Гільвель[24] (Гільвель (Gilwell) — месца, дзе Бадэн-Паўэл зладзіў першыя курсы для скаўцкіх кіраўнікоў).

У 1937 годзе здароўе Бадэн-Паўэла пахіснулася, і лекары параілі яму поўны спакой. Ён перасяляецца з жонкай у Кенію (Афрыка), Ныеры. Там Бадэн-Паўэл пражыў з кастрычніка 1938 году да сваёй сьмерці. Памер ён 8 студзеня 1941 году[27], не дажыўшы паўтара месяцы да свайго 84-годзьдзя. Бадэн-Паўэл пахаваны на мясцовых могілках, дарога на якія названа яго імём. На надмагільлі адлюстраваны круг з кропкай у цэнтры Я пайшоў дадому — знак, які азначае «Дамоў» або «я пайшоў дадому». Скаўты Кеніі ўсталявалі на доме, дзе жыў і сканаў Бадэн-Паўэл, мэмарыяльную шыльду.

У 1938 годзе Робэрт Стывэнсан Сьміт Бадэн-Паўэл быў вылучаны на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі «за братэрства нацыяў праз скаўцкі рух»[9], але вырашэньню гэтага пытаньня перашкодзіла вайна.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1931 годзе маёр Фрэдэрык Расэл Бэрнхем назваў гару ў Каліфорніі ў гонар свайго старога сябра па скаўтынгу — Бадэн-Паўэла[28]. Гэты пік знаходзіцца ў гарах Сан-Габрыель, Каліфорнія. Яна была афіцыйна прызнана USGS на цырымоніі адкрыцьця ў 1931 годзе. Першапачаткова гэтая гара была вядомая як Усходні Твын ці Паўночная Болды[29].

У гонар заснавальніка скаўцкага руху таксама названа вяршыня гары ў Нэпале. Пік Бадэн-Паўэла, раней вядомы як Укрэма пік, зьўляецца часткай Гімалаяў, найбольш высокага горнага масіву ў сьвеце. Ён знаходзіцца на мяжы з Кітаем, за сотні міляў на захад ад гары Эвэрэст. У рамках «Скаўтынг 2007-Стагодзьдзе» ўрад Нэпалу перайменаваў Укрэма пік у пік імя заснавальніка сусьветнага скаўцкага руху[30]

Апошняе пасланьне Старшага скаўта сьвету

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Генэрал-лейтэнант Робэрт Стывэнсан Сьміт Бадэн-Паўэл
«
Дарагія скаўты!
Калі Вы бачылі гульню-спэктакль «Пітэр Пэн», то вы памятаеце, як завадатар піратаў заўсёды казаў сваю перадсьмяротную прамову, баючыся, што калі прыйдзе час паміраць, то ў яго ня будзе магчымасьці сказаць усё тое, што ў яго на душы. Гэта тое ж самае і са мной, хаця я й не паміраю ў цяперашні момант, але ўсё ж такі хачу даслаць вам разьвітальнае слова.
Памятайце, гэта апошняе, што вы чуеце ад мяне, так прызадумайцеся над гэтым.
Я меў найбольш шчасьлівае жыцьцё, і я жадаю кожнаму з Вас таксама мець шчасьлівае жыцьцё.
Я веру, што Бог пасяліў нас у гэты радасны сьвет быць шчасьлівымі й цешыцца з асалодай жыцьцём.
Шчасьце не прыходзіць ад багацьця і не ад таго, што вы маеце вялікі посьпех у вашай кар’еры, ці ад таго, што высокай думкі аб сабе. Адзін крок да шчасьця — гэта зрабіць сябе здаровым і дужым, пакуль вы яшчэ маладыя, так вы здолееце быць карысным і ў жыцьці, і здолееце цешыцца жыцьцём, калі ўжо будзеце дарослым чалавекам.
Вывучаючы прыроду, вы ўбачыце, якую прыгажосьць ды дзівосныя рэчы стварыў Бог для нас, каб мы маглі любавацца і цешыцца з асалодаю. Будзьце шчасьлівымі тым, што вы маеце і зрабіце з гэтага самае лепшае. Шукайце ва ўсім сьветлы бок, замест змрочна-маркотнага.
Але, каб мець сапраўднае шчасьце, трэба таксама даваць шчасьце іншым людзям. Намагайцеся пакінуць гэты сьвет крыху лепей, чым вы яго знайшлі, і калі прыйдзе ваш час паміраць, вы можаце памерці са шчасьлівым пачуцьцём, што вы не страцілі дарэмна час, а зрабілі самае лепшае, што здолелі. Будзьце «Напагатове» ў гэтым кірунку — жыць шчасьліва і памерці шчасьліва — заўсёды стойка трымайцеся Вашага Скаўцкага Ўрачыстага Абяцаньня — нават пасьля таго, як вы ўжо ня будзеце хлопчыкам — і Бог дапаможа Вам у гэтым.
Ваш сябра,
Бадэн-Паўэл Гілвэлскі.
»

—Знойдена сярод папер Бадэн-Паўэла пасьля яго сьмерці 8 студзеня 1941 году

[22].

Вокладка першага выданьня, ч. II «Скаўтынг для хлапцоў». Студзень, 1908

Робэрт Бадэн-Паўэл напісаў шмат кніг пра работу са скаўтамі. Пасьля свайго бэстсэлеру «Скаўтынг для хлапцоў», напісанай для кіраўнікоў хлопцаў 12—16 гадоў, у 1916 годзе ён выдаў «Wolf Cubs Handbook» — дапаможнік для работы з «ваўчанятамі» — хлопцамі 7-11 год), у 1922 годзе — «Rovering to Success» («Падарожжа да посьпеху») для работы зь юнакамі, старэйшымі за 17 гадоў, якія ў скаўтынгу атрымалі назву «Rovers». Гэта тры найважнейшыя дапаможнікі Бадэн-Паўэла па скаўтынгу.

  • 1884: «Reconnaissance and Scouting»
  • 1885: «Cavalry Instruction»
  • 1889: «Pigsticking or Hoghunting»
  • 1896: «The Downfall of Prempeh»
  • 1897: «The Matabele Campaign»
  • 1899: «Aids to Scouting for N.-C.Os and Men»
  • 1900: «Sport in War»
  • 1901: «Notes and Instructions for the South African Constabulary»
  • 1914: «Quick Training for War»
  • 1908: «Scouting for Boys» («Скаўтынг для хлапцоў»)
  • 1909: «Yarns for Boy Scouts»
  • 1912: «Handbook for Girl Guides» (у сааўтарстве з Агнэс Бадэн-Паўэл)
  • 1913: «Boy Scouts Beyond The Sea: My World Tour»
  • 1916: «The Wolf Cub’s handbook»
  • 1918: «Girl Guiding»
  • 1919: «Aids To Scoutmastership»
  • 1921: «What Scouts Can Do: More Yarns»[31]
  • 1922: «Rovering to Success»
  • 1929: «Scouting and Youth Movements»
  • 1929: «Last Message to Scouts» [32]
  • 1935: «Scouting Round the World»
  • 1905: «Ambidexterity» (у суаўтарстве з Джонам Джэксанам)
  • 1915: «Indian Memories»
  • 1915: «My Adventures as a Spy»
  • 1916: «Young Knights of the Empire: Their Code, and Further Scout Yarns»
  • 1921: «An Old Wolf’s Favourites»
  • 1927: «Life’s Snags and How to Meet Them»
  • 1933: «Lessons From the Varsity of Life»
  • 1934: «Adventures and Accidents»
  • 1936: «Adventuring to Manhood»
  • 1937: «African Adventures»
  • 1938: «Birds and beasts of Africa»
  • 1939: «Paddle Your Own Canoe»
  • 1940: «More Sketches Of Kenya»
  1. ^ а б в Lundy D. R. Lt.-Gen. Robert Stephenson Smyth Baden-Powell, 1st Baron Baden-Powell // The Peerage (анг.)
  2. ^ а б в Baden Powell // Babelio (фр.) — 2007.
  3. ^ а б в Robert Stephenson Smyth Baden-Powell // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  4. ^ Ashanti Campaign, 1895 Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ Kings’s South Africa Medal Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  6. ^ Queen’s South Africa Medal Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  7. ^ Kings’s South Africa Medal Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  8. ^ Fact Sheet: The Silver Buffalo Award (анг.) Fact sheet. Boy Scouts of America, Troop 14 (1926). Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  9. ^ а б в meotis (15 лютага 2007) Киплинг и Баден Пауэлл (рас.) Британия, литература. livejournal. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  10. ^ а б Tim Jeal Бадэн-Паўэл = Baden-Powell. — Лёндан: Hutchinson, 1989. — ISBN 0-09-170670-X
  11. ^ История скаутинга (рас.) История скаутинга \ биография БП. Православні скаути Украіны (23 лютага 2009). — Сайт «Праваслаўных скаўтаў Украіны». Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  12. ^ а б в г Аленин Роман (1 студзеня 2002) Роберт Баден-Пауэлл — основатель скаутинга (биография) (рас.) Библиотека > История мирового скаутинга (1907-...). ScoutS.ru. — Цантральны Сайт Скаўтаў-выведнікаў Расеі. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  13. ^ Легендарный Баден-Пауэлл (рас.) «Военное образование». «Учительская газета» (25 студзеня 2005). — Ucitel’skaa^ gazeta (Online). Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  14. ^ Анастасія Фралова (30 жніўня 2004) Story. Детство лагерного типа (рас.) Универсальные базы данных. EVXpress. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  15. ^ Об авторе Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  16. ^ Основатель скаутского движения Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  17. ^ Роберт Стивенсон Смит Бейден-Поуэлл (рас.) Галерея славы. kulichki.com. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  18. ^ а б Аленин Роман История скаутского движения/Роберт Баден-Пауэлл (рас.) История скаутского движения — сайт арг-і «Скаўты Наўгародчыны». Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  19. ^ Рапарт «a Yorkshire division» // Газ. The Times, 29 кастрычніка 1907. С. 6.
  20. ^ kamehb (5 лістапада 2006) Роберт Баден-Пауэлл — основатель скаутинга (рас.) История скаутинга. livejournal. Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  21. ^ Зарождение движения (рас.) Наша история. ДГА «АБГ» (2010). — Сайт ДГА «Асацыяцыя беларускіх гайдаў». Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  22. ^ а б Сарбін М.А. (2005) Роберт Баден-Пауэлл — основатель скаутинга (рас.) Скаутский огонёк Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  23. ^ Р. Полчанинов (1997) Краткая история разведчества (рас.) История русского скаутинга-разведчества (1909—1990). scouts.ru. — Сайт «Скаўтаў-выведнікаў Расеі». Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  24. ^ а б История русского разведчества (рас.) Разведчество. scouts.ru. — Сайт «Арганізацыі расейскіх юных выведнікаў». Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  25. ^ Арсений Каркач Всероссийские скаутские слеты — джамбори (рас.) Лагеря и события. scouts.ru. — Цантральны сайт «Скаўтаў-выведнікаў Расеі». Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  26. ^ Olave St Clair Baden-Powell (née Soames), Baroness Baden-Powell; Robert Baden-Powell, 1st Baron Baden-Powell. — National Portrait Gallery, 16.11.2006.
  27. ^ "B-P" – Chief scout of the world // Бадэн-Паўэл = Baden-Powell. — World Organization of the Scout Movement, 16.11.2006.
  28. ^ Dedication of Mount Baden-Powell // The Pine Tree Web. — 23.04.2006.
  29. ^ Summit Signatures, Mount Baden-Powell. — Hundred Peaks Section, Angeles Chapter, Sierra Club.
  30. ^ Baden Powell Peak 2007 Report. — Explore Himalaya, 2010-02-21.
  31. ^ Lord Baden-Powell of Gilwell // What Scouts Can Do: More Yarns. — 1.08.2007.
  32. ^ Robert Baden-Powell B-P's Last Message Праверана 24 кастрычніка 2010 г.
  • Алег Грушэцкі. Што такое скаўтынг // «Першацвет» № 3, 1994. С. 59-60.
  • Кудряшов Ю.В. Российское скаутское движение. Исторический очерк.. — Архангельск: Издательство Поморского государственного университета, 1997.
  • Jeal, Tim. Baden-Powell. — Лёндан: Hutchinson, 1989. — ISBN 0-09-170670-X
  • Drewery, Mary. Baden-Powell: the man who lived twice. — Hodder and Stoughton. — ISBN 0-340-18102-8