Мэсапатамія альбо Міжрэчча (па-грэцку: Μεσοποταμία «паміж рэкамі», арам. ܒܝܬܢܗܪܝܢ, «край дзьвюх рэк» па-арабску: بلاد مابين النهرينBilad ma bayn Al-Nahrayn «край паміж дзьвюх рэк») — геаграфічны раён паміж рэк Эўфрат і Тыгр у сучаснай паўднёва-ўсходняй частцы Анатоліі, якая належыць Турэччыне, а таксама прыпадае на тэрыторыю Сырыі, Іраку й чаткова Ірану. Гістарычна гэта адна з калысак эўрапейскай цывілізацыі. Гэта быў адзін з найболыш буйных ачагоў культуры старажытнага Ўсходу, цэнтраў тагачаснай цывілізацыі. На тэрыторыі Мэсапатаміі ў 4—3 тысячагодзьдзі да н. э. сфармавалася раньняклясавая дзяржава, у выніку гістарычнага разьвіцьця якой узьнік шэраг іншых дзяржаваў (Асырыя, Акад, Ур). У пачатку 2 тысячагодзьдзя да н. э. у паўднёвай частцы Мэсапатаміі склалася Бабілёнская дзяржава. У канцы XVI—XV стагодзьдзях да н. э. у Мэсапатаміі заснавалася царства Мітані.

Аглядная мапа Мэсапатаміі

У IV стагодзьдзі да н. э. гэты гістарычны рэгіён увайшоў у склад дзяржавы Аляксандра Македонскага, а па ягонай сьмерці спачатку падпарадкоўваўся дзяржаве Сэлеўкідаў, а потым знаходзіўся ў складзе дзяржавы Сасанідаў. У VII стагодзьдзі рэгіён падпаў пад уладу Арабскага халіфату.[1]

Тапаграфія

рэдагаваць

На поўначы Мэсапатамія пачынаецца ад Таўрскіх гор і цягнецца на поўдзень да Пэрсыдзкай затокі. На ўсходзе межы Мэсапатаміі ўтвараюць горы Ірану, а на захадзе — арабскія пустыні і ўзвышшы Сырыі. Клімат на роўначы Мэсапатаміі суворы з заходнымі зімамі, на поўдні ж назіраецца мякчэйшая зіма і сьпякотнае лета.

Матэматыка

рэдагаваць

Мэсапатамская матэматыка й навука грунтаваліся на шасьцідзесятковай сыстэме вылічэньня. Менавіта праз гэта на сёньня мы маем тое, што гадзіна складаецца з 60 хвілінаў, у соднях 24 гадзіны, а кола мае 360 градусаў. Шумэрскі каляндар базаваўся на сямідзённым тыдні. Бабілёнцы таксама мелі тэарэмы, з дапамогай якіх былі здольныя вымераць плошчу некалькіх формаў і цьвёрдых целаў. Яны вынайшлі, што акружнасьць ў тры разы большая за ейны дыямэтар, а плошча ёсьць 1/12 ад квадрату даўжыні акружнасьці, што было б слушна, калі б лік π быў роўны 3. Аб’ём цыліндру быў прымаўся роўным за здабытак плошчы асновы гэтага цыліндру й ягонай вышыні; аднак аб’ём зрэзанае піраміды альбо квадратовай піраміды быў няправільна вылічаны як здабытак вышыні й паловы сумы ягоных асноваў. Таксама, згодна зь некаторымі дасьледваньнямі, было высьветлена, што на адной з захаваных глінавых дошчачках, лік π быў вылічаны як вынік 25/8 (3,125 замест 3,14159~). Дзеля вымяреньня адлегласьцяў бабілёнцы выкарыстоўвалі гэтак вядомую бабілёнскую мілю, якая прыблізна была роўная 11 сучасных кілямэтраў.

Астраномія

рэдагаваць
 
Гліняная таблічка, якая асьвятляе назіраньне за камэтай Галея ў 164 годзе да н. э.

З шумэрскіх часоў сьвятары ў храме спрабавалі зьвязаць бягучыя падзеі з пэўнымі пазыцыямі плянэтаў і зорак. Гэта працягвалася ажно да асырыйскіх часоў, калі складвалі адмысловыя сьпісы Ліму, што год за годам асацыявалі значныя падзеі з плянэтарнымі пазыцыямі. Дзякуючы гэтаму, захаваныя да нашых дзён сьпісы, даюць магчымасьць даволі дакладна датаваць гістарычныя падзеі, якія мелі месца ў Мэсапатаміі. Бабілёнскія астраномы былі вельмі дасьведчаныя ў галіне матэматыкі й маглі прадказваць зацьменьні й сонцавароты. Навукоўцы меркавалі, што ў астраноміі ўсё мае нейкую мэту. Большасьць такіх меркаваньняў было зьвязана з рэлігіяй і прыкметамі. Мэсапатамскія астраномы распрацавалі 12-месяцовы каляндар, заснаваны на цыклях Месяцу. Яны падзялілі год на два сэзоны: летні й зімовы. Гэтым часам датуюцца вытокі ня толькі астраноміі, але таксама й астралёгіі.

На працягу XVIII і XVII стагодзьдзяў да нашае эры бабілёнскія астраномы распрацавалі новы падыход да астраноміі. Яны пачалі вывучаць філязофію, якая аб’ектам вывучэньня абрала ідэальную прыроду раньняга Сусьвету, а таксама пачалі выкарыстоўваць унутраную лёгіку ў сваіх плянэтарных сыстэмах. Гэта было важкім унёскам у астраномію й філязофію навукі, таму некаторыя навукоўцы называюць гэты новы падыход першай навуковай рэвалюцыяй[2]. Гэты новы падыход да астраноміі быў прыняты й разьвіты ў грэцкай і эліністычнай астраноміі.

Падчас росквіту імпэрыі Сэлеўкідаў і Парцянскае імпэрыі астранамічныя справаздачы былі грунтоўна навуковымі; але наколькі ранейшымі былі распрацаваныя перадавыя веды й мэтады — невядома. Бабілёнская распрацоўка мэтадаў прадказаньня руху плянэт лічыцца адным з важкім эпізодам гісторыі разьвіцьця астраноміі.

Адзіным грэцка-бабілёнскім астраномам, які, вядома, падтрымліваў геліяцэнтрычную мадэль руху плянэтаў, быў вядомы дзякуючы творам Плютарха Сэлеўк з Сэлеўкіі. Вядома, што ён нарадзіўся ў 190 годзе да н. э. Сэлеўк падтрымаў геліяцэнтрычную тэорыю Арыстарха Самаскага, паводле якой Зямля круцілася вакол уласнай восі, а нашая плянэта ў сваю чаргу круцілася вакол Сонца[3][4][5]. Паводле словаў Плютарха, Сэлеўк нават меў доказы існаваньня геліяцэнтрычнай сыстэмы, але невядома, якімі аргумэнтамі ён карыстаўся. Акрамя гэтага, Сэлеўк слушна тэарэтызаваў меркаваньне, што прылівы ўзьнікаюць у выніку прыцягненьня вады акіянаў і іншых водных аб’ектаў Месяцам.

Дасягненьні бабілёнскае астраноміі сталіся базісам, на якім грунтаваліся грэцкая, клясычная індыйская, сасанідзкая, бізантыйская, сырыйская, сярэднявечная ісламская, сярэднеазіяцкая й заходнеэўрапейская астраноміі.

Мэдыцына

рэдагаваць

Самыя старажытныя бабілёнскія тэксты па мэдыцыне адносяцца да старабабілёнскага пэрыяду першай паловы 2 тысячагодзьдзя да нашае эры. Аднак найбольш значны бабілёнскі медыцынскі тэкст — «Даведнік па дыягностыцы», быў напісаны галоўным навукоўцам за часам панаваньня Адад-апла-Ідына, валадара Бабілёніі, Эсагілам-Кін-Аплі з Барсіпа[6][7].

Разам з дасягненьнямі эгіпецкай мэдыцыны таго часу, бабілёнцы ўвялі паняткі дыягностыкі, прагнозу, фізычнага абсьледаваньня й прызначэньня рэцэптаў на лекі. Акрамя таго, у «Даведніку па дыягностыцы» былі прадстаўлены мэтады тэрапіі й этыялёгіі, а таксама выкарыстаньне эмпірызму, лёгікі й рацыянальнасьці ў дыягностыцы, прагнозе й тэрапіі. Тэкст утрымлівае пералік мэдычных сымптомаў і часта падрабязныя эмпірычныя назіраньні разам зь лягічнымі правіламі, якія выкарыстоўваюцца пры спалучэньні назіраных сымптомаў на целе пацыента зь ягоным дыягназам і прагнозам наступнага разьвіцьця захворваньня[8].

Сымптомы і хваробы пацыента вылечваліся з дапамогай такіх тэрапеўтычных сродкаў, як то бінты, крэмы й таблеткі. Калі пацыента не ўдалося вылечыць фізычна, бабілёнскія мэдыкі часта зьвярталіся да экзарцызму, каб ачысціць пацыента ад усялякіх праклёнаў. «Даведнік па дыягностыцы» Эсагіла-Кін-Аплі заснаваны на лягічным наборы аксыёмаў і здагадак, у тым ліку і на сучасным поглядзе на тое, што пры вывучэньні й праверцы сымптомаў пацыента можна вызначыць хваробу пацыента, ейную этыялёгію, ейнае далейшае разьвіцьцё і шанец на выздараўленьне пацыента[6].

Эсагіла-Кін-Аплі выявіў мноства хваробаў і захворваньняў, апісаўшы іхныя сымптомы ў сваім дапаможніку. Сюды ўваходзяць сымптомы шматлікіх разнавіднасьцяў эпілепсіі й зьвязаных з імі захворваньняў, а таксама іхны дыягназ і прагноз[9].

  1. ^ Скарына Ф. Творы:… С. 151.
  2. ^ D. Brown (2000), «Mesopotamian Planetary Astronomy-Astrology», Styx Publications, ISBN 90-5693-036-2.
  3. ^ Otto E. Neugebauer (1945). «The History of Ancient Astronomy Problems and Methods», Journal of Near Eastern Studies 4 (1), С. 1—38.
  4. ^ George Sarton (1955). «Chaldaean Astronomy of the Last Three Centuries B.C.», Journal of the American Oriental Society 75 (3), С. 166—173 [169].
  5. ^ William P.D. Wightman (1951, 1953), «The Growth of Scientific Ideas», Yale University Press, С. 38.
  6. ^ а б H.F.J. Horstmanshoff, Marten Stol, Cornelis Tilburg (2004), «Magic and Rationality in Ancient Near Eastern and Graeco-Roman Medicine», Brill Publishers — С. 99. — ISBN 90-04-13666-5.
  7. ^ Marten Stol (1993), «Epilepsy in Babylonia», Brill Publishers — С. 55. — ISBN 90-72371-63-1.
  8. ^ H.F.J. Horstmanshoff, Marten Stol, Cornelis Tilburg (2004), «Magic and Rationality in Ancient Near Eastern and Graeco-Roman Medicine», Brill Publishers — С. 97–98. — ISBN 90-04-13666-5.
  9. ^ Marten Stol (1993), «Epilepsy in Babylonia», Brill Publishers — С. 5. — ISBN 90-72371-63-1.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць