Данія
Карале́ўства Да́нія (па-дацку: Kongeriget Danmark) — краіна ў паўночнай Эўропе на ўзьбярэжжах Балтыйскага і Паўночнага мораў. Геаграфічна Данія ўключае ў сябе паўвостраў Ютляндыя, па якой мяжуе зь Нямеччынай, і 405 астравоў, зь якіх 79 населеныя, а на найбольшым зь іх — Зэляндыі (Sjælland) — месьціцца сталіца Даніі Капэнгаген. Даніі належаць таксама Фарэрскія астравы ў Паўночнай Атлянтыцы і найвялікшы ў сьвеце востраў Грэнляндыя. Дзяржаўны лад — канстытуцыйная манархія.
Данія лац. Danija Kongeriget Danmark | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: (няма)1 | |||||
Дзяржаўны гімн: «Der er et yndigt land» | |||||
Афіцыйная мова | Дацкая | ||||
Сталіца | Капэнгаген | ||||
Найбуйнейшы горад | Капэнгаген | ||||
Форма кіраваньня | Канстытуцыйная манархія Фрэдэрык Х Мэтэ Фрэдэрыксэн | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
131-е месца ў сьвеце 43 094 км² 1,6 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2014) • шчыльнасьць |
113-е месца ў сьвеце 5 627 235[1] 126/км² | ||||
СУП • агульны (2005) • на душу насельніцтва |
43 месца ў сьвеце $188 мільярдаў $34 718 (6-е месца) | ||||
Валюта | Дацкая крона (DKK) | ||||
Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) CEST (UTC+2) | ||||
Незалежнасьць прыняцьце Канстытуцыі |
5 чэрвеня 1849 | ||||
Аўтамабільны знак | DK | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .dk | ||||
Тэлефонны код | +45 | ||||
1 Дэвіз каралевы: Guds hjælp, Folkets kærlighed, Danmarks styrke (па-беларуску: Божая помач, народная любоў, дацкая моц). |
Гісторыя
рэдагавацьРаньняя гісторыя
рэдагавацьЯк сьведчаць археалягічныя знаходкі, людзі стала засялілі Скандынавію не пазьней як 12 800 гадоў таму, па адыходзе апошняга ледавіка; земляробства зьявілася тут каля 3 тыс. гадоў да н. э. Прыкладна дзьвюмастамі гадамі н. э. датаваныя першыя знойдзеныя рунічныя надпісы. Целы сваіх памерлых насельнікі тагачаснай Даніі, як і многія іншыя паганцы-індаэўрапейцы, спальвалі і хавалі ў курганах — да ХІ стагодзьдзя н. э., да хрысьціянізацыі Даніі каля 980 году каралём Гаральдам Сінязубым. Цягам ХХ стагодзьдзя ў балотах Даніі (як і Англіі) неаднаразова знаходзілі «балотныя целы» — выдатна захаваныя з дахрысьціянскіх часоў у кіслым асяродзьдзі трупы людзей, забітых і кінутых (часам зь вяроўкай на шыі) у балота.
Эпоха вікінгаў
рэдагавацьШырока разрэклямаваным пэрыядам дацкай (роўна як і швэдзкай) гісторыі зьяўляецца «эпоха вікінгаў» (793—1066), падчас якой піраты са Скандынавіі рабавалі землі па ўзьбярэжжах кантынэнтальнае Эўропы, служылі наймітамі Бізантыйскіх імпэратараў, калянізавалі Ісьляндыю, Фарэрскія астравы, Грэнляндыю й усходняе ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі, а дацкія каралі некаторы час кіравалі Англіяй. Канец гэтае эпохі звычайна датуецца годам нарманскай заваёвы Ангельшчыны; аб’ектыўнымі прычынамі заняпаду сталі вайсковае й сацыяльнае разьвіцьцё фэадальнага грамадзтва ў Эўропе, а таксама няўхільнае пагаршэньне клімату ў Паўночнае Атлянтыцы, асабліва ад ХІІІ стагодзьдзя — наступ Малога ледавіковага пэрыяду.
Сярэднявечча
рэдагавацьУ час Сярэднявечча пэрыяды грамадзянскіх войнаў чаргаваліся з пэрыядамі цэнтралізацыі ўлады, падвышэньня падаткаў і дзяржаўнага будаўніцтва; вяліся войны — пераважна зь нямецкімі княствамі на поўдні й суседняй Швэцыяй. Вальдэмар Вялікі (1131—1182), чарговы «моцны» кароль, пабудаваў замак у вёсцы Havn, адкуль і пачаўся цяперашні Капэнгаген — København — і зьдзейсьніў некалькі «крыжовых паходаў» дзеля падпарадкаваньня зямель сучаснай Эстоніі (распаўсюджаная легенда аб паходжаньні дацкага сьцяга, Данеброгу, сьцьвярджае, што ён нібыта ўпаў зь нябёсаў у 1219 годзе ў пераломны момант адной з сутычак у Эстоніі). З 1397 па 1521 гады Данія, Нарвэгія і Швэцыя (а таксама сёньняшняя Фінляндыя, Ісьляндыя, Фарэрскія астравы й Грэнляндыя) былі аб’яднаныя уніяй (вядомай як Кальмарская унія) і фактычна знаходзіліся пад уладай дацкіх манархаў.
Новы час
рэдагавацьРэфармацыя пачалася ў Даніі ў 1536 годзе, і хутка Лютэранская царква стала афіцыйнай дзяржаўнай царквой Даніі; па канфіскацыі зямель, што належалі Рымска-каталіцкай царкве, даходы караля ўзрасьлі ўтрая. Як апірышча пратэстанцтву, Данія была ўцягнутая ў Трыццацігадовую вайну і ў выніку паразы (1658) згубіла, у прыватнасьці, свае найбагацейшыя правінцыі на поўдні сучаснай Швэцыі, у Сканіі — гістарычна дацкія землі. Першай дацкай «далёкай» калёніяй было невялічкае паселішча й форт Транкебар на паўднёвым узьбярэжжы Індыі (ад 1620 году; у 1845 годзе прададзены Вялікабрытаніі). Данія пабудавала таксама чатыры замкі на заходнім узьбярэжжы Афрыкі (у адным з тых замкаў, захаваным да сёньня, месьціцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Ганы) і калянізавала некалькі астравоў у Карыбскім моры. Прыгоннае права ў Даніі праіснавала з 1733 па 1788 гады й было скасаванае на просьбы шырокіх буржуазных мас. Падчас Напалеонаўскіх войнаў Данія ўзяла бок Францыі й у выніку ў 1814 годзе страціла Нарвэгію.
Найноўшы час
рэдагавацьУ неспакойны для Эўропы рэвалюцыйны час кароль Фрэдэрык VII (а дацкіх каралёў ад пачатку ХVІ стагодзьдзя называюць па чарзе толькі Хрысьціянамі й Фрэдэрыкамі) падпісаў 5 чэрвеня 1849 году Канстытуцыю й ператварыў Данію зь абсалютысцкай у канстытуцыйную манархію. Апошняя тэрытарыяльная страта — зямля Шлезьвіг-Гальштайн у выніку вайны з Прусіяй — адбылася ў 1864 годзе. Падчас першай сусьветнай вайны Данія трымалася нэўтралітэту й цалкам захавала свае людзкія й матэрыяльныя рэсурсы; больш за тое, ёй прапанавана было вярнуць Шлезьвіг-Гальштайн, але кіраўніцтва краіны ініцыявала рэфэрэндум сярод жыхароў аспрэчанай правінцыі, паводле вынікаў якога ў 1920 годзе ад Нямеччыны да Даніі адышоў толькі паўночны Шлезьвіг. У 1940 годзе амаль без супраціву здалася Нямеччыне й карысталася, прынамсі да 1943 году, значнай самастойнасьцю ва ўнутранай палітыцы. Вызваленая амэрыканскімі войскамі 5 траўня 1945 году; пасьля вайны адмовілася ад палітыкі нэўтралітэту й уступіла ў НАТО. Зьяўляецца, поруч зь Беларусьсю, краінай-заснавальніцай ААН, уваходзіць у Эўразьвяз (хоць і адмовілася на рэфэрэндуме ў 2000 годзе ад уводу эўра), ратыфікавала Шэнгенскія пагадненьні.
Краіна
рэдагавацьГеаграфія
рэдагавацьПрыблізныя каардынаты Даніі 56°00 N, 10°00 E. Агульная плошча (без уліку Фарэрскіх астравоў і Грэнляндыі) 43 094 км²; азёры займаюць прыблізна 700 км². Найвышэйшы пункт 171 м (ненаселенае месца Møllehøj), найніжэйшы — 7 м ніжэй за ўзровень мора (Lammefjord). Па сушы мяжуе зь Нямеччынай, даўжыня мяжы 68 км; даўжыня берагавой лініі — 7314 км. Клімат марскі ўмераны (Cfb, паводле клясыфікацыі Кёпэна), пад уплывам цёплае плыні Гальфстрыму. У структуры землекарыстаньня ральля займае 54%, лясы 13% (зь іх 72% знаходзяцца ў прыватнае ўласнасьці). Да 1 студзеня 2007 году адміністрацыйна падзялался на 13 абласьцей (amter, адз. лік.: amt) і 271 раёнаў (kommuner, адз.л ік: kommune); па рэформе іх колькасьць была скарочаная да пяцёх і 98-мі. Найбуйнейшыя гарады — сталіца Капэнгаген (насельніцтва 501 664 чалавекі на 1 студзеня 2004[2]), а таксама Оргус (Århus, 228 547 чалавек), Ольбарг (Aalborg, 121 549 чалавек) і Одэнсэ (Odense, 145 554 чалавекі).
Палітыка
рэдагавацьДанія — парлямэнцкая прадстаўнічая дэмакратычная канстытуцыйная манархія з 1849 году, найстарэйшая манархія ў Эўропе з амаль неразрыўнай лініяй спадкаемства: першыя каралі Даніі, вядомыя з Х стагодзьдзя — продкі цяперашняй каралевы Маргрэт II (Margrethe Alexandrine Þórhildur Ingrid). Заканадаўчую ўладу мае аднапалатны (дзьвюхпалатны да рэфэрэндуму 1953 году) прадстаўнічы орган — Folketing, у якім 179 дэпутацкіх месцаў. Каралева прызначае прэм’ер-міністра (звычайна старшыню партыі, якая набрала на выбарах больш за ўсіх галасоў) і кабінэт міністраў; парлямэнт можа выказаць недавер і распусьціць кабінэт. Парлямэнцкія выбары адбываюцца раз на чатыры гады па прапарцыйнай сыстэме зь нізкім парогам у 2%, што спрыяе шматпартыйнасьці: так, па выніках выбараў 2005 году, у парлямэнце былі прадстаўленыя 7 партыяў. Ад 2001 да 2009 году парлямэнцкую большасьць складала лібэральна-кансэрватыўная кааліцыя на чале з прэм’ер-міністрам Андэрсам Фогам Расмусэнам, старшынём «Левай партыі» (Venstre[3] — у дацкай палітычнай сыстэме тэрмін «левыя» азначае не сацыялістаў, а лібэралаў). Ад 2009 году да 2011 году і ад 2015 да 2019 году прэм’ер-міністрам краіны быў Лярс Лёке Расмусэн (лібэральна-кансэрватыўная партыя Вэнстрэ)[4]. Ад 2011 да 2015 году прэм’ер-міністрам была Гэле Торнінг-Шміт (Сацыяльна-дэмакратычная партыя Даніі)[5]. Судзьдзі прызначаюцца дзейсным манархам і не падуладныя парлямэнту ці ўраду; пазбаўленым ад пасады судзьдзя можа быць толькі ў выключных выпадках па рашэньні адмысловага пабочнага суду.
Эканоміка
рэдагавацьСукупны ўнутраны прадукт (СУП) Даніі паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці ў 2005 годзе склаў $187,721 млрд, або 0,315% сусьветнай эканомікі[6]. Данія — самадастатковая краіна ў сэнсе забясьпечанасьці энэрганосьбітамі (нафта, газ, вецер) і сельскагаспадарчай прадукцыяй (зерне, бульба, прадукты жывёлагадоўлі). Найбуйнейшыя гандлёвыя партнэры — Нямеччына (18,7% экспарту, 23,1% імпарту), Швэцыя (адпаведна 12,6% і 13%) і Вялікабрытанія (8,5% і 7%). Цягам другой паловы ХХ стагодзьдзя структура дацкай эканомікі заўважна зьмянілася: з аграрна-індустрыяльнай краіны Данія зрабілася краінай постіндустрыяльнай, з выразным дамінаваньнем сфэры паслуг (75,9% СУП і 79% працоўных месцаў) і значнай перавагай індустрыяльнай вытворчасьці (22,1% СУП, 17% занятых — у 1960 годзе было 40%) над сельскай і рыбнай гаспадаркай (2% СУП, 4% занятых — у 1960 годзе было 20%). У сярэднім на адно прадпрыемства прыпадае 10 працоўных месцаў. Гадавы прырост СУП у складаў 1,3% (2001), 0,5% (2002) 0,7% (2003), 2,4% (2004) і 2,2% (2005); беспрацоўе ў той жа час вагалася паміж 5—6%. Традыцыйна высокія выдаткі дзяржавы на сацыяльнае забесьпячэньне (бясплатная адукацыя, часткова бясплатная мэдыцына, вялікія выплаты беспрацоўным і пэнсіі) адбіваюцца на працоўных Даніі ў выглядзе высокіх падаходных падаткаў (ад 9—44% для звыш-бедных і бедных гаспадарак, і да 44—62% для сярэдняй клясы) і на ўсіх грамадзянах, вымушаных плаціць 25% ПДВ нават пры пакупках ежы.
Транспарт
рэдагавацьНа 1 студзеня 2004 году[2] даўжыня аўтамабільных дарог Даніі складала 72 075 км, зь іх 1027 км хуткасных магістраляў. Узровень аўтамабілізацыі насельніцтва — 659 машын на тысячу сем’яў. Сярэдні расход паліва для зарэгістраваных у 2004 годзе машын з бэнзінавымі й дызэльнымі рухавікамі склаў 6½ літраў на 100 км, ці на літар менш чым у 1998. Большасьць пасажырскіх перавозак у Даніі — 77% — зьдзяйсьняецца аўтамабілямі, 12% аўтобусамі й 7% чыгункай; вага вэляперавозак няўхільна зьмяншаецца: за 2002 год сярэдні датчанін накатаў на ровары 435 км. Даўжыня чыгуначнага палатна — 2785 км, або 64 км на 1 тыс. км² тэрыторыі (2004); амаль чвэрць дарог электрыфікаваныя. У 2002—2003 гадах у Капэнгагене адкрытыя дзьве лініямі мэтро[7] агульнай працягласьцю ў 17 км; вагончыкі італьянскай вытворчасьці (па тры на састаў) рухаюцца без кіроўцы зь сярэдняй хуткасьцю 40 км/г, выяжджаючы па-за цэнтрам гораду на паверхню. Рэгулярныя пасажырскія авіярэйсы ў Даніі прымаюць 10 аэрапортаў, прычым на капенгагенскі[8] прыпадае 84% авіяперавозак. Дацкі гандлёвы флёт налічвае каля 450 караблёў і зьяўляецца 16-м у сьвеце і 6-м у Эўразьвязе.
Народ
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагавацьНасельніцтва Даніі, па зьвестках на 1 студзеня 2005 году, складала 5 411 405 чалавек[2]. Меркаваная працягласьць жыцьця — 74,9 году для мужчын і 79,5 году для жанчын; найчасьцейшыя прычыны сьмерцяў — рак і сардэчныя хваробы. Сярэдні век датчан складае амаль 40 гадоў (39,6 на 1 студзеня 2005) і працягвае ўзрастаць. Сярэдні рост — 180,9 см, і таксама мае тэндэнцыю да павялічэньня. Паказьнік пладавітасьці (колькасьць дзяцей, народжаных у сярэднім адной жанчынай) роўны 1,7 і зьяўляецца адносна высокім для Эўропы — хоць для простага ўзнаўленьня папуляцыі ён павінны быць не ніжэйшым за 2,1. Працягвае павялічвацца век, у каторым жанчыны нараджаюць першае дзіця: у 2003 годзе ён складаў у сярэднім 30,1 году. Скарачаецца колькасьць шлюбаў: у 2005 годзе толькі 45% жанчын а трыццаці год былі пабраныя, тады як у 1970 годзе такіх было 88%. За той жа час сярэдні шлюбны век жанчын узрос з 22,8 да 30,5 году, і мужчын з 25,1 да 32,9 году. Больш за траціну дарослых увогуле жывуць асобна. Цягам 2003 году было зьдзейсьнена 15 567 абортаў (12,5 на тысячу жанчын). Дзяцей часьцей называюць Jens, Peter, Lars (хлопчыкаў) або Kirsten, Mathilde, Anne (дзяўчынак); найбольш распаўсюджанае прозьвішча — Jensen, што значыць Янаў сын (56 на тысячу). Важнай крыніцай павялічэньня насельніцтва Даніі застаецца іміграцыя: колькасьць імігрантаў складае 452 095 чалавек, альбо 8% усяе папуляцыі. Палова зь іх эўрапейскага паходжаньня (Нарвэгія, Швэцыя, Нямеччына, б. Югаславія, Польшча), хоць краінай-лідэрам па пастаўках мігрантаў у Данію застаецца Турэччына.
Рэлігія й свабоды
рэдагавацьАфіцыйная рэлігія ў Даніі — эвангелічнае лютэранства: Эвангелічная лютэранская царква Даніі, Folkekirken, ахоплівае 84,7% насельніцтва[9]. Царкоўны падатак складае ад 0,42% да 1,51% з чалавека ў залежнасьці ад месца жыхарства і даходу. Паводле арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», па паказальніку свабоды друку ў 2005 годзе знаходзілася на першым месцы з 167 краінаў[10]. Прычым свабодны ў Даніі ня толькі друк: можна свабодна, напрыклад, вывешваць над ратушнай плошчай вясёлкавыя палатніны ды ладзіць адпаведныя шэсьці[11]; аднаполыя «шлюбы» ўзаконеныя пад назвай «зарэгістраваных партнэрстваў». У 2004 годзе сярэдні датчанін штодзень праводзіў ля тэлевізара 2 гадзіны 44 хвіліны. Найбольш папулярнымі кінафільмамі за 1976—2004 гады ў Даніі аказаліся «Titanic» і «The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring» — адпаведна 1,36 і 1,33 млн прададзеных квіткоў[2].
Адукацыя й навука
рэдагавацьБазавая дзевяцігадовая адукацыя зьяўляецца ў Даніі абавязковай для кожнага дзіцяці ад 7 гадоў. Найбольш распаўсюджаная форма атрыманьня такой адукацыі — гэта наведваньне мясцовай «народнай школы» (Folkeskole, ахоплівае каля 88% дзяцей) або прыватнай школы з 1-й па 9-ю ці, пры жаданьні, 10-ю клясу. Як школьную, гэтак і вышэйшую адукацыю грамадзяне краіны могуць атрымаць бясплатна. Статус вышэйшых у 2003 годзе мелі 162 навучальныя ўстановы, зь іх 6 унівэрсытэтаў або ўнівэрсытэцкіх цэнтраў, у каторых навучаліся 78 993 студэнты[2]. Сярод 25—64-гадовых датчан 28% мелі ў 2002 годзе вышэйшую адукацыю; меркаваная сярэдняя працягласьць адукацыі дзяцей, толькі пайшоўшых у школу, ацэньваецца ў 16,1 году. У Даніі налічваецца амаль 5 тысячаў асьпірантаў. Па зьвестках арганізацыі ISI Web of Knowledge[12], 51 159 навуковых артыкулаў, прынамсі адзін з аўтараў, якіх мае дацкі адрас, за 2001 — пачатак 2006 году было ўнесена ў каталёг Science Citation Index Expanded. На навуковыя дасьледаваньні й распрацоўкі ў 2003 годзе было выдаткавана 2,63% СУП, прычым прыватныя выдаткі складалі 1,83% СУП, г. зн. больш за дзьве траціны ад усяе сумы.
Асобы й брэнды
рэдагавацьУ экспартным варыянце культурнага пантэону Даніі дамінуюць тры постаці: гэта казачнік Ганс Крыстыян Андэрсэн, філёзаф Сёрэн К’еркегор ды фізык габрэйскага паходжаньня Нільс Бор. Таксама вядомыя астраном Тыха Брагэ (1546—1601), чые запісы назіраньняў плянэтных рухаў ляглі ў падмурак кеплеравых законаў нябеснай мэханікі; астраном Оле Рэмэр (1644—1710), які ўпершыню вылічыў хуткасьць сьвятла; фізык Ганс Эрстэд (1777—1851), які назіраў сувязь паміж пераменным токам і магнітным полем; рэжысэа Лярс фон Трыер. З Даніі ў 1949 годзе пачалі сваё пераможнае шэсьце па сьвеце дзіцячыя кубікі LEGO[13] (па-дацку: leg godt — «гуляй добра»), вытворчасьць якіх сёньня дасягае 600 штук штосэкунду. Дацкаму бровару належаць піўныя брэнды «Carlsberg» і «Tuborg»[14]. Але ўсё ж, мабыць, найбольш вядомая дацкая фігура — прыдуманы ангельскім драматургам Шэксьпірам Гамлет, прынц дацкі, які жыў, паводле п’есы, у рэальным замку Кронбарг на поўначы ад Капэнгагену.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Афіцыйная ацэнка Danmarks Statistik
- ^ а б в г д http://www.dst.dk/HomeUK/Statistics/ofs/Publications/Yearbook/2005.aspx
- ^ http://venstre.dk
- ^ Lars Løkke Rasmussen (анг.). The Danish Parliament. Праверана 13 лістапада 2020 г.
- ^ Jeff Wallenfeldt (December 10, 2019) Helle Thorning-Schmidt. Encyclopædia Britannica. Праверана 13 лістапада 2020 г.
- ^ Report for Denmark (анг.) WORLD ECONOMIC OUTLOOK Database, September 2005. Міжнародны Валютны Фонд. Архіўная копія ад 20 жніўня 2014 г.
- ^ http://www.m.dk
- ^ https://web.archive.org/web/20020802091433/http://www.kastrup.dk/
- ^ https://web.archive.org/web/20070629193731/http://www.interchurch.dk/mkreng/council.php?key=297
- ^ https://web.archive.org/web/20051225130310/http://www.rsf.org/rubrique.php3?id_rubrique=554
- ^ http://copenhagenpride.dk
- ^ https://web.archive.org/web/20070202024235/http://www.thomsonisi.com/
- ^ http://www.lego.com
- ^ http://carlsberg.com